Аляксандр Мілінкевіч не зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты

Аляксандра Мілінкевіча на разглядзе скаргі ў Цэнтравыбаркаме прадстаўляў сябра яго ініцыятыўнай групы Юрый Меляшкевіч. У сваім выступе ён падкрэсліў, што лічыць адмову ў рэгістрацыі Мілінкевіча кандыдатам у дэпутаты палітычна матываванай.

“Наконт подпісаў, сабраных некарэктна, хачу сказаць: лічбы, якія падаюцца ў рашэнні акруговай камісіі, абсалютна нелагічныя. Усе факты, якія, быццам бы, выказваюцца, не пацвярджаюцца сканамі падпісных аркушаў, якімі мы маем, ― заявіў Меляшкевіч. ― Зямля, пазначаная ў рашэнні акруговай камісіі, як незадэклараваная Аляксандрам Мілінкевічам, не належыць яму, а ўсяго толькі знаходзіцца ў пажыццёвым валоданні. Зямля гэтая з’яўляецца ўласнасцю Рэспублікі Беларусь”.

Ініцыятыўная група Мілінкевіча падала ў акруговую камісію 2452 подпісы. Эксперт ЦВК заявіла, што 66 з іх не падлягаюць уліку, бо ў адным з падпісных аркушаў адсутнічае ўказанне на асобу, за якую збіраюцца подпісы, а 51 —пастаўленыя грамадзянамі, якія не пражываюць на тэрыторыі Уручскай выбарчай акругі №109. Засталося 2386 подпісаў — удвая больш, чым трэба.

Але 53 з 200 подпісаў, абраных для першай праверкі, на розных падставах прызнаныя несапраўднымі. Гэта 26,5% ад правераных подпісаў, хаця для таго, каб зняць прэтэндэнта з выбарчай кампаніі, дастаткова 15%. Дадатковая праверка выявіла яшчэ 45 несапраўдных подпісаў. Прычым 12 з гэтых подпісаў былі на адным аркушы, які сябры ініцыятыўнай групы Мілінкевіча забылі заверыць.

Сябра ЦВК з правам дарадчага голасу Ігар Лялькоў лічыць не вартымі даверу вынікі крыміналістычнай экспертызы, пры дапамозе якой акруговая камісія даказвае несапраўднасць подпісаў, пададзеных Мілінкевічам.

Эксперт ЦВК паказвае Ігару Лялькову і Сяргею Калякіну падпісныя аркушы, сабраныя ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Сяргей Калякін кажа пра тое, што не чакаў настолькі няякаснай працы па збору подпісаў.

 

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік часткова падтрымлівае Лялькова. Ён прапануе зняць з Мілінкевіча прэтэнзіі па памылках у дэкларацыі і па папярэджаннях яго ініцыятыўнай групе, але ўсё ж не рэгістраваць яго праз вялікую колькасць несапраўдных подпісаў.

ЦВК галасуе і адмаўляе Аляксандру Мілінкевічу ў задавальненні скаргі. Ён не зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты.

Фота — belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі