Памежная служба РФ: Пашпартны кантроль не звязаны з бязвізавым рэжымам

Памежная служба РФ: Пашпартны кантроль не звязаны з бязвізавым рэжымам

14 і 15 снежня ў сацсетках пачалі з'яўляцца паведамленні ад пасажыраў авіярэйсаў Мінск ― Масква пра тое, што па прылёце ў расійскую сталіцу ва ўсіх пасажыраў правяралі пашпарты. "Учора ляцела ў Шарамеццева. Мінскі рэйс асобна ад усіх (адправілі, ― Еўрарадыё) на дагляд і праверку пашпартоў. Астатнія рэйсы як ішлі, так і ішлі", ― напрыклад, піша ў Фэйсбуку Аляксандра.

Некаторыя пасажыры новаўвядзенняў не заўважылі альбо сцвярджаюць, што гэтак расійскія памежнікі працуюць ужо даўно. "Ляцеў у пятніцу ўвечары, Дамадзедава. Ніхто нічога не правяраў", ― піша Юрый.

За каментарыямі Еўрарадыё звярнулася ў службу памежнага кантролю маскоўскага Дамадзедава. Там запэўнілі, што памежнага кантролю ў дачыненні да пасажыраў рэйса Мінск ― Масква не ажыццяўляюць. "Усе рэйсы з Мінска ў Дамадзедава разглядаюцца як унутраныя. Новаўвядзенняў не існуе, памежнага кантролю пасажыраў таксама не ажыццяўляецца. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць. За больш падрабязнымі каментарыямі звяртайцеся ў Памежную службу ФСБ Расійскай Федэрацыі", ― расказваюць у Дамадзедава.

У Памежнай службе ФСБ РФ Еўрарадыё паведамілі, што у некаторых пасажыраў рэйсаў з Мінска насамрэч могуць папрасіць паказаць пашпарт, аднак гэта не звязана з увядзеннем Беларуссю 5-дзённага бязвізавага рэжыму з 12 лютага. Такая практыка існуе ўжо "працяглы час". Такім чынам расійскія памежнікі спрабуюць выявіць грамадзян трэціх краін, якія прылятаюць у Маскву праз Мінск. За больш падрабязнай інфармацыяй параілі звяртацца з афіцыйным запытам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі