Беларускі амбудсмен: чыноўнік ці маральны аўтарытэт?

120214 Luka6uk Ombudsman.mp3

Стварыць інстытут упаўнаважанага па правах чалавека Аляксандр Лукашэнка абяцаў выбаршчыкам яшчэ падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001 года. Праз 11 гадоў кіраўнік краіны выказвае “меркаванне аб магчымым вяртанні да пытання”.


Праваабаронца Алена Танкачова заўважае, што ў праекце закона ўпаўнаважаны будзе прызначацца асабіста кіраўніком краіны. А гэта непрымальна.


Алена Танкачова: “Правы чалавека — гэта заўсёды з аднаго боку інтарэсы людзей, а з другога — тое, што называецца сістэмай і структурай дзяржавы. Каб быць свабодным у крытыцы, неабходна дастатковая незалежнасць з аднаго боку, а з другога — моцны голас ва ўрадзе”.


Абіраць ці прызначаць гэтага ўпаўнаважанага, а таксама — хто можа гэта рабіць, Танкачова раіць вызначыць падчас грамадскага абмеркавання праекта закона. У любым выпадку гэта мусіць быць маральны аўтарытэт.


Кіраўнік Міжнароднай назіральніцкай місіі за правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў звяртае ўвагу на тое, што пасада амбудсмена — найперш еўрапейская знаходка. І там упаўнаважанага абірае парламент.


Андрэй Юраў: “Гэта такі незалежны чалавек, якога парламент краіны абірае на тэрмін ад 4 да 6 гадоў для таго, каб ён сачыў за агульнай сітуацыяй з правамі чалавека і найперш свае заўвагі дакладаў парламенту, а не прэзідэнту”.


Найчасцей амбудсмена абіраюць з паважаных у грамадстве людзей, аўтарытэт якіх мацнейшы нават за закон.


Андрэй Юраў: “Калі амбудсмен не валодае маральнай уладай, то гэта абсалютна бессэнсоўная пасада і тады ён найчасцей служыць для таго, каб дадаткова прапагандаваць усе перавагі нейкага рэжыма. Замест таго, каб сумленна даносіць і да ўлады, і да грамадства праблемы, якія ёсць у краіне. Бо галоўная роля амбудсмена — выправіць уладу, кажучы ёй непрыемныя рэчы”.


Як тлумачыць Еўрарадыё былы суддзя Канстытуцыйнага суда Валерый Фадзееў, амбудсмен мусіць выступаць з прапановамі па зменах у заканадаўства. Нягледзячы на гэта, сам ён прапануе на гэтую пасаду чалавека, далёкага ад юрыспрудэнцыі.


Валерый Фадзееў: “Той жа Ніл Гілевіч, той жа Генадзь Бураўкін, асабіста я вельмі добра стаўлюся да Станіслава Шушкевіча”.


І прызнаецца — некалі сам марыў стаць беларускім амбудсменам. Не адмовіўся б ад гэтага і зараз. Хоць для плённай працы на гэтай пасадзе трэба шмат што змяніць.


Валерый Фадзееў: “Павінна змяняцца сітуацыя, правы чалавека павінны выходзіць на першы план. Калі гэтага не будзе ў дзяржаве, то цяжка будзе працаваць такому ўпаўнаважанаму”.


Станіслаў Шушкевіч з прапановы Фадзеева стаць яму першым беларускім амбудсменам толькі пасмяяўся.


Станіслаў Шушкевіч: “Упаўнаважаны павінен абірацца парламентам, але парламент у нас прызначаны прэзідэнтам. Таго ж самага Васілевіча альбо сённяшняга старшыню Канстытуцыйнага суда, Ярмошыну можа прызначыць. Ёсць асобы, якія, з пункту гледжання Лукашэнкі, яму вельмі падыходзяць”.


У 70 з 83 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі ёсць упаўнаважаныя па правах чалавека. Іх прызначаюць дэпутаты мясцовых заканадаўчых сходаў. Паводле слоў амбудсмена ў Ніжагародскай вобласці Васіля Оленева, пераважная большасць яго калег — былыя высокія чыноўнікі: пракуроры, намеснікі губернатараў, міністры... Ніводнага праваабаронцы. Амбудсмен лічыць, што багаты адміністратарскай досвед працы — толькі на карысць.


Васіль Оленеў: “Трэба абраць чалавека са стрыжнем. Мы ж прымаем прысягу. Нічыіх указанняў — ні губернатара, ні міністраў, ні пракурора, ні начальніка УУС”.


А хто, на ваш погляд, мог бы быць амбудсменам у Беларусі?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі