Фокусы на рынку, або Як каніна "ператвараецца" ў ялавічыну за 10 хвілін
Карэспандэнты Еўрарадыё паспрабавалі набыць каніну і ялавічыну на адным і тым жа прылаўку.
На “Камароўку” выпраўляемся групай. Паводле легенды, адзін з нас шукае каніну (маці папрасіла набыць для вырабу пальцам пханых каўбас). Іншы ідзе следам і ў тых самых месцах, у тых жа прадавачак спрабуе набыць ялавічыну.
Дзіва, але каніна знаходзіцца за некалькі секунд. “Бярыце, не пашкадуеце. Па 100 тысяч рублёў больш на рынку нідзе няма, толькі ў нас. Набывайце, набывайце”, — пераконвае прадавачка, паказваючы на вялікія чырвоныя кавалкі мяса, раскладзеныя ў лядоўні. Яны адрозніваюцца колерам ад іншага мяса — чырвоны больш насычаны. Аднак на лядоўні заўважаю вялікую шыльду “Маладая ялавічына”. Пра каніну няма ні слова. Іду далей.
За пяць наступных хвілін каніна знаходзіцца яшчэ ў двух месцах рынку. Асабліва за мяне (відаць, рэдкага на “Камароўцы” пакупніка гэтага гатунку мяса) чапляецца прадавачка з апошняга. Не толькі дастае з лядоўні буйныя кавалкі “каніны”, але нават распытвае, навошта мне яна. Пачуўшы легенду пра пальцам пханую каўбасу паказвае на дробныя кавалкі і заяўляе, што “аддасць за 75”. Да слова, буйныя кавалкі каніны, пазначаныя, як "крыж", мне тут гатовыя прадаць за 95 тысяч. Хоць і тут на цыдулках бачу толькі “ялавічына” ды “цяляціна”. Пра каніну ніводнага слова.
Аднак самае цікавае пачынаецца, калі да гэтай жа прадавачкі праз некалькі хвілін падыходзіць калега. І просіць прадаць яму не каніну, а ялавічыну.
Пытаецца пра той жа кавалак мяса, які падпісаны "крыж":
— Скажыце, а вось гэты "крыж" з ялавічыны ў вас?
— Так, - адказвае прадавачка.
— А гэта таксама ўсё ялавічына?
— Так. Можна лапатку трохі танней. Па 80 гэтыя невялікія кавалкі.
Прадавачка паказвае ты я ж самыя вялікія і маленькія кавалкі, якія раней называла канінай. Цяпер гэта — ялавічына. Прычым, кажа, што і ўсё астатняе мяса ў лядоўні — ялавічына.
З “Камароўкі” сыходзім з поўнай упэўненасцю, што змаглі б тут набыць не толькі каніну з ялавічынай, але таксама і сланіну, кенгураціну і нават мяса насарога. Галоўнае заплаціць.