Фільм пра тэракт — з памылкамі! (відэа памылак)

Еўрарадыё знайшло нестыкоўкі нават у фільме беларускага тэлебачання пра тэрарыстаў у гадавіну тэракта.

На пачатку фільма ў кадры — чалавек з сумкай, які прыехаў у Мінск. Нібыта ён ідзе ў метро на разведку. У кадры выдзелены хлопец у чорным і чорных ботах. У наступным кадры мы бачым нібыта таго самага чалавека ў чорным, які спускаецца па лесвіцы, і на ім... белыя красоўкі.

Вось голас за кадрам распавядае пра раннія злачынствы Канавалава і Кавалёва ў Віцебску: "Успыхваюць два кіёскі, — кажа голас за кадрам. — Адзін выгарае ўшчэнт".


Так, у матэрыялах справы ідзе гаворка пра два кіёскі. Але ўспыхвае толькі адзін, датла не выгарае, гарыць дах. З-за гэтага драўляны кіёск прыходзіць у непрыгоднасць і яго замяняюць. Іншы кіёск увогуле не гарэў, па гэтым эпізодзе суд апраўдаў Канавалава.

Вось на відэа намеснік начальніка следчага ўпраўлення Генпракуратуры Максім Варонін распавядае, што "Кавалёў электрык, спецыяліст у гэтым. І неабходна было гэтую сістэму падключыць. Калі Кавалёў даваў паказанні, ён распавядаў настолькі дакладна, настолькі выдаваў такія тонкасці гэтай сістэмы электрычнага ланцугу. Гэта не мог сказаць чалавек, які назіраў збоку".

Але далей бачым кадры допыту Кавалёва ў пацверджанне гэтых словаў. Кавалёў кажа: "Ён (Канавалаў) выцягнуў, дастаў перадатчык, ну, сказаў, што гэта для таго, каб запусціць бомбу ў дзеянне, вот. Націснуў пару раз, я таксама ўзяў... у руках... Ну і ўсё, аддаў яму назад...". Здаецца, з гэтых слоў пра веданне тонкасці сістэмы электрычнага ланцугу зразумець складана.

У фільме сцвярджаецца, што Канавалаў часта гаворыць пра самагубства. Голас за кадрам: "На судзе 10 сведкаў, у тым ліку родная маці, бацька і брат, падрабязна апісваюць тры спробы суіцыду". Але на судзе ўсе трое адмаўляюцца сведчыць. Акрамя гэтай адмовы не гавораць ні слова! Еўрарадыё мае гэты аўдыёзапіс:

backi-kanavalava.mp3

"На наступны дзень пасля тэракта скончылася спіртное, і Канавалаў упершыню пасля тэракту пакідае кватэру, — гаворыць голас за кадрам, — Ён ідзе ў краму". Пры гэтым у кадры паказваюць адрас: “Заслаўская 12”. Еўрарадыё тэлефануе ў даведку і аказваецца, што па гэтым адрасе няма крамы. Больш за тое, гэта ў 1,5 кіламетрах ад месца, дзе жыў Канавалаў.

Насупраць на Заслаўскай 23 корпус 1 ёсць універсам Юбілейны-92. Калі Канавалаў пайшоў туды, то па дарозе ён прайшоў некалькі крамаў – побач з метро Фрунзенская, адна на Кальварыйскай і з іншага боку на Раманаўскай Слабадзе, ніжэй па Раманаўскай Слабадзе — крама "Рублёўскі". Дзіўным падаецца, што Канавалаў пайшоў так далёка...

Але Еўрарадыё ўзгадала, што ў 2007 годзе Канавалаў здымаў кватэру зусім побач, на Заслаўскай. Таму, відаць, і пайшоў у краму, якую ведаў. Але ж адрас не Заслаўская 12, як паказалі ў фільме пра тэрарыстаў.

Гэтаксама на судзе і падчас следства ўзнікалі нестыкоўкі, да якіх застаюцца пытанні на сённяшні дзень.

Відэа: video.ej.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі