Персанал бараў пра танны алкаголь: Перапіў і пачаў шукаць ложак у... бары

Персанал бараў пра танны алкаголь: Перапіў і пачаў шукаць ложак у... бары

З канца жніўня алкаголь беларускай вытворчасці ў барах і рэстаранах значна таннее. Гэта наступства пастановы Мінгандлю ад 25 жніўня, згодна з якой гандлёвая надбаўка можа быць не большай за 60%. І ўжо 26 жніўня айчынную гарэлку ў барах можна набыць па 7-13 тысяч за 50 грамаў.


11 гадзін раніцы, бар у самым цэнтры сталіцы, яшчэ пуста. Але першыя наведвальнікі, аказваецца, ужо "астаканіліся" і сышлі:


"Забягаў мужчына, спытаў колькі каштуе гарэлка. Я кажу — 10 тысяч. Замовіў 50 грамаў і таматны сок, хутка кульнуў адразу на барнай стойцы і сышоў. За ім жанчына заходзіла, тое ж самае зрабіла", — распавядае бармэн.


Ён пацвярджае, што піць сталі больш, а ў бар прыходзяць як у алкагольную краму. Бо кошты не надта адрозніваюцца.


Кавярня каля плошчы Незалежнасці ў Мінску была папулярнай за кошт недарагога і добрага піва, але гарэлка па 13 тысяч таксама зайшла.

"Аднойчы мужчына ў нас так перабраў, што пайшоў у прыбіральню, распрануўся там і пачаў у кавярні ложак шукаць. Думаў, што ён дома", — расказвае афіцыянтка Кацярына. І дадае ўжо больш сур'ёзна: "Людзі згубілі пачуццё меры з гэтым новым законам, такое ў мяне адчуванне".


Дзяўчаты лёгка мяняюць віно на гарэлку, калі даведваюцца колькі каштуе бутэлька, распавядаюць мне ў кавярні ля мінскай станцыі метро Парк Чалюскінцаў.


"Прыйшлі двое дзяўчат на бар, замовілі віно. Бакал віна каштуе 70 тысяч. Пасля спыталі, чаму столькі гарэлкі рознай стаіць? Бармэн распавядае, у дзяўчат становяцца круглыя вочы і яны замаўляюць… бутэльку адразу. Сыходзілі вясёлыя", — распавядае упраўляючы кавярні Ян і дадае, што дзяўчаты менавіта так вечар праводзіць не збіраліся.


Танны алкаголь пры гэтым на кантынгент наведвальнікаў бара не паўплываў. Прыходзяць тыя ж, але бяруць таннейшы алкаголь, калі ёсць такая магчымасць.

Фота: znaharchuk.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі