П'яная жыхарка Вільні на дарагім аўто знесла дом на Астравеччыне (фота)

У вёсцы Рымдзюны Астравецкага раёна п'яная жыхарка Вільні на дарагім купэ ўрэзалася ў жылы драўляны дом так, што ён нават з'ехаў з падмурка.

Здарэнне адбылося каля 9-й гадзіны вечара 15 траўня, паведамляе гродзенская ДАІ. Жанчына з мужам прыехалі да сваякоў на хрэсьбіны дзіцяці на розных машынах. Адзначыўшы сямейную падзею, жанчына пасварылася з мужам і паехала на сваёй машыне. Аўтааварыя адбылася на павароце, дзе хуткасць абмежаваная 40 км/гадз. Тым часам кіроўца ехала з хуткасцю 140 км/гадз, як сведчыць спідометр, які разбіўся пры аварыі.

На павароце жанчына з'ехала на левую ўзбочыну дарогі і ўрэзалася ў дом. Ад удару ў будынку зрушылася мэбля і разбіліся шыбы ў вокнах. Гаспадыня дома, якая ўжо спала, пры аварыі не пацярпела.

Муж ліхой аўтаўладальніцы з цвярозым кіроўцам пад'ехаў да месца ДТЗ, калі яно ўжо адбылося. Паведамляецца, што жанчына шпіталізаваная ў стане комы.

Фота — gaigrodno.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі