Олівер Стоўн здымае фільм пра выгнанне Януковіча з Украіны

Амерыканскі рэжысёр, сцэнарыст і прадзюсар Олівер Стоўн узяўся здымаць фільм пра "выгнанне" экс-прэзідэнта Віктара Януковіча з Украіны. Рэжысёр узяў у Януковіча ў Маскве чатырохгадзіннае інтэрв'ю. На яго думку, якую перадае УНІАН, у падзеях на Майдане заўважны "след ЦРУ".

Стоўн паведаміў, што новы дакументальны фільм яму замовілі ўкраінцы, але прозвішчаў заказчыкаў не назваў. Мяркуючы па словах рэжысёра, у сваім фільме ён будзе кіравацца толькі меркаваннем Януковіча і блізкіх яму сілавікоў.

Па словах Стоўна, у забойствах на Майдане вінаваты не Януковіч, а "іншыя элементы", уведзеныя ў цэнтр Кіева пры спрыянні Захаду з дапамогай ЦРУ. Рэжысёр вінаваціць так званых "радыкалаў-неанацыстаў" у выгнанні Януковіча і шматлікіх замахах на яго на шляху яго ўцёкаў.

Як перадае РБК, Стоўн лічыць, што лютаўскія падзеі ў Кіеве былі паказаныя ў заходніх СМІ "як вынік нестабільнага, грубага прарасійскага кіравання Януковіча". Рэжысёр лічыць гэта "сюррэалістычным скажэннем гісторыі". Таксама ён мяркуе, што трэба надаваць увагу не дзеянням Расіі ў Крыме, а дзеянням ЗША ва Украіне.

Олівер Стоўн — уладальнік трох "Оскараў", рэжысёр фільмаў "Твар са шнарам", "Узвод", "Уол-Стрыт: Грошы не спяць" і мноства іншых.

Фота — з фэйсбука Олівера Стоўна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі