На рэстараны Mak.by ужо ёсць пакупнік — Лукашэнка

Рэстаран Mak.by, ілюстрацыйнае фота

Рэстаран Mak.by, ілюстрацыйнае фота

Сетку рэстаранаў Mak.by гатовы купіць беларускі бізнесовец. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"З'явіўся прыватнік, які гатовы купіць іх, заплаціць грошы, і грошы немалыя. Нармальны беларус, у якога ёсць уласнасць, гатовы развіваць гэтую сетку", — цытуе БЕЛТА яго словы. Імя бізнесоўца не называлася, але раней з'яўляліся звесткі, што ім можа быць Аляксей Алексін.

Цяпер у сетцы налічваюцца 25 рэстаранаў. Лукашэнка паабяцаў дапамагчы ў павелічэнні іх колькасці: "Калі ласка, мы дамо яшчэ ў гарадах, у абласных цэнтрах для гэтай сеткі месца для развіцця, будаўніцтва новых рэстаранаў. Не — аддамо старыя, якія ў нас дрэнна працуюць або ў напаўзачыненым стане. Мы гатовыя ў гэтым плане дапамагчы".

Раней гэтыя рэстараны працавалі пад брэндам Mcdonald's. У лістападзе 2022 года кампанія пакінула Беларусь — пасля сыходу з расійскага рынку. Спярша меркавалася, што іх месца зойме сетка "Вкусно и точка", як у Расіі, але Лукашэнка запатрабаваў, каб аддаць беларускім вытворцам. У красавіку 2023-га на рэстаранах з'явіліся шыльды Mak.by.

Але ўжо ў кастрычніку 2023-га Мінскі эканамічны суд пастанавіў перадаць рэстараны ад ўладальнікаў — кампаніі KSB VICTORY RESTAURANTS PTE.LTD, зарэгістраванай у Сінгапуры, у распараджэнне Дзяржкамітэта па маёмасці. Апеляцыя ў Вярхоўны суд гэтае рашэнне не змяніла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі