Падарункі Лукашэнку на дзень нараджэння: добры анёл, Самарскі крыж і Майбах

За мінулы год Лукашэнку прэзентавалі каля дзясятка новых падарункаў, усё яны — у чацвёртай зале Музея сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Паводле слоў выканаўцы абавязкаў дырэктара музея Сяргея Ісаковіча, недзе ў верасні адбудзецца прэзентацыя гэтых новых падарункаў.

“Адзін з тых, які найбольш глядзіцца, — Самарскі крыж. Яго падарыла нам Балгарыя. Здаецца, да 135-х ўгодкаў вызвалення Балгарыі ад Асманскага іга. Ёсць з розных краін сувеніры — з Расіі, Украіны, Інданэзіі”, — прыгадвае выканаўца абавязкаў дырэктара музея Сяргей Ісаковіч.

Еўрарадыё: А ці ёсць сярод экспанатаў падарункі з каштоўных металаў?

Сяргей Ісаковіч: "На вока ніхто ж не можа ацаніць, брыльянты гэта ці не. А пробу металаў, з якіх зроблены падарункі, ніхто не праводзіў, таму не магу сказаць дакладна".

Сярод экспанатаў чацвёртай залы музея — Вялікі ланцуг Ордэна вызваліцеля ад сябра Уга Чавеса, ланцуг ордэна Рыцараў Труны Гасподняй ад Патрыярха Іерусалімскага, узнагароды “Мецэнат стагоддзя” і “Добры анёл свету”.

Тут размяшчаецца толькі невялікая частка падарункаў. Гэта прэзенты, якія перадалі як асабіста прэзідэнту, так і краіне.

Маленькай мадэлькі "Майбаха" — машыну прэзідэнту падарыў нейкі расіянін — у Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці няма. Як гаворыць сам кіраўнік дзяржавы, “гэта прэзідэнцкі аўтамабіль, які дзяржаве дастаўся бясплатна. Мне падарылі гэты аўтамабіль на дзень нараджэння — і я аддаў яго дзяржаве. Калі б не было "Майбаха", мне трэба было набыць аўтамабіль на грошы з бюджэту”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі