Карнееў: З Азербайджанам б’ешся не супраць чалавека, а супраць грошай

120806 Sviardlou BOX.mp3

“Свет прадажны, вось і ўсё, што я магу сказаць”, ― не хаваючы раздражнення, распавядае Еўрарадыё баксёр Сяргей Карнееў. 5 жніўня ў чвэрцьфінале Алімпіяды (катэгорыя да 91 кг) суддзі “па дадатковых паказчыках” аддалі перамогу яго саперніку ― Тэймуру Мамедаву з Азербайджана. Хаця наш баец меў відавочную перавагу ў другім і трэцім раўндах.

“З азербайджанскімі баксёрамі заўжды такія выпадкі, бо яны на кожныя спаборніцтвы прывозяць нармальную колькасць грошай, ― працягвае Сяргей Карнееў. ― Праблемы з азербайджанцамі скончацца тады, калі ў іх скончыцца нафта! Вядома, з Азербайджанам баксіруеш не толькі супраць чалавека, але і супраць грошай!”

За пару дзён да таго ў вагавай катэгорыі да 56 кілаграмаў японец Шыміцу ― зноў жа “па дадатковых паказчыках” ― прайграў азербайджанцу Абдулхамідаву. Скаргу японскага баксёра… задаволілі, і Шыміцу выйшаў у чвэрцьфінал.

Падавала пратэст і беларуская дэлегацыя. Суддзі яго адхілілі! Раззлаваны Карнееў некалькі хвілінаў не хацеў выходзіць з рынга: “А навошта хавацца? Як пацукі з карабля бегчы? Мы былі ўпэўненыя ў сабе, упэўненыя, што бой быў за намі. Мне хацелася паглядзець у вочы тым, хто вырашае чалавечы лёс, ламае людзей. Для мяне відавочна, што гэта праз стаўленне да беларусаў. Нас на гэтай Алімпіядзе не лічаць за людзей, за краіну. І так жа ставяцца да ўкраінцаў”.


Калі адзін з баксёраў не выйграе бой датэрмінова, пераможца вызначаецца па колькасці дакладных удараў, якія заўважылі ўсе суддзі. А калі тут нічыя, пачынаюць лічыць “дадатковыя паказчыкі”:

“Найперш глядзяць на колькасць “брудных” удараў. Гэта калі ўдар быццам бы праходзіць, але не ўсе суддзі яго прызнаюць, ― тлумачыць Еўрарадыё Сяргей Карнееў. ― Атрымліваецца, я і тут прайграў. Але я дакладна магу сказаць: удараў азербайджанскаму саперніку было нанесена нашмат болей!”

Карнееў выйграў другі і трэці раўнды, а ў яго саперніка былі два папярэджанні.

“А трэцяе папярэджанне ― гэта аўтаматычная дыскваліфікацыя, ― працягвае думку Карнеева дзяржтрэнер па боксе Аляксандр Ярмашэвіч. ― Рэферы не даваў трэцяе папярэджанне азарбайджанцу, хаця ўсе падставы былі. Той жа два раўнды фактычна “трымаў” Карнеева… Дзе тут логіка? Але асноўная прычына ў тым, што суддзі націскалі не на тыя кнопкі, на якія трэба было”.

Сяргей Карнееў кажа Еўрарадыё, што былі ў яго жыцці і больш крыўдныя паразы. Прыгадваць іх баксёр не хоча. Але і спыняцца не будзе.

Сяргей Карнееў: “Першым пасля бою патэлефанаваў бацька. Сказаў, што я лепшы, і няхай яны там... А што далей будзе? Сонца паднімецца ― там і пабачым”.

 

Фота: daylife.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі