Памежнікі: У сувязі з адменай пошліны на паліва на межах магчымыя чэргі

Памежнікі: У сувязі з адменай пошліны на паліва на межах магчымыя чэргі

1 верасня ў Беларусі адмянілі абмежаванні па выездзе за мяжу на адным і тым жа аўтамабілі, а гэта значыць, што адмененая пошліна на паліва (у апошнія гады, калі беларус выязджаў на машыне часцей 1 раза за 8 дзён, яму трэба было плаціць пошліну). Пра тое, ці чакаюцца ў сувязі з гэтым чэргі на прапускных пунктах, Еўрарадыё спыталася ў кіраўніка прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандра Цішчанкі. Па яго словах, раніцай 1 верасня была невялікая чарга ў польскі бок у пунктах пропуску "Брузгі" і "Брэст". Але ў камітэце чакаюць большага наплыву аўтамабіляў.

Цішчанка: “Такую сітуацыю нельга выключаць, бо з’яўляецца магчымасць не турбавацца з нагоды дыкларавання паліва, калі трэба ездзіць часцей. Таму чакаем больш паездак і жаданняў перасекчы мяжу”.

Акрамя гэтага на пункце пропуску "Брэст" ("Варшаўскі мост") пачала працаваць электронная чарга. Цяпер грамадзяне могуць загадзя замовіць сабе час пераходу праз пункт пропуску. Хоць гэта і платная паслуга. 

Цішчанка: “Ёсць яшчэ і агульная чарга. Але яна ўжо будзе дзейнічаць, як у банку. То бок, прыехаў, зарэгістраваўся, атрымаў нумар у чарзе і чакаеш пакуль на табло з’явіцца твой нумар. Але ўсё гэта ў сервіснай зоне, дзе прадугледжаны комплекс паслугаў”.

Чакаць трэба будзе не ўздоўж дарогі, а на стаянцы з крамай, кавярняй, прыбіральняй, банкам, запраўкай. Акрамя гэтага загадзя платную рэгістрацыю можна правесці толькі па нумары машыны, таму махінацыяў з чэргамі не павінна быць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі