На Браслаўшчыне "зачысцілі" аграэкасядзібы: з 300 засталося толькі 5

Камісіі з чыноўнікаў і сілавікоў "зачысцілі" аграсядзібы

Камісіі з чыноўнікаў і сілавікоў "зачысцілі" аграсядзібы / pixabay.com

На Браслаўшчыне "зачысцілі" аграэкасядзібы: з 300 засталося 5. Катастрафічную статыстыку агучылі ў Віцебскім аблвыканкаме.

Галоўны спецыяліст сектара турызму і фізкультурна-аздараўленчай работы ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Вольга Фёдарава нагадала, што аграсядзібы да 1 ліпеня 2023-га павінны былі прайсці перарэгістрацыю. Асноўнай прэтэнзіяй да іх уладальнікаў стала тое, што "іх дзейнасць сышла больш у здачу жылля ў наём". І атрымалася, што чыноўнікі абяцалі "павышэнне якасці аказваемых паслуг", выключэнне магчымасці "весці гасцінічны або рэстаранны бізнес пад выглядам аграэкасядзіб", а таксама "абарону правоў грамадзян, якія пражываюць па суседстве", а ў выніку знішчылі аграэкасядзібы.

"У Віцебскай вобласці было вельмі шмат аграэкасядзіб. Асноўная маса прыходзілася на Браслаўскі раён... Тыповыя парушэнні, якія выяўляла камісія — неадпаведнасць заканадаўству. У кагосьці былі пытанні па гігіене... Нават, калі ў іх ўстаноўлена мангальная зона, то па новых патрабаваннях павінна быць абавязкова і праточная вада, а раней такая дзейнасць магла ажыццяўляцца ў доме, на хутары і іх не правяралі", — рапартуе Фёдарава. Яна лічыць, што "гэта вялікі плюс, што ў нас засталіся лепшыя з лепшых сядзіб, якія працуюць па вузкай спецыялізацыі". На сённяшні дзень у Віцебскай вобласці зарэгістравана толькі 162 аграэкасядзібы. У двух раёнах — Дубровенскім і Талачынскім — іх зусім няма. "Рэкардсменам" з'яўляецца Глыбоцкі раён — 32 аграэкасядзібы.

Пра тое, што аграсядзібы ў Беларусі чакае рэвізія, стала вядома ў пачатку восені 2022-га. Ужо праз месяц Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб развіцці аграэкатурызму".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі