Абаму на выбарчую кампанію перавялі $931 млн, Лукашэнку ― 127 млн... рублёў

6 лістапада ў ЗША адбываюцца выбары прэзідэнта. Дэмакрат і дзеючы кіраўнік краіны Барак Абама супрацьстаіць рэспубліканцу Міту Ромні. Кандыдаты, як ніколі, сімвалізуюць два накірункі палітыкі ЗША: больш стрыманы і больш агрэсіўны.

Кампанія Абамы доўжыцца 7 месяцаў. Кампанія кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі ― менш за месяц

І для дэмакратаў, і для рэспубліканцаў выбарчая кампанія пачынаецца з праймерыз ― унутраных выбараў самага вартага кандыдата ад партыі. Барак Абама абвяшчае, што будзе паўторна ўдзельнічаць у выбарах, 4 красавіка 2011 года. Ад гэтага часу ён успрымаецца як кандыдат у прэзідэнты, але афіцыйна набывае гэты статус толькі праз год, 3 красавіка 2012 года. У гэты дзень ён выйграе праймерыз у штаце Мэрылэнд і акрузе Калумбія. На агітацыю ў яго застаецца 7 месяцаў.

Паколькі было зразумела, што ад дэмакратычнай партыі ў прэзідэнты будзе балатавацца менавіта Абама, на праймерыз яму ніхто не супрацьстаіць. Яго сапернік Міт Ромні абвяшчае пра намер балатавацца ў прэзідэнты 2 чэрвеня 2011 года. Але перад тым як стаць цэнтральным кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі, ён праходзіць шчыльнае сіта з іншых прэтэндэнтаў. У выбарчую кампанію ён уключаецца на два месяцы пазней за Абаму, 29 траўня 2012 года, калі выйграе праймерыз у штаце Тэхас.

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі пачынаецца… за 35 дзён і заканчваецца за 25 дзён да выбараў! У 2010 годзе гэта было з 14 па 23 лістапада. Пасведчанні кандыдатам выдаюцца ў двухдзённы тэрмін пасля рэгістрацыі. Во наагітуешся за 25 дзён!

Абама: $934 млн, Ромні: $881,8 млн. Лукашэнка: 127,7 млн, Някляеў: 103,2 млн

Падлічана, што са студзеня 2011 года Барак Абама сабраў на сваю прэзідэнцкую кампанію больш за 930 мільёнаў долараў. Гэта не рэкорд: 4 гады таму той жа Абама на ўдзел у выбарах сабраў больш за 1 мільярд долараў. Ромні адстае на нейкіх там 50 мільёнаў.

Яшчэ табліца: ахвяраванні на карысць Абамы і Ромні за 2 гады па месяцах. Крыніца: The New York Times.

56% ахвяраванняў, якія прыйшлі Абаму, былі меншымі за $200. Прэзідэнт ЗША бярэ колькасцю прыхільнікаў, а яго апанент ― якасцю: 42% пераводаў, якія атрымаў Ромні, большыя за $2,5 тысяч. Гэта добра адлюстроўвае розніцу паміж рэспубліканцамі, якіх традыцыйна падтрымлівае буйны бізнес, і дэмакратамі, якія лічацца народнай партыяй.

Звернемся да беларускай статыстыкі. У 2010 годзе ў выбарчы фонд кандыдата Аляксандра Лукашэнкі прыйшло… 127,7 мільёна рублёў. Паводле тых курсаў, гэта каля 43 тысяч долараў. На другім месцы па фандрайзінгу ― Уладзімір Някляеў: яго рахунак прыхільнікі папоўнілі на 103,2 мільёна рублёў.

Крыніца: сайт Цэнтрвыбаркама.

Яшчэ па 80 мільёнаў кандыдаты атрымалі з бюджэта на тое, каб надрукаваць перадвыбарныя плакаты. Што тут скажаш… нягуста!

Які прэзідэнт ЗША больш выгадны для Беларусі?

Аналітык “Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў” (BISS) Андрэй Елісееў мяркуе, што хто б ні перамог 6 лістапада ― для адносінаў ЗША і Беларусі гэта вырашальнай ролі граць не будзе.

Андрэй Елісееў: “Звычайна рэспубліканцы праводзяць больш жорсткую замежную палітыку. Гэта так. Але і за часамі дэмакратаў асноўныя пункты замежнай палітыкі і асноўныя прэтэнзіі што да беларускіх уладаў застаюцца тымі самымі”.

Эксперт звяртае ўвагу, што за 4 гады, што прайшлі ад абрання дэмакрата Абамы, ніякага паляпшэння ў адносінах Беларусі і ЗША не наспела.

Андрэй Елісееў: “І санкцыі таксама падчас прэзідэнцтва Абамы засталіся ў дачыненні да некаторых беларускіх прадпрыемстваў. То бок, гэта прынцыпова знешнюю палітыку Злучаных Штатаў у дачыненні да Беларусі не зменіць”.

Можна спрачацца, ці не пагоршыліся б яшчэ адносіны Беларусі і ЗША, калі б на выбарах 2008 года Абаму перамог рэспубліканец Маккейн. Палітолаг Вадзім Гігін пагаджаецца, што спадзявацца на пацяпленне беларуска-амерыканскіх адносінаў не выпадае, які б вынік ні прынесла прэзідэнцкая кампанія. Але нечакана каментуе для Еўрарадыё, што сёлета Беларусі больш выгадная перамога Міта Ромні!

Вадзім Гігін: “Некаторыя лічаць яго ястрабам… Ромні заявіў, што “ворагам №1” для ЗША будзе Расія. Калі гэта так ― пагроза, якую знешнепалітычны курс Злучаных Штатаў уяўляе для Беларусі, будзе агульнай і для нас, і для Расіі, і (улічваючы рэзкія антыкітайскія выказванні Ромні) для Кітая. Гэта значыць, што нашыя сувязі з бліжэйшымі стратэгічнымі партнёрамі будуць больш шчыльнымі. Абранне Ромні спрыяла б больш хуткай інтэграцыі на постсавецкай прасторы”.

“Ромні? Ды ён выглядае як хлопец з пакунка з бялізнай, які рэкламуе майткі!”

Як толькі ні называлі Міта Ромні амерыканскія гумарысты! За час выбарчай кампаніі пра яго прыдумалі 148 анекдотаў. Пра Барака Абаму ― толькі 62. Ці то жартаваць пра дзеючага прэзідэнта боязна, ці то сапраўды Абама ― нясмешны…

Дакладна тое, што “шкадуюць” Абаму не за яго колер скуры. Якраз па гэтым амерыканскія “петрасяны” праходзяцца напоўніцу! “Абама з’яўляецца чорным толькі напалову, таму можаце спакойна жартаваць з яго белай часткі!” ― выказаўся неяк акцёр і сцэнарыст Гары Шырар.

Міту Ромні дастаецца больш жорстка. “Ды ён выглядае як хлопец з пакунка з бялізнай, які рэкламуе майткі!” ― жартуе пра яго тэлевядучы Дэвід Летарман. Не адстае гумарыст Джымі Фэлан: “Ромні хацеў разварушыць рэспубліканцаў, прызначыўшы віцэ-прэм’ерам Пола Раяна? Гэта як саладзіць аўсянку, дадаючы яшчэ аўсянкі!”

Датэрміновае галасаванне? Прыходзьце ўсе!

Барак Абама і яго жонка Мішэль прагаласавалі на выбарах датэрмінова. Для гэтага дзеючы прэзідэнт ЗША прыехаў у свой родны Чыкага. Ён стаў першым прэзідэнтам ЗША, які датэрмінова галасуе на выбарах. Больш за тое: Абама заклікае амерыканцаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі, не чакаючы дня галасавання, ці адправіць бюлетэні поштай.

Тым часам паліцыя арыштоўвае на адным з выбарчых участкаў Лас-Вегаса амерыканку Раксан Рубін. Жанчыну падазраюць у тым, што яна паспрабавала… прагаласаваць двойчы! Згодна са звесткамі амерыканскіх назіральнікаў, такі выпадак зафіксаваны ўпершыню за 15 гадоў.

Фота: censor.net.ua.

Мільярдэр Дональд Трамп, які падтрымлівае рэспубліканцаў, паабяцаў ахвяраваць на кампанію дэмакрата Барака Абамы 5 мільёнаў долараў, калі той апублікуе свае атэстаты. Што за інфармацыю хоча пабачыць там Трамп, невядома. Але Абама публікаваць атэстаты на стаў.

Дэмакраты, у сваю чаргу, папрасілі рэспубліканца Міта Ромні апублікаваць падатковыя дэкларацыі за апошнія 10 гадоў. Ромні прадставіў дэкларацыі за два апошнія гады і заявіў, што спыніцца на гэтым. Вядома, што капітал кандыдата ў прэзідэнты ЗША складае каля 200 мільёнаў долараў.

Фінансавы магнат Джордж Сорас ахвяраваў 1 мільён долараў на кампанію Барака Абамы. Раней хадзілі чуткі, што Сорас адмовіўся падтрымліваць дзеючага прэзідэнта, бо не пабачыў ніякіх гарантый таго, што грошы “акупяцца”. 4 гады таму мільярдэр ахвяраваў на кампанію Абамы $5млн. Але, кажуць, палітычных дывідэндаў так і не дачакаўся.

Фота: www.forbes.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі