"Некаторыя людзі кідалі ў скрыню па 100-150 тысяч"

Грошы прыслалі нават з Нямеччыны — былы суайчыннік хоча дапамагчы аштрафаванай Алесі Макась. "Вось грошы ад тых, хто сядзіць па хатах", — сказала адна жанчына. Лішак грошай аўтамабілісты калонай завязуць у дзіцячы прытулак. Пра небывалую дагэтуль салідарнасць людзей слухайце на прайгравальніку справа. Ніжэй - назіранні нашага карэспандэнта і бліц-інтэрв'ю з Арцёмам Шарковым.

Віталь Ругайн: “Я знаходжуся на аўтапаркінгу, недалёка ад комплекса  “Журавінка”. Менавіта сюды прыходзяць людзі, каб сабраць грошы на аплату штрафаў удзельнікаў акцыі “Стоп бензін”.

Еўрарадыё: Два штрафы былі па 700 тысяч і два склалі па 525 тысяч рублёў. Да гэтай акцыі ўжо быў сабраны адзін мільён і трыста тысяч. Колькі сёння плануецца сабраць?

Ругайн: “Сёння людзей шмат, і плануецца сабраць яшчэ больш грошай, чым было сабрана раней. Я зараз стаю каля скрыні з грашыма і бачу ў ёй купюры і па дзесяць, і па пяцьдзесят тысяч. Адзін штраф ужо аплочаны цалкам: канверт з грашыма перадаў беларус з Нямеччыны спецыяльна для дзяўчыны Алесі. Яна гэтага хлопца нават ня ведае. Грошы, якія застануцца ад сённяшняга збора пасля аплаты штрафаў, будуць перададзены дзіцячаму дому”.

Еўрарадыё: Колькі чалавек прыйшло і якія сумы ахвяруюцца?

Ругайн: “Цяжка палічыць. Людзі прыходзяць і сыходзяць. Многія не жадаюць публічнасці. Сам бачыў, як людзі кідалі ў скрыню па сто-сто пядзесят тысяч. А адзін мужчына прынес канверт з грашыма і сказаў, што гэта ад нейкага працоўнага калектыва”.

Еўрарадыё: Акцыя “Стоп бензін" не апошняя, штрафы яшчэ будуць. Можа грошы на штрафы таксама яшчэ будуць патрэбныя?

Ругайн: “Па словах аднаго з арганізатараў акцыі Арцёма Шаркова, ён ня сумняецца, што ізноў грамадзяне праявяць салідарнасць і без праблем збяруць грошы”.

Лідэр "Соп бензіну" і асацыяцыі "за аўто" Арцём Шаркоў распавёў Еўрарадыё: "Дастаткова людзей прыйшло. Салідарнасць у грамадстве вельмі вялікая. Я шчыра дзякую тым, хто адгукнуўся на нашую просьбу дапамагчы”.

Еўрарадыё: Як вы ацэніце саму акцыю “Стоп бензін”, якая сабрала даволі шмат аўтамабіляў?

Шаркоў: “Акцыя прайшла вельмі добра. Мы разлічвалі, што прыедзе максімум пяцьсот машынаў, а было больш за паўтары тысячы. Людзі актыўна бралі ўдзел у акцыі. Менавіта такая грамадская салідарнасць прымусіла ўлады адрэагаваць на наш пратэст”.

Еўрарадыё: Што плануеце рабіць далей?

Шаркоў: “Мы чакалі рэакцыю Белнафтахіма і адміністрацыі прэзідэнта на нашу акцыю. Бачым, што рэакцыя была. Зараз збіраем сродкі на штрафы для ўдзельнікаў акцыі. Будзем весці актыўную перапіску з Белнафтахімам, з урадам і падымаць пытанне наконт калькуляцыі і палітыкі фармавання цэнаў на паліва ”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі