Перад паездкай да Пуціна Лукашэнка раіўся з кіраўніцтвам ураду і старшынём КДБ

Перад паездкай да Пуціна Лукашэнка раіўся з кіраўніцтвам ураду і старшынём КДБ

Перад паездкай у Маскву на сустрэчу з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка раіўся з кіраўніцтвам ураду і старшынём КДБ. 24 снежня прайшла нарада, прысвечаная актуальным пытанням супрацоўніцтва з Расіяй. На фотаздымку прэс-службы кіраўніка дзяржавы можна пабачыць, што старшыня Камітэта дзяржбяспекі Валерый Вакульчык сядзіць побач з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем.

У сваёй прамове Лукашэнка гаварыў пра тое, што Расіяй з'яўляецца для нашай краіны найважнейшым знешнім партнёрам. "Усебаковы характар нашых дачыненняў мае сур'ёзнае значэнне не толькі для Беларусі, але таксама і для Расіі, — адзначаў кіраўнік дзяржавы. — Яны будуюцца на сістэмнай і, самае галоўнае, планавай аснове". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка наракаў, што не ўсе падпісаныя пагадненні выконваюцца.

Важнай з'яўляецца згадка Лукашэнкам таго, што паўгода таму Масква не падтрымала "многія... прапановы аб больш цеснай інтэграцыі". Як вядома, у апошнія тыдні з боку кіраўніцтва Расіі і звычайных палітыкаў неаднаразова былі заявы аб неабходнасці "паглыблення інтэграцыі" Беларусі і Расіі.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пройдзе ў Маскве 25 снежня. Афіцыйна заяўлена, што гаворка пойдзе пра гандлёва-эканамічную сферу "з акцэнтам на рэалізацыі ранейшых дамоўленасцяў у інтэграцыйных фарматах". Беларускі бок мае прэтэнзіі па кошце на расійскі газ, па стратах з-за "падатковага манёўра". У Маскве дагэтуль па гэтых пытаннях ні на якія саступкі ісці не захацелі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі