У Вярхоўным судзе за правакацыйныя майкі затрымалі "кандыдатаў пратэсту"

У Вярхоўным судзе за правакацыйныя майкі затрымалі "кандыдатаў пратэсту"

19 траўня ў будынку Вярхоўнага суда каля 15-й гадзіны затрымалі групу "кандыдатаў пратэсту" (паплечнікаў апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча), якія прыехалі абскарджваць сваю нерэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркаме. 

"Падчас разгляду скаргі "кандыдаткі пратэсту" Анжалікі Жалезняковай у зале суда былі затрыманыя людзьмі ў цывільным сама Анжаліка Жалезнякова, "кандыдат пратэсту" з Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі, "кандыдатка пратэсту" з Баранавічаў Тамара Патоцкая, актывісты "Народнай грамады" Сяргей Спарыш, Арцём Бабок і яшчэ двое маладых людзей, прозвішчы якіх мы пакуль што не ведаем. Усе яны знаходзяцца зараз у Цэнтральным РУУС", — распавёў карэспандэнту Еўрарадыё Мікалай Статкевіч.

Міліцыянеры палічылі непавагай да суда слова "УБЫВАЙ" з дзвюма кропачкамі над літарай "Б" на майках, у якіх былі "кандыдаты пратэсту".

Сёння абскарджвалі адмовы ў рэгістрацыі тыя "кандыдаты пратэсту", чые дакументы ЦВК разглядала 15 траўня. Агулам за два пасяджэнні Цэнтрвыбаркам адмовіў 33 прэтэндэнтам — пераважна гэта былі "кандыдаты пратэсту", у тым ліку і сам Статкевіч. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі