Чаму Лукашэнка не павіншаваў Абаму з пераабраннем?

Барак Абама пераабраны прэзідэнтам ЗША на наступныя 4 гады. Эксперты мяркуюць, што палітыка Злучаных Штатаў у дачыненні да Беларусі не зменіцца.

І прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, і прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч ужо паспелі павіншаваць Барака Абаму. А вось беларускі лідар маўчыць. Кіраўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі Павел Лёгкі раіць не спяшацца з высновамі. І звяртае ўвагу Еўрарадыё на тое, што ў 2008 годзе Лукашэнка павіншаваў Абаму з перамогай на выбарах. А вось прэзідэнт ЗША ў 2010-м не пажадаў віншаваць з пераабраннем Аляксандра Лукашэнку.

Павел Лёгкі: “Кіраўнік Белага дома ўстрымаўся ад віншаванняў. А ў дыпламатыі ёсць прынцып узаемнасці. Ён мае на ўвазе адпаведную рэакцыю”.

Сказаць, што Аляксандр Лукашэнка цалкам праігнараваў прэзідэнцкія выбары ў ЗША, нельга. 6 лістапада ён патлумачыў журналістам, чаму, у адрозненне ад Абамы, не ходзіць галасаваць датэрмінова. Таксама Лукашэнка параўнаў Злучаныя Штаты з бульдозерам — за інэртнасць у знешняй палітыцы.

З паведамленняў на сайце дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА вынікае, што апошнім з калегаў Аляксандр Лукашэнка віншаваў з перамогай на выбарах свайго сябра, прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. Гэта адбылося 8 кастрычніка, роўна месяц таму.

“Я прысвячаю гэтую перамогу табе і нашаму беларускаму народу!” — адказаў на віншаванне расчулены Чавес.

Што да “еўрапейскага вектара”, дык апошнім Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з абраннем Франсуа Аланда. Выбары ў Францыі той выйграў яшчэ пры пачатку траўня.

“Упэўнены, што канструктыўны дыялог і актывізацыя двухбаковых сувязяў будуць спрыяць больш поўнай рэалізацыі патэнцыялу беларуска-французскіх стасункаў і паглыбленню ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах на карысць грамадзян нашых краінаў”, — паведамляецца ў тым віншаванні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі