“Еўраньюс” па-беларуску! Гэтую ідэю пачалі разглядаць у Еўракамісіі

На семінары для журналістаў з краін “Усходняга партнёрства” (ён праходзіў 6-7 чэрвеня ў Брусэлі) выступалі чыноўнікі розных узроўняў з Еўрапарламенту і Еўракамісіі. 

З "перакананняў прыстойнасці" на падобных сустрэчах гасцей просяць выказаць свае ідэі па ўдасканальванню супрацы паміж прэсай і еўрачыноўнікамі. Журналісты з краін “Усходняга партнёрства” збольшага скардзіліся на парушэнні правоў чалавека, нізкую аплату працы і г. д.

Беларускі жуналіст Мікола Дзябёла вырашыў скарыстацца магчымасцю і нечакана прапанаваў Алайну Дзюморту, старшыні медыйнай сеткі Еўрапейскай камісіі, арганізаваць трансляцыі знакамітага тэлеканала “Еўраньюс” па-беларуску. Канал у дадзены момант шукае нават арабамоўных журналістаў, а вось родную мову беларусаў, якія жывуць у самым сэрцы Еўропы, на “Еўраньюс” не пачуеш. 

Еўрачыноўніка ідэя расхвалявала. Алайн Дзюморт мае пэўны ўплыў на кіраўніцтва знакамітага тэлеканала. Ён не проста ухваліў беларусізацыю канала "дзяжурнымі фразамі", але і сам пасля свайго выступу падышоў да беларускай дэлегацыі, каб абмеркаваць ідэю. Пасля прызначыў сваіх адказных памочнікаў, каб тыя трымалі пытанне пад кантролем. Цяпер у Еўракамісіі ад Міколы Дзябёлы чакаюць праекту аб беларусізацыі тэлеканала “Еўраньюс”.
120607 Dziabiola.mp3
“Па-першае, гэта палепшыць імідж беларускай мовы, таму што такі аўтарытэтны канал, як “Еўраньюс”, калі ён будзе трансляваць усё па-беларуску, аўтаматычна будзе рабіць нашу мову больш уплывовай, — матывуе Мікола Дзябёла.— Я лічу, калі гэты канал будзе транслявацца па-беларуску, то і навінаў пра нашу краіну будзе больш. Зараз сюжэтаў пра Беларусь няшмат, хоць падзеяў, вартых увагі ўсёй Еўропы, дастаткова. З гэтай прычыны я і паспрабаваў падаць ідэю спадару Дзюморту”.

“Еўраньюс” з’яўляецца папулярным і салідным агульнаеўрапейскім каналам. Штаб-кватэра яго знаходзіцца ў французскім Ліёне. У 2005-ым годзе гучалі заклікі ўвесці беларускамоўную і ўкраінамоўную трансляцыю на “Еўраньюс”. Ідэю лабіявалі польскія і літоўскія дэпутаты Еўрапарламента. Для Украіны ідэя спрацавала, а “беларусізацыю” канала тады так і не давялі да канца.

Нагадаем, з 1 студзеня ў нашай краіне спынілася вяшчанне канала, але нядаўна "Еўраньюс" вярнулі — вяшчанне аднавілася з 1 чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі