Прысуд Юрыю Гараўскаму ў Швейцарыі агучаць на наступным тыдні

Юрый Гараўскі

Юрый Гараўскі / dw.com

Прысуд беларусу Юрыю Гараўскаму ў Швейцарыі агучаць на наступным тыдні. Асобнага судовага пасяджэння не будзе. Вердыкт аб'явяць "у пісьмовай форме", паведамляе "Новы час".

Гараўскі — былы баец спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ў Беларусі. Пасля выезду за мяжу папрасіў прытулку ў Швейцарыі і сам прызнаўся ў датычнасці да "эскадрона смерці", да выкрадання і забойства ў 1999-м апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесмена Анатоля Красоўскага. Суд праходзіў 19-20 верасня. Гэта першы працэс, калі падзеі ў Беларусі разглядаюць у рамках іншай — універсальнай — юрысдыкцыі.

"Паважаны суд, — гаварыў Гараўскі ў апошнім слове. — Вы зараз будзеце прымаць рашэнне. Калі вы вынесеце суровае рашэнне, больш ніхто ў свеце не будзе паведамляць пра злачынствы ўлады. Я прашу прабачэння ў блізкіх і сваякоў загінулых, разлічваю на справядлівае пакаранне швейцарскага суда".

Напярэдадні Юрый Гараўскі неаднаразова падкрэсліваў, што "не ліквідаваў людзей, а затрымліваў", і нібыта не ведаў, што іх збіраюцца забіць. Па яго словах, Захаранку, Ганчара і Красоўскага застрэліў Дзмітрый Паўлічэнка.

Пракуратура Швейцарыі абвінаваціла экс-байца САХР у датычнасці да гвалтоўных знікненняў у Беларусі. Пракурор лічыць, што ў судзе прадстаўлена дастаткова доказаў вінаватасці Гараўскага і просіць суд пакараць яго трыма гадамі зняволення, два з якіх — умоўна. На думку пракурора, Юрый Гараўскі не можа быць экстрадаваны ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі