Беларускі тайбаксёр у знак пратэсту адмовіўся ад медаля чэмпіянату свету

У фінальным двубоі чэмпіянату свету па тайскім боксе, што прайшоў у расійскім Санкт-Пецярбургу, суддзі спрэчна аддалі перамогу мясцоваму байцу.


Гэта рашэнне выклікала хвалю дыскусій. Паводле правілаў тайскага боксу, дзе цэняцца ўдары локцямі і клінч, на думку многіх, перамог беларус  Віталь Гуркоў. Расіянін не глядзеўся мяшком, узяў трэці раўнд і нават перабіў нашага байца нагамі, але такога для перамогі ў гэтым відзе спорту зазвычай недастаткова.    


Віталь Гуркоў, які лічыцца байцом высакародным і інтэлігентным, у знак пратэсту адмовіўся выходзіць на п’едэстал і забіраць срэбны медаль.  

Віталь Гуркоў


Я ўчора папрасіў падаць пратэст. Там лік 3:2 па судзейскіх нататках. Але там яшчэ нейкія кантрольныя нататкі. Яны таксама — у расійскі бок, — кажа трэнер Віталя Дзмітрый Пясецкі. — Карацей, аказалася, што няма прэцэдэнту, каб падаць пратэст”. 

 
Двубой Гуркоў-Магамедаў па сутнасці вырашаў барацьбу за другое месца ў камандным заліку. Першае месца заняла зборная Тайланда. У паўфінале, дарэчы, беларус сенсацыйна перамог сусветную зорку прафесійнага тайскага бокса Кема. Здавалася б, праблемаў з Магамедавым быць не можа. Але ў справу, на думку Дзмітрыя Пясецкага, умяшалася спартовая палітыка. 

Зайналабід Магамедаў


Яны ж хітра зрабілі. Там, напрыклад, адзін з бакавых суддзяў быў Балаш, — працягвае Дзмітрый Пясецкі. — Гэта венгр, і вельмі талковы суддзя. Але ён ужо тры гады жыве ў Маскве і трэніруе ў іх клубе. Зразумела, што пры такім раскладзе ён будзе аддаваць у іншы бок. Загадзя ведаючы, што можа быць роўны бой, падабралі адпаведную судзейскую брыгаду”. 

 
Апошнім часам, на думку беларускіх спецыялістаў, нашым даводзіцца змагацца не толькі з моцнымі сапернікамі, якіх няпроста накаўтаваць, але і з суддзямі. 


Так было, напрыклад, з баксёрам Сяргеем Карнеевым, якому не аддалі перамогу на Алімпіядзе ў Лондане ў супрацьстаянні з азербайджанцам. Канстанцін Маханькоў, настаўнік Карнеева, трэніраваў і тайбаксёра Віталя Гуркова, якому ставіў тэхніку рук і выводзіў на пік формы.  


Канстанцін Маханькоў: “З судзействам было не ўсё добра. Віталь выйграў бой, але аддалі ў іншы бок. Трэба было гэтага і чакаць. У Расіі з расіянінам трэба перамагаць больш відавочна. Каментатар таксама выказаўся, што перамог Гуркоў, але наракаць на судзейскае рашэнне не ўзяўся”. 

 
Еўрарадыё: Выходзіць, што такое ў супрацьстаянні з багатымі краінамі будзе працягвацца. Нашых будуць і далей засуджваць у боксе і тайскім боксе … 

 
Канстанцін Маханькоў: “Заўсёды так было, але калі цябе гэта не тычыцца, ты думаеш, што ўсё добра. Трэба пісаць пра гэта, трэба гаварыць. Тое, у што пераўтварыўся, напрыклад, алімпійскі бокс, то ўвогуле няма чаго абмяркоўваць: на Гульнях у Лондане было 24 пратэсты, і толькі два былі задаволеныя. Трэба рабіць высновы і працаваць над тактыкай. Апускаць рукі ці ісці пад краму піць піва — гэта таксама не выйсце ў такой сітуацыі”.

 
На чэмпіянаце свету ў Санкт-Пецярбургу беларусы ўсё ж здабылі тры залатыя медалі. Перамог яшчэ адзін заслужаны беларускі баец Андрэй Кулебін (67 кг), які нечакана расправіўся з топавым тайскім прафесіяналам, а таксама Дзмітрый Валент (75 кг) і Дзяніс Ганчаронак (91 кг). Калі б перамогу аддалі Гуркову, то Беларусь абышла б Расію. А так у нас трэцяе агульнакаманднае месца.

Медалі беларусаў:

Золата: 

Андрэй Кулебін (67 кг), Дзмітрый Валент (75 кг), Дзяніс Ганчаронак (91 кг)

Срэбра:


Андрэй Заяц (54 кг), Віталь Гуркоў (71 кг)

Бронза:

Аляксей Блізнёў (51 кг), Андрэй Герасімчук (86 кг), Дзмітрый Абдулін (81 кг), Арцём Аванэсаў (60 кг), Дзмітрый Варац (63,5 кг)

Залатыя медалісты Дзмітрый Валент і Андрэй Кулебін, 

фота Федэрацыі тайскага бокса і кікбоксінга Беларусі

Дзяніс Ганчаронак, які перамог у вазе 91 кг,

фота ФТБіК Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі