“Ребус Нелишних”: мы кіруемся канспектам па прафесіяналізме “Босага сонца”

Вакаліст Вілен Клімкін ды басіст Ян Саладуха вядомыя ў сталічнай музычнай тусоўцы па праектах “Одним днём”, “Босае сонца”, “City A” ды іншых. У студыі Еўрарадыё яны нагадваюць пра замарожаны пяць гадоў таму гурт “Ребус Нелишних” і яго адраджэнне, прэзентуюць новы сінгл, распавядаюць пра змены ў складзе ды новы падыход да творчасці, а таксама дзеляцца бліжэйшымі планамі.

Еўрарадыё: Назва “Ребус Нелишних” з'яўлялася раней, але вы пазіцыянуеце сябе, як малады гурт, чаму?

Вілен Клімкін: Пачыналі мы гадоў пяць таму, як сайд-праект музыкаў гурта “Одним днём”. Менавіта з “Ребус Нелишних” мы паспелі паўдзельнічаць у такіх праектах, як “Бардаўская восень” і “Залатая акустыка”. Прычым, займаючы прызавыя месцы, таму магчыма нехта нас яшчэ і памятае. А чаму мы замарозілі праект?

Ян Саладуха: Слухай, а я ўжо не памятаю (усміхаюцца)!

Вілен Клімкін: Я думаю, што наш акустычны матэрыял перастаў быць актуальным. Хацелася нечага большага, але абсалютна не было думак, як гэта ўсё аформіць. Таму праект не распадаўся, а часова спыніў існаванне. А вось цяпер працягнулі, але ўжо ў пашыраным складзе і іншым ракурсе.

Еўрарадыё: Што значыць, іншы ракурс?

Вілен Клімкін: Ну, раней я граў на электраакустычнай гітары і амаль цалкам гучанне было акустычным. Гітара гучала як... варыянт беларускага кантры. Больш ніякай музычнай афарбоўкі і ніякіх дадатковых інструментаў. Цяпер жа ў мяне гітару забралі і аддалі яе іншаму чалавеку.

Ян Саладуха: Я ўзгадаў яшчэ адну прычыну роспуску гурта! Сапраўды, нам стала нецікава працаваць у тым фармаце ў якім працавалі. Я сышоў у праект “Босае сонца”. Віля яшчэ пэўны час нешта паспрабаваў рабіць і таксама спыніўся. Але “Босае сонца” на мяне вельмі моцна паўплывала з пункту гледжання прафесіяналізму. Мы ўсё ж не прафесіяналы, а, хутчэй, аматары. Віля, ў цябе ёсць музычная адукацыя?

Вілен Клімкін: Скончыў школу па фартэпіяна. Але гэта не дапамагло!

Ян Саладуха: А я пяць гадоў вучыўся на скрыпцы граць, але ў выніку не скончыў і паспяхова на ўсё забыўся. А вось калі працаваў у “Босым сонцы”, мне пашчасціла сустрэцца з класнымі музыкамі. Вельмі ў іх круты баяніст Саша Ясінскі, які цяпер жыве, вучыцца ды працуе ў Празе, ды Алесь Кот-Зайцаў, які цяпер у Маскве працуе. У “Босым сонцы” я ўбачыў, наколькі адрозніваецца форма стварэння музыкі ад таго, як гэта рабілі мы з Віленам! Калі ж “Босае сонца” пачало раз’язджацца па замежжы, я зразумеў, што трэба рухацца далей і акурат у гэты час мне патэлефанаваў Вілен. Безумоўна, я пагадзіўся аднавіць праект, толькі з іншым падыходам да працы. Абмеркавалі гэты падыход, распісаліся пад намерамі і пачалі шукаць музыкаў.

Вілен Клімкін: Карацей, Ян стырыў у “Босага сонца” канспект па прафесіяналізме і вырашыў наладжваць уласную творчасць! (усміхаюцца)

Гадоў 5-6 таму я б сказаў, што мы камерцыйны праект, але цяпер: быў бы не супраць ім стаць!

 

Еўрарадыё: Іншыя праекты, у якіх вы ўдзельнічалі, былі абсалютна рознымі стылістычна. Ці адбіваецца гэта на вашай музыцы?

Вілен Клімкін: Ну, пачыналі мы больш-менш сур’ёзна ў гурце “Одним днём”, там сапраўды было нешта ад ню-метала, ад рэп-кора. Але апошнія рэчы, пасля якіх мы разваліліся, хутчэй, ужо эвалюцыянавалі ў бок фанку. З’явіўся гэты ламаны складнік, сінкапіраваны. І чамусьці, калі мы пачалі рухацца ў гэтым напрамку, мы адразу скончыліся. Так што, у прынцыпе, можна лічыць, што гурт “Ребус Нелишних” з’яўляецца працягам праекту “Одним днём”, толькі музыка стала больш інтэлігентнай і больш складаная па выкананні. Юры Лазюк, які ў нас цяпер грае на гітары, граў і грае ў гурце “Дядюшкин сон”. Уся фанкавая падача гэтага гурта трымаецца на Юры, таму яго гэты індывідуальны стыль ён прынёс і нам. У выніку, нарэшце атрымаўся завершаны малюнак.

Еўрарадыё: Цяпер вы канчаткова развіталіся з дадатковымі праектамі, ці ўсё ж падпрацоўваеце дзесьці?

Вілен Клімкін: Я — не, але Ян дагэтуль нешта з “Босым сонцам” выдае.

Ян Саладуха: Мы ўжо цэлы год працуем над акустычным альбомам. Хутка будзе прэзентацыя 15-ці трэкаў, але не буду цяпер гэта рэкламаваць. Таму праект яшчэ жывы, мы едзем на “Бардаўскую восень”, але актыўнай дзейнасці ў нас няма бо ўсе раскіданыя па розных краінах.

Еўрарадыё: То бок, паралельныя праекты ўсё ж забіраюць час на Ребус Нелишних”?

Вілен Клімкін: Натуральна! Жонкі таксама вельмі моцны сайд-праект (усміхаюцца).

Ян Саладуха: А хутка з’явяцца дзеці, а з гэтымі праектамі амаль немагчыма змагацца за вольны час!

Еўрарадыё: Тым не менш да “Рэбуса” вы ставіцеся сур’ёзна! А камерцыйны складнік прысутнічае?

Вілен Клімкін: Калі б у мяне пра гэта спыталі гадоў 5-6 таму, я б адказаў, што, безумоўна, прысутнічае. Але пакруціўшыся ў музычным альтэрнатыўным атачэнні скажу, што мне было б прыемна, каб праект стаў камерцыйна паспяховым, але калі спатрэбіцца ўкладаць свае сродкі, то я буду гэта рабіць. У той жа час, я думаю, у нашага гурта патэнцыял ёсць, бо музыка даволі цікавая і можа быць запатрабаваная. Я б нават сказаў, што яна арыентаваная не на вузкае кола слухачоў, а будзе шмат каму цікава.

Ян Саладуха: Так-так!

У Яна ўжо сфармаваны гастрольны графік па беларускіх мястэчках.

 

Еўрарадыё: Адпаведна, ёсць планы па захопе аўдыторыі?

Вілен Клімкін: У першую чаргу, трэба выдаць паўнафарматны альбом. Бо Ян, напрыклад, асіліў нават два альбомы, а мая дзейнасць завяршалася сінгламі ды ЕР. Альбом, па нашых планах, мусіць стрэліць, а далей канцэртная дзейнасць. Прычым, мы жадаем паспрабаваць сябе менавіта як фестывальны гурт, менавіта на вялікіх пляцоўках.

Еўрарадыё: А рухацца куды: на Захад, у Расію, ці тут у Беларусі развівацца?

Вілен Клімкін: Тут варта пачаць з мовы выканання. Я б паспрабаваў спяваць на беларускай мове, каб былі вартыя тэксты, але цалкам адыходзіць ад рускай не хацеў бы. Што тычыцца выхада на еўрапейскую сцэну, мне падаецца, тут трэба некалькі гадоў яшчэ пачакаць. Тыя ж “Ляпісы” ды “Тубсы” стрэлілі, але гэта, хутчэй, адзінкавыя выпадкі, выключэнні. Таму ў бліжэйшы час я б накіраваў свой позірк на Расію Украіну, безумоўна, не забываючыся пра нашага беларускага слухача.

Ян Саладуха: А што тычыцца бас-гітарыста, то ён з задавальненнем будзе граць менавіта ў Беларусі. Вельмі люблю беларускую мову і культуру. Мне абсалютна ўсё адно, як мяне будуць успрымаць у Польшчы ці ў Германіі ці Расіі, мне вельмі важна, як мяне прымаюць тут. Вельмі хацелася б граць для беларускіх дзяўчат ды хлопцаў...

Вілен Клімкін: Я так разумею, што ў Яна ўжо сфармаваны гастрольны графік па мястэчках.

Ян Саладуха: Ой, мы дастаткова канцэртаў пайгралі ў невялічкіх гарадках. Насамрэч, вельмі прыемна, калі паглядзець на цябе прыходзіць хоць бы і 20 чалавек (колькі здолелі сабраць увечары ў ДК Школьнікаў), але для іх гэта падзея. У іх гарадах і мястэчках амаль нічога не адбываецца, таму твой прыезд — свята. Ты дорыш ім сваю энергію, а яны вяртаюць яе ў трохкратным памеры. А гэта сапраўды прымушае рухацца наперад.

Альбом будзем выдаваць на вініле, бабіне, аўдыёкасеце і, калі скончыца вініл, на аўдыё-CD.

 

 

Еўрарадыё: Што знаходзіцца на прэзентаваным вамі сінгле?

Вілен Клімкін: Нягледзячы на тое, што гэта сінгл, на ім дзве песні, якія, у прынцыпе, перагукаюцца па стылістыцы. Адна больш фанкавая, іншая — з элементамі лаціны, але гэтыя трэкі, можа не цалкам, але адлюстроўваюць тое, што цяпер робіць “Ребус Нелишних”. Песні былі напісаныя даўно. Напэўна, ў першы год існавання гурта, але той, хто нас памятае, убачыць змены ў гучанні.

Ян Саладуха: Мы б хацелі даць паслухаць больш песень, каб было больш зразумела, што мы граем. Але пакуль мы працуем над астатнім. Той матэрыял, які мы пакуль не паказваем, на наш погляд, больш складаны па аранжыроўках і яшчэ больш нечаканы!

Вілен Клімкін: Я так разумею, што ты адразу адказваеш на слова “лайно”, якое з’явіцца ў каментарах на форумах (усміхаецца)?

Ян Саладуха: Калі шчыра, то мне вельмі падабаецца гэты сінгл. Я магу сказаць, што на дадзены момант лепш чым ён ёсць мы б яго не зрабілі. А астатняе будзе яшчэ лепш!

Еўрарадыё: Матэрыялу хапае на альбом?

Вілен Клімкін: Дзесьці палову трэба даводзіць да розуму, трэба папрацаваць над аранжыроўкамі.

Еўрарадыё: Сінгл называецца “Ребус №1”...

Ян Саладуха: Паспрабуйце здагадацца, як будзе называцца наступны! (смяецца)

Еўрарадыё: А будзе наступны?

Вілен Клімкін: Яшчэ песні тры мы зробім, аб’яднаем іх з сінглам і выдадзім у выглядзе ЕР. Астатнія песні ўжо свяціць не будзем. Яны выйдуць на альбоме. Там будзе каля 12 песень. Думаю, у 2014 годзе выдадзім. Дарэчы, мне падабаецца гэтая сінглавая тэндэнцыя ў беларускай музыцы. Напрыклад, раней гурты спрабавалі сабраць грошы на альбом, але то ім грошай не запала, то кадравыя перастаноўкі адбываліся. Думаю, што па гэтай прычыне шматлікія гурты, якія пачыналіся ў 2000-х, зніклі так і не паказаўшы альбома. А цяпер ёсць цікавы матэрыял — запісаў і выдаў сінгл, ёсць больш матэрыялу і хапае грошай — міні-альбом.

Еўрарадыё: Ужо ёсць назва ў альбома?

Ян Саладуха: “Поўны рэбус” (усміхаецца). Калі сур’ёзна, то пакуль свяціць не будзем, але назва ёсць.

Еўрарадыё: На дысках будзеце выдаваць?

Ян Саладуха: Безумоўна! Больш за тое, я вельмі хацеў надрукаваць і сінгл. Мы вельмі доўга раіліся, спрачаліся, сварыліся, разбілі адзін аднаму тры насы і вырашылі, што прасцей і хутчэй яго прэзентаваць у інтэрнэце. Нас не вельмі добра памятаюць, таму падагрэць людзей вырашылі такім чынам. А альбом абавязкова будзем выдаваць на вініле, на бабіне, на аўдыёкасеце і, магчыма, на аўдыё-CD. Але гэта крайні выпадак, калі раптоўна скончыцца вініл.

Магчыма далей мы будзем граць сальсу, боса-нову ці r’n’b-folk...

Еўрарадыё: Нягледзячы на ваш даволі... папулярны фармат, вас не прымаюць на ФМ-станцыі.

Вілен Клімкін: Усім, хто жадае нечага дасягнуць у музычным сэнсе ўжо даўно не трэба глядзець у бок радыё. Калі раней, возьмуць ці не возьмуць, было нейкім паказчыкам, то цяпер ужо не. Напрыклад, у мяне на працы, як і ў большасці офісаў, радыё гучыць фонам. З гэтага шэрагу вельмі рэдка вуха выхоплівае нешта цікавае, калі ўзнікае жаданне падняць вочы ды прыслухацца, а ўжо тым больш, залезці ў інтэрнэт і паглядзець, што гэта гучыць. То бок, абсалютная большасць таго, што там гучыць, з’яўляеца фонавай музыкай, бо ў нашых радыёстанцый цяпер менавіта такі фармат. Адпаведна, я б не раіў нашым музыкам прагнуць таго, каб стаць фонавай музыкай. Мне падаецца, гэта вельмі крыўдна, мне б хацелася, каб нашы песні слухалі па некалькі разоў, спрабавалі зразумець пасыл, які нясе тэкст.

Ян Саладуха: А я радыё слухаю! У Мінску ёсць 2-3 вартыя ўвагі станцыі, якія я часта слухаю ў машыне, напрыклад. Вось едзеш ты ў машыне а там раптам пачынае гучаць “Босае Сонца”. Гэта класна, гэта тое, дзе ты ўдзельнічаеш... А потым мне тэлефануюць і кажуць: “Мы толькі што чулі вашу песню, яна класная, дзякуй!”. Гэта неяк робіць жыццё багацейшым. Натуральна, у нас у эфірах песні звычайна не анансуюць, і незразумела, што гэта, хто гэта, куды, але гучаць на радыё я б вельмі хацеў. Безумоўна, не на “Радыё-маршрутка”, але...

Еўрарадыё: Вы першапачаткова спрабуеце прытрымлівацца нейкага фармату, ці ўсё ж як ідзе, так і ідзе?

Вілен Клімкін: Не, такога няма. Адсутнасць “дж-дж-дж” (брудных гітар ды рванага вакалу) — хутчэй, праява нейкага музычнага эстэтызму. Разам з узростам прыходзіць нейкае іншае разуменне музыкі.

Ян Саладуха: Можа, перараслі, перахварэлі, можа, сапраўды эвалюцыянавалі... Напрыклад я, як прадстаўнік рытм-секцыі, вельмі люблю сінкопы, ламаныя рытмы, але я разумею, што калі з гэтым перабольшыць, то гэта будзе дрэнна слухацца і будзе незразумелым. Ёсць такая выдатная джазавая выканаўца Эсперанса Сполдзінг, намінантка “Грэмі”, якая выбітна грае на кантрабасе і адначасова спявае. Але ў яе ёсць такія песні, якія нават мне з маёй любоўю да сінкоп, вельмі складана слухаць, пра маю маму ці жонку я ўвогуле не кажу. Каб такога не атрымалася, даводзіцца трымацца, згладжваць, рабіць, так бы мовіць, больш папулярна. Каб не толькі мне было прыемна слухаць, але і ўсім астатнім. Але з іншага боку, мы не заганяемся, межаў не ставім, таму ў нас усё атрымліваецца дастаткова натуральна.

Вілен Клімкін: Так! Межаў мы не ставім. Я не выключаю, што праз 3-5 гадоў мы будзем гучаць зусім па-іншаму. Хардкор мы ўжо пайгралі, таму вяртацца не будзем, але, магчыма, гэта будзе сальса, боса-нова, r’n’b-folk (смяюцца).

Еўрарадыё: Калі можна вас паслухаць? Калі вы пачняце граць хоць бы ў салянках?

Вілен Клімкін: Думаю, што з лістапада, і менавіта ў салянках. Пакуль рыхтуемся і дамаўляемся. А далей убачым, як яно будзе.

Паслухаць сінгл “Ребус №1” можна на афіцыйным сайце гурта “Ребус Нелишних

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі