Макей: прапановы з Масквы былі абсалютна непрымальныя для Беларусі

Макей: прапановы з Масквы былі абсалютна непрымальныя для Беларусі

Першапачатковыя прапановы з Масквы былі "абсалютна непрымальныя" для Беларусі. Яны датычылі стварэння нейкіх "наднацыянальных структур", ад чаго ў далейшым адмовіліся. Пра гэта ў інтэрв'ю РБК распавёў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Адной з галоўных тэмаў былі інтэграцыйныя працэсы ў дачыненнях нашай краіны і Расійскай Федэрацыі. Па словах Макея, "праграма паглыбленай інтэграцыі" не нясе нейкай пагрозы для незалежнасці Беларусі. А пабудаваць федэрацыю ці канфедэрацыю з іншай дзяржавай ужо немагчыма, мяркуе беларускі міністр.

"Ужо некалькі пакаленняў вырасла ў незалежнай дзяржаве, і ніхто не гатовы пакласці на алтар гэтую незалежнасць, — гаворыць Уладзімір Макей. — ...Я ўвогуле не разумею, як мог бы першы прэзідэнт краіны, які стварыў незалежную дзяржаву, ахвяраваць гэтай незалежнасцю, і кім бы ён увайшоў у гісторыю".

Макей падкрэслівае, што згаданая інтэграцыйная праграма адпавядае саюзнай дамове Беларусі і Расіі 1999 года. Што да "непрымальных прапаноў", то іх ініцыявалі "некалькі [расійскіх] структур". Пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Санкт-Пецярбургу ад прапаноў адмовіліся, паколькі яны не адпавядалі зместу саюзнай дамовы. Падчас перамоваў сканцэнтраваліся "на эканамічнай праблематыцы".

"Суверэнітэт для абедзвюх дзяржаў — гэта святое, і Беларусь не мае намеру ахвяраваць ім ва ўгоду нейкім кан'юнктурным меркаванням", — сказаў міністр замежных спраў нашай краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі