Мінскім антыфашыстам далі прысуды — ад 4 да 12 гадоў

Мінскім антыфашыстам далі прысуды — ад 4 да 12 гадоў

10 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска агучаныя прысуды па так званай "справе антыфашыстаў". Як піша nn.by, суддзя фактычна задаволіў усе патрабаванні пракурора.

"Справа антыфашыстаў" узнікла пасля бойкі паміж "ультраправымі" фанатамі мінскага "Тарпеда" і "антыфашыстамі", што падтрымліваюць "Партызан". Яна адбылася 29 чэрвеня 2014 года. 10 ліпеня 2014 года на дзесяцярых чалавек пачалі крымінальныя справы за хуліганства. Шкода тралейбуснаму парку склала 280 тысяч "старымі", пацярпелых сярод пасажыраў не было. Неўзабаве справу прыпынілі, а ўсіх затрыманых адпусцілі. Аднак у 2016 годзе яе аднавілі, калі міліцыянты правялі працу з Чартовічам і Краўчанкам, затрыманымі за наркотыкі. Тады ў мінскіх "антыфа" адбыліся ператрусы. Міліцыянты затрымалі Валавіка, Бойку, а таксама Цехановіча і Іванова (апошніх двух пазней адпусцілі з-пад варты).

Найбольш жорсткія прысуды атрымалі Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч, якіх вінавацяць акрамя ўсяго ў незаконным абароце наркотыкаў. Хлопцы асуджаныя на 12 гадоў строгага рэжыму.

10 гадоў калоніі строгага рэжыму прысудзілі Іллю Валавіку: акрамя хуліганства яго абвінавацілі ў кіраванні шэрагам незарэгістраваных арганізацый (фанацкіх суполак).

За злоснае хуліганства на 4 гады асуджаныя Філіп Іваноў і Вадзім Бойка. Дзмітрый Цехановіч асуджаны на 6 гадоў агульнага рэжыму.

Цехановіча і Іванова, якія раней былі на волі, цяпер у зале суда ўзялі пад варту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі