Чаму маці Канавалава не выступіла ў судзе?

На судзе ўпершыню з'явіліся бацькі галоўнага абвінавачанага ў тэрарызме Дзмітрыя Канавалава. Яны прабылі там па адной хвіліне кожны.


Першага ў залу суда выклікалі брата Канавалава, які адразу ж адмовіўся даваць паказанні.


— Канавалаў вам кім з'яўляецца?

— Братам.

— Суд тлумачыць вам, што вы можаце адмовіцца ад сведчанняў супраць блізкага сваяка, якім вам з'яўляецца Канавалаў Дзмітрый. Вы згодныя даваць сведчанні?

— Я адмаўляюся.


Малады чалавек хутка сыходзіць з актавай залы, амаль не глядзіць у бок клеткі з падсуднымі.


Можна было падумаць, што бацькі Канавалава не прысутнічалі на судзе, каб пазней даць паказанні. Любоў Іванаўна — маці іншага абвінавачанага Уладзіслава Кавалёва — бывае на судзе амаль штодзень і, як прызналася Еўрарадыё, быць сведкам ужо не можа. Але бацькі Канавалава адмовіліся адказваць на пытанні і на судзе не затрымаліся.


У суд выклікаюць бацьку — Генадзя Канавалава. Сівы мужчына няспешна падыходзіць да кафедры. Суддзя Федарцоў таксама нагадвае яму, што той мае права адмовіцца даваць паказанні.


Бацька асноўнага абвінавачанага ў тэрарызме гэтым правам таксама скарыстаўся. І таксама не застаўся назіраць за працэсам, а павольна пайшоў па лесвіцы ўверх. За гэтыя кароткія паўхвіліны тры разы ненадоўга азірнуўся, каб глянуць у бок сцэны, дзе ў клетцы сядзіць яго сын, якому пагражае смяротная кара.


"Дзе ў нас лекар у зале? Падыдзіце бліжэй", — папрасіў суддзя Федарцоў перад выклікам у якасці сведкі маці Дзмітрыя Канавалава Людмілы.


Жанчына з сумкай і пакетам відавочна хвалявалася, у бок клеткі старалася не глядзець, сам Канавалаў не выдаваў эмоцый. Спадылба пазіраў на маці. Тая, ледзь стрымліваючыся, адмовілася даваць паказанні і таксама хутка сышла.


І адразу пачаўся перапынак. Але бацькоў Дзмітрыя ў калідоры ўжо не было.


Ад Дома правасуддзя іх вывезлі на двух аўтамабілях з танаваным шклом, якія ледзь паспеў сфатаграфаваць на тэлефон карэспандэнт Еўрарадыё.


Як даведалася Еўрарадыё, падчас следства маці Кавалёва спрабавала размаўляць з Людмілай Канавалавай, але тая казала, што муж забараняе ісці на кантакт. Яна распавяла толькі, што не атрымала ніводнага ліста ад Дзмітрыя, і ніводнага спаткання ім не дазволілі. Пасылкі яму адпраўляе, але не ведае, ці даходзяць яны. Тады яна сказала, што не верыць у вінаватасць сына.


Маці Уладзіслава Кавалёва прызналася Еўрарадыё, што спрабавала паразмаўляць з бацькам Канавалава, каб перадаць Дзмітрыю цёплыя рэчы. Той нават на парог яе не пусціў і адмовіўся ад прапанаванай дапамогі.


"Я набрала кватэру, спусціўся бацька. Я сказала, што ў зале вельмі халодна. Ці не перадавалі вы Дзіму цёплыя рэчы? Тое, што я збіраюся ў сераду 19-га Уладу перадаць цёплыя рэчы. На што ён адказаў, нібыта чужым не дадуць, таму што ён прасіў следчага, нібыта следчы перадаваў, але ў яго не ўзялі. Я спытала: няўжо вам не цікавыя вынікі экспертыз?  На што ён адказаў: "А што гэта зменіць?"


Бацькі Канавалава і да гэтага паводзілі сябе вельмі дзіўна. Не шлі на кантакт ні з кім. Калі Дзмітрыя арыштавалі, Людміла Канавалава злегла на месяц у бальніцу з сэрцам, а мужа і брата трымалі ў Мінску.


На віцебскую кватэру Канавалавых паставілі сігналізацыю. Суседзі гавораць, што ўвесь час іх нехта суправаджае і ахоўвае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі