Музей сучаснай гісторыі Беларусі пачынаецца з… 1994 года!

120821 Savich Muzey_0.mp3

Патрапіць у музей сучаснай гісторыі — проста. Падаеш заяўку ў Нацыянальны гістарычны музей, тры дні цябе правярае служба бяспекі прэзідэнта і дае (ці не дае) дазвол. Уваход з экскурсіяй каштуе 35 000 рублёў. Супрацоўніца Нацыянальнага гістарычнага музея загадзя папярэджвае, каб я ўзяла пашпарт і “не брала нічога лішняга”.

На ўваходзе — яшчэ адна праверка супрацоўнікамі дзяржбяспекі. Правяраюць пашпарт, аглядаюць асабістыя рэчы і просяць прайсці праз электронныя вароты. Здаецца, нічога не звініць, і ў суправаджэнні супрацоўніцы музея паднімаемся на ліфце. Па лесвіцы зноў жа нельга — рэжымны будынак.

Нарэшце ўся наша група ў зборы — наведвальнікаў сустракае загадчык музея Сяргей Бяспанскі, вельмі гасцінна запрашае ў музей і нават просіць прабачэння, што ўваход у музей спалучаны з такімі складанасцямі. Дырэктар заўважае, што мы адны з першых, да нас паспелі пабываць замежныя дэлегацыі.

Музей займае пяць залаў, кожная з якіх ілюструе этапы развіцця Беларусі ад…1994 года.

"Мы разважалі доўга, з якога года выстаўляць экспанаты — з 1990-га ці 1994-га. Супрацоўнікі музея прынцыпова выступалі за 1990 год, але перамаглі іншыя меркаванні", — кажа супрацоўнік музея.

Між тым, два дакументы, датаваныя 1990 і 1991 гадамі, у музеі ўсе ж такі ёсць.

Але асабіста маю ўвагу прыцягнула зала, што ілюструе працэс сучаснай краіны пасля развалу Савецкага Саюза. Знаходжу Закон Вярхоўнага Савета БССР аб перайменаванні БССР у Рэспубліку Беларусь за подпісам Старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча (!) ад 1991 года. Гэта першы і адзіны дакумент у музеі, падпісаны Старшынёй Вярхоўнага Савета, сёння апазіцыйным палітыкам.

Ёсць беглыя звесткі пра страйк і крызіс 1990-х, калі працаўнікі незадаволеныя заробкамі, выйшлі баставаць. Пра гэта нават можна паглядзець міні-фільм. Шчыра прызнаюся, нават не верылася, што гэта памяркоўныя беларусы. Але пра нядаўні эканамічны крызіс у музеі ні слова.

На стэндах размясцілася амаль уся прадвыбарчая праграма прэзідэнта. Тая, дзе прэзідэнт абяцае “адвесці народ ад прорвы”, пратакол Цэнтральнай выбарчай камісіі, улёткі аднаго (!) кандыдата, першыя прэзідэнцкія ўказы.

На пытанне, а як жа другія кандыдаты, супрацоўнік музея спасылаецца на недахоп месца:

“Фізічна ўсіх нельга размясціць, але мы стараемся пашырыць звесткі аб гэтым за кошт мультымедыя”.

Ну, нельга, дык нельга. Затое ёсць месца для макета неіснуючай АЭС.

Здзіўляе, што ў музеі ёсць дакументы з… “Пагоняй”. Напрыклад, Указ аб змене нацыянальнай сімволікі надрукаваны пад "Пагоняй". Экскурсавод асабліва звяртае ўвагу на Канстытуцыю, але на пытанне, а дзе першая Канстытуцыя 1994 года без зменаў і дапаўненняў, сціпла заўважае:

“У фондах, безумоўна, ёсць. Але тут прадстаўлена тая, якой мы карыстаемся”.

Добра-добра, хопіць троліць экскурсавода — ён тут ні пры чым....

Дарэчы, экскурсавод час ад часу звяртае нашу ўвагу на тое, што музей абсталяваны сістэмай разумнага святла. Тут шмат фота і відэа, якія можна паглядзець на спецыяльных экранах, кшталту інфакіёскаў з сэнсарным кіраваннем. Але, каб пазнаёміцца з фондамі мультымедыя, часу мала — на экскурсію адведзена толькі гадзіна.

Яшчэ адна асаблівасць музея — амаль цэлая зала прэзідэнцкіх падарункаў. Калекцыя шыкоўная, але бадай трохі нагадвае “Поле цудаў” з падарункамі ў студыю! У музеі некалькі фота з нашым кіраўніком і падарунак Уга прэзідэнту — Ордэн Вызваліцеля.

Дырэктар музея кажа, што экспазіцыі будуць дапрацоўвацца.

Пашпарт Аляксандра Лукашэнкі таксама знайшоў сваё месца ў экспазіцыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі