Беларусам амаль не адмаўляюць у шэнгенскіх візах

У 2011 годзе толькі ў дзвюх краінах свету — Амане ды Трынідадзе і Табага — працэнт адмоваў у шэнгенскай візе быў меншы, чым у Беларусі. Летась з амаль 584 тысяч беларускіх заявак па шэнгенскую візу адмовы атрымалі 3200 чалавек, ці 0,55%. Для параўнання, у Расіі консульствы краін Шэнгена адмаўлялі ўтрая часцей (1,5% заявак), ва Украіне — у 6 разоў (3,3%), у Малдове — у 17 разоў (9.5%). Пра гэта паведамляецца ў працы Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў.

Дарэчы, з гэтай працы відаць, што ў прапорцыі на душу насельніцтва беларусы часцей за жыхароў іншых краін Усходняга Партнёрства (Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова, Украіна) і Расіі атрымліваюць шэнгенскія візы. Так, у 2011 г. у разліку на 1000 жыхароў беларусы атрымалі 61 шэнгенскую візу, расіяне — 36, украінцы — 24, жыхары іншых краін Усходняга Партнёрства — яшчэ меней.

Доля шматразовых шэнгенскіх віз і нацыянальных доўгатэрміновых віз краін Шэнгена па Беларусі таксама перавышае паказчыкі іншых ўсходнееўрапейскіх краін. На думку аўтараў даследавання, гэта сведчыць, што "шэнгенская сцяна" для беларусаў больш празрыстая, чым для жыхароў іншых краін Усходняга Партнёрства.

Фота — prudovoe.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі