На Шаркаўшчыне ўшанавалі памяць стваральніка іўрыту

У імпрэзе ўдзельнічалі краязнаўцы, прадстаўнікі габрэйскіх суполак, журналісты. Арганізаваў імпрэзу культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча, які ўзначальвае Ада Райчонак, а таксама Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры на чале з Антонам Астаповічам.



Удзельнікі мерапрыемства сабраліся ў Лужках, былым мястэчку, дзе нарадзіўся Лазар Перэльман, які потым стаў вядомы як Эліязэр Бен-Іегуда. Потым удзельнікі паехалі ў вёску Верацеі, дзе ў будынку былой школы прайшлі чытанні, прысвечаныя Бен-Іегудзе. На іх сабралася каля паўсотні чалавек. З дакладамі выступілі пісьменнік і перакладчык Павал Касцюкевіч, кандыдат гістарычных навук з Гродна Іна Соркіна, краязнаўцы з Глыбокага Юры Калбасіч і Зміцер Лупач. Госці з Віцебска Яна Осіпава і Аляксандр Шурыц прадставілі гасцям габрэйскія песні.



Як адзначыла Ада Райчонак, мясцовыя ўлады прыязна паставіліся да гэтай імпрэзы і дапамаглі ў яе правядзенні.



Антон Астаповіч, кіраўнік Таварыства па ахове помнікаў, паведаміў прысутным, што існуе праект аднаўлення сінагогі ў Лужках, і ў наступным годзе ён пачне выконвацца.


Пасля ўдзельнікі мерапрыемства наведалі брацкую магілу ахвяраў гета ў Лужках, дзе адбыўся мітынг памяці па загінулых.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі