Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130

Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130

Адна з самых гучных крымінальных спраў мінулага года, “SMS-мінаванне мінскага метро”, працягвае грымець і сёння. Еўрарадыё атрымала звесткі, што судовыя выканаўцы маглі занізіць кошты на канфіскаваную ў асуджанага тэхніку. Нехта авалодаў ноўтбукамі і планшэтам амаль задарма.

Як пра справу "SMS-мінёра" даведалася ўся краіна

Нагадаем, што 26 лютага рабочы трактарнага завода Канстанцін Сіманаў ехаў у сталічным метрапалітэне і пісаў сяброўцы правакацыйна-жартаўлівую SMS: “У мяне бомба я ў метро дзе ўзарваць код актывацыі падкажы” (правапіс арыгінала захаваны, — Еўрарадыё). Студэнтка БДУ зазірнула ў экран чужога тэлефона, выбегла з вагона і пра ўсё расказала ахове метро. Неўзабаве Канстанціна Сіманава затрымалі і змясцілі ў СІЗА, хоць аказалася, што нічога ўзрываць ён не збіраўся.

Інфармацыю пра здарэнне далі па ўсіх тэлеканалах. Праваахоўнікі і студэнтка выглядалі героямі, а Сіманава не выпусцілі ні праз месяц, ні праз паўгода.

Тады Еўрарадыё пачало праводзіць журналісцкае расследаванне і выйшла на 16-гадовую Ксенію, якой “SMS-мінёр” і пісаў паведамленне (падчас суда дзяўчыне было 17).

З акаўнта Ксеніі ў сацсетцы Еўрарадыё атрымала паведамленне: “Ты не разумееш, наколькі я з іх дапамогай утаптала яго ў бруд. Тут яму ніхто, мне здаецца, не дапаможа”.

“SMS-мінёра” асудзілі не толькі за “заведама лжывае паведамленне аб небяспецы”, але і за “згвалтаванне”, “дзеянні сексуальнага характару з малалетняй асобай”, “дэманстрацыю парнаграфіі”.

Далі 9 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым асноўнай пацярпелай была ўсё тая ж Ксенія, якая на судзе адмовілася ад паказанняў і паведаміла, што на яе ажыццяўляўся ціск.

На гэтым беды Сіманава і яго сваякоў не скончыліся. У дадатак суд пастанавіў, каб асуджаны сплаціў 90 мільёнаў на карысць міліцыі і Мінсктранса. А праз паўгода Сіманаву прысудзілі кампенсаваць метрапалітэну яшчэ 234 мільёны.

Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130

Тэхніка, як у “SMS-мінёра”, каштуе як мінімум удвая даражэй і ў канфіскаце, і на спецыялізаваных сайтах

Еўрарадыё атрымала копію прысуду па справе аб кампенсацыі ўпушчанай выгады метрапалітэну. Працэсы ціха прайшлі яшчэ сёлета ў красавіку, праз паўгода пасля асноўнага прысуду.

У рашэнні суда пералічваецца канфіскаваная ў Сіманава маёмасць, якая была рэалізаваная і пайшла на пагашэнне даўгоў. Гэта мабільны тэлефон “МТС Fit”, сумка з мацерыі чорнага колеру, 2 ноўтбукі “Sony Vaio”, планшэтны камп’ютар “Lenovo”, 2 металічныя гантэлі ў палімернай скрыні, DVD-прайгравальнік “BBK”.

Сваякі Сіманава прыгадалі, што ноўтбукамі і планшэтам Канстанцін і Ксенія пакарысталіся менш за год. Тэхніка была амаль новая. Блізкім давялося выплачваць за яе сотні долараў крэдыту.

Дык вось, кампетэнтныя дзяржаўныя органы ацанілі ўсю названую тэхніку ў 1 871 100 рублёў. На момант, калі судовае рашэнне набыло моц, па курсе Нацбанка гэта было каля 130 долараў.

Сума выглядае шалёна заніжанай, і вось чаму.

Заходзім на сайт дзяржаўнага гандлёвага дома "Усходні", дзе рэалізуюцца канфіскаваныя тавары. Шукаем тэхніку, як у Сіманава. Знаходзім ноўтбук Sony Vaio, які прадаецца ў адным з брэсцкіх філіялаў. Кошт складае 13,6 мільёна рублёў. Гэта ў 6 разоў даражэй, чым уся канфіскаваная маёмасць “SMS-мінёра”. Праўда, гэты ноўтбук, як паведамілі прадаўцы, выглядае новым. Але да яго няма ні ўпакоўкі, ні гарантыі.

Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130

У той жа краме прадаецца планшэт Lenovо, які быў у карыстанні. Каштуе ён 1 520 000 рублёў. Гэта самая танная прапанова па ўсіх філіялах ГД “Усходні”.

Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130

Заходзім у раздзел “Барахолка” на сайце “Онлайнер”. Праглядаем прапановы па такой жа тэхніцы, былой у карыстанні, якую канфіскавалі ў Сіманава. Пры гэтым арыентуемся на самыя нізкія кошты.

Знаходзім ноўтбук Sony Vaio за 1,9 мільёна. Але і гэта даражэй, чым ацанілі ўсю маёмасць Сіманава. Падкрэслім, што ў “Барахолцы” сярэдняя цана толькі на адзін такі ноўтбук — 3-4 мільёна.

Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130

Самы танны планшэт Lenovo каштуе 500 тысяч. Гаспадар папярэджвае, што з ім “часам бываюць глюкі”. Найтаннейшая прапанова па смартфоне “МТС Fit” — 200 тысяч. Па DVD-плэеры BBK — 150 тысяч.

Прапановаў па гантэлях і сумцы не знаходзім. Не будзем улічваць іх у канчатковых падліках.

Як бачыце, мы стараліся абапірацца на самыя нізкія кошты, не зважаючы на тое, што тэхніка можа быць дабітай. Але нават у такім выпадку ўся яна, калі купляць праз “Барахолку”, абыходзіцца ў 4 650 000 рублёў (каля 270 долараў). Атрымліваецца ў два разы даражэй, чым у выпадку з ацэнкай маёмасці Сіманава.

Хто праводзіў ацэнку і каму амаль задарма дасталіся ноўтбукі і планшэт SMS-мінёра?

Перш-наперш кошт маёмасці Сіманава маглі на вока прыкінуць у Следчым камітэце. Таму звяртаемся ў гэтае ведамства. Канчатковай ацэнкі там не праводзілі. Начальнік галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Сяргей Паско накіроўвае Еўрарадыё ў суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Старшыня суда Юрый Лебедзь паведамляе, што канфіскаваная маёмасць была перададзеная судовым выканаўцам — у аддзел прымусовага выканання (АПВ) Цэнтральнага раёна Мінска.

У названым АПВ пацвердзілі, што маёмасцю Сіманава распараджаліся менавіта яны. Але прапанавалі скласці афіцыйны запыт. У паперы Еўрарадыё пацікавілася, як праводзілася ацэнка маёмасці Сіманава і як тэхніка была рэалізаваная.

Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130
Судовыя прыставы ацанілі такую маёмасць "SMS-мінёра" ў 1 871 100 рублёў. У інтэрнэце сумарны кошт такіх прыладаў пачынаецца ад 4 650 000.

“У сувязі з тым, што Вы не з’яўляецеся бокам па выканаўчай вытворчасці, даць вам запытаную інфармацыю не прадстаўляецца магчымым”, — так начальнік АПВ Цэнтральнага раёна Мінска Глеб Прыходзька пазбег адказу на пытанне.

Ноўтбукі, планшэт і іншую тэхніку “мінёра з метро” дзяржава ацаніла ў $130

Але падкрэслім, што сам “SMS-мінёр” адстаяць свае правы наконт маёмасці не мог. Па-першае, ён чалавек юрыдычна няграматны. Па-другое, яму пастанавілі сплаціць больш за 300 мільёнаў. У такой сітуацыі Сіманаву сёння не да барацьбы за лішнія 200-300 долараў.

Сваякі “SMS-мінёра” кантактавалі з праваахоўнымі органамі толькі праз адваката, чые паслугі каштуюць, мякка кажучы, нятанна. Грошай на тое, каб прад’явіць у АПВ Цэнтральнага раёна Мінска прэтэнзіі наконт ацэнкі маёмасці, у іх няма.

Што думае кіраўніцтва Мінюста?

Праз чатыры месяцы пасля таго, як рашэнне па маёмасці Сіманава было прынятае судом, у галоўным упраўленні прымусовага выканання Мінюста пра гэта… не ведалі. Названае ўпраўленне курыруе ўсе аддзелы прымусовага выканання краіны. Выходзіць, Мінюст не кантралюе свае тэрытарыяльныя падраздзяленні на 100%.

Першы намеснік міністра юстыцыі Валерый Кулакоўскі патлумачыў агульны механізм працэдуры ацэнкі маёмасці. І тое, што спагнаннік і даўжнік могуць уплываць на працэс, заяўляць хадайніцтвы па экспертызе. Усё гэта каштуе нятанна і спрэчная сітуацыя можа дайсці да суда.

Калі меркаваць па гісторыі з маёмасцю Сіманава, шараговыя судовыя выканаўцы разумеюць, што людзі далёка не заўсёды бяруцца адстойваць свае правы. Выходзіць, ацэньваць і рэалізоўваць канфіскаваную маёмасць можна, як карта ляжа.

Спадзяёмся, прыведзеная Еўрарадыё інфармацыя стане нагодай для таго, каб кампетэнтныя праваахоўныя органы праверылі АПВ Цэнтральнага раёна Мінска і далі грамадскасці адказ, хто ацэньваў маёмасць Сіманава і каму дасталіся ноўтбукі і планшэт асуджанага.

Галоўнае фота: belapan.com 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі