Наступствы засухі: Зменшыцца ўраджай збожжавых і вывадкі ў буслоў

У беларускіх рэках зафіксавалі гістарычны мінімум вады. Гэта звязваюць з мінімальнымі ападкамі ўзімку, адсутнасцю паводкі і засушлівым пачаткам лета. Па некаторых рэках ужо не могуць плаваць судны.


Пагроза судаходству

"На некаторых рэках узровень вады дасягнуў небяспечнага значэння. Гэта значыць, такі ўзровень вады небяспечны для баржаў і яшчэ некаторых суднаў. Такія месцы ёсць на Беразіне, на Сожы і на Дняпры. Але вада там усё ж ёсць", — апісваюць наступствы ў дэпартаменце па гідраметэаралогіі Мінпрыроды.

Рака Прыпяць напрыканцы чэрвеня


Замор рыбы


З-за нізкага ўзроўню вады можа пацярпець рыба ў вадаёмах. Бо ў вадзе не хапае кіслароду. Гэта можа справакаваць заморныя з'явы.


"Небяспека заморных з'яваў ёсць для рыбы, і яны ўжо прысутнічаюць, але гэта не прымае пакуль масавага характару. Каб усё ўзнавілася, мусяць прайсці актыўныя дажджы. Але гэта можа справакаваць паводкі, што таксама блага", — аналізуюць у дэпартаменце гідраметэаралогіі Мінпрыроды.

Рака Гарынь, Давыд-Гарадок
 

У птушак менш птушанят


У буслоў і іншых відаў, якія жывуць каля вадаёмаў, зніжаецца вывадак. На Прыпяці ў некаторых месцах у качак зусім не было птушанят. На Тураўскім лузе, важным для гнездавання птушак, сёлета вывадак нулявы. Такія дадзеныя агучвае спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях "Аховы птушак Бацькаўшчыны" Сямён Левы:

"Для многіх рэк на Палессі назіралася падобная карціна: калі недасяжная раней з-за вады тэрыторыя стала дасяжнай для драпежнікаў. Гэта заўважна адбіваецца на вывадку птушак. Але за адзін год такі ўплыў можа моцна не адбіцца на папуляцыі. Бо ў іншых месцах птушкі гняздуюцца і выводзяць птушанят".


Пры гэтым у буслоў сёлета налічваюць па 1-2 птушанятах (пры нармальным вывадку 2-5). Арнітолагі нават кажуць пра выпадкі, калі буслы выкідваюць слабых птушанят з гнёздаў.

Возера Чырвонае


Каля 6% ураджайных плошчаў сапсаваныя засухай


У міністэрстве сельскай гаспадаркі не прадракаюць вялікіх страт з-за засухі. Але прызнаюць, што Гомельская вобласць сёлета пацярпела ад сонца, таму ўраджай усё ж будзе крыху меншы.


"Пацярпелая найбольш — Гомельская вобласць, мы, вядома, з-за яе недабярэм крыху. Але ўраджаю ўсім хопіць".


Па папярэдніх падліках спецыялістаў з навукова-практычнага цэнтру па земляробстве Акадэміі навук, сёлета збяруць каля 7 мільёнаў тон збожжа, паведамляе Белта. Летась сабралі больш за 9 мільёнаў тон.

Фота: Еўрарадыё, на 1 фота - наступствы засухі на Прыпяці пад Петрыкавам

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі