Любімыя клубы і футбалісты беларускіх футбольных чыноўнікаў

31 сакавіка ў Беларусі абралі новы склад выканкама Федэрацыі футбола, а таксама зацвердзілі план развіцця гэтага віду спорту на некалькі гадоў. Еўрарадыё пагутарыла з чатырма членамі выканкама, некаторыя з якіх, здавалася б, да футбола не маюць дачынення, і даведалася, што яны лічаць самым важным для беларускага футбола, за якія клубы балеюць, якіх футбалістаў любяць больш за іншых і як ставяцца да першых гульняў зборнай за Хацкевічам.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Глаз, старшыня абласной Магілёўскай федэрацыі (узначальвае яе трэці тэрмін запар), займаўся футболам на аматарскім узроўні, скончыў пасля траўмы.

“Я лічу самым важным, што атрымалася зрабіць, гэта заключыць дамову з “Аяксам” аб Акадэміі футбола. Гэта, наўпрост кажучы, наша перамога… Па дамове, “Аякс” будзе працаваць і з рэгіянальнымі трэнерамі — у Гродне, Гомелі, Брэсце і гэтак далей. І з дзецьмі таксама — гэта вельмі добра. Гэта прарыў”, — расказвае магілёўскі футбольны чыноўнік.

На думку Анатоля Глаза, такая сістэма падрыхтоўкі маладых футбалістаў у Беларусі дасць вынік ужо “гадоў праз пяць”. І потым ужо будзе “усё, што трэба”.

"За “Белшыну” і за “Дняпро”, усё жыццё. “Гэта мой галаўны боль”. Заўсёды таксама захапляюся “Рэалам”, з пераменным поспехам за “Чэлсі”. Яны то так гуляюць, то так гэтак. А за расійскія клубы, шчыра кажучы, не перажываю. Бо там вельмі шмат легіянераў, гэта мне не падабаецца. Гэта не футбол.

На футбол хаджу амаль увесь час. У Магілёве. У Бабруйск на “Белшыну” радзей выбіраюся. Але калі шчыра прызнацца, то палову трэцяга круга ў мінулым годзе я і на “Дняпро” не хадзіў. Каб не расстройвацца.

З футбалістаў вельмі паважаю нашага земляка Цімафея Калачова. Яго здымак мы размясцілі на кнізе пра магілёўскі футбол. Паважаю Віталя Радзівонава, у мінулым годзе яму ўручаў прыз як лепшаму нападаючаму. З мінулых часоў — наш родненькі Пракапенка, я яго памятаю. У Бабруйску мы праводзім штогадовы турнір яго памяці.

Глядзеў апошнюю гульню зборнай, вядома. Лічу, што трэнер Аляксандр Хацкевіч тут нават не столькі павінен быць трэнерам, бо за тыдзень збораў перад матам ён жа не перавучыць гуляць футбаліста, колькі магутным псіхолагам і арганізатарам. Каб мабілізаваў на гульню. І, напэўна, Хацкевічу гэта ўдалося".

Былы намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Надтачаеў цяпер кіраўнік Гомельскай абласной федэрацыі футбола.

"Усё, што прынялі на пасяджэнні, важна. Але вось будаўніцтва футбольных манежаў — гэта вельмі важнае пытанне. Было б вельмі добра іх пабудаваць, бо ў Беларусі тэмпературны рэжым не дазваляе круглы год займацца футболам. Крытыя манежы ў кожным абласным цэнтры дазволілі б пашырыць такія магчымасці. Даўжэй можна было б займацца футболам. Матэрыяльную базу ўвогуле неабходна паляпшаць.

Я за “Гомель” балею, вядома. Сёлета гэта будзе абсалютна іншая каманда — на 80% з маладых мясцовых футбалістаў. Такі накірунак у вобласці мы абралі. Балею і за зборную, вядома. Вось яна ажывілася цяпер. Прыход Хацкевіча добра паўплываў. З замежных падабаецца “Баварыя”, яшчэ англійскія клубы люблю, там шмат вельмі цікавых. Іспанія — тут змешаныя пачуцці. “Барселона” і “Рэал”, вядома, топавыя клубы, але мне больш падабаецца “Атлетыка”. Еўрапейскі футбол увесь цікавы, тэлетрансляцыі прыемна глядзець.

З футбалістаў сачу за Маеўскім, нашым гомельскім выхаванцам. Павінен выстраліць. У сакавіку ён стаў лепшым футбалістам Польшчы. З больш узроставых — Глеб, Калачоў. Стасевіч, праўда, крыху губляецца. Спадзяюся, што ў бліжэйшыя два гады змена адбудзецца, больш з’явіцца маладых футбалістаў.

На футбол хаджу пастаянна, у Гомелі на ўсе матчы. На выездах бываю радзей, але калі трапляю, то таксама іду".

Былы рэферы ФІФА Алег Чыкун, цяпер старшыня Мінскай абласной федэрацыі футбола.

"Мы зробім крокі ў плане развіцця. Дай божа, каб новая праграма рэалізавалася. Там важнае і будаўніцтва манежаў, і развіццё дзіцячага футбола.

Я шмат якім камандам сімпатызую, шчыра кажучы. А любімых як такіх у мяне няма. Па стылі гульні мне шмат якія падабаюцца. Я калі і суддзёй быў, і калі інспектарам — пастаянна глядзеў футбол. Таму я радуюся прыгожаму футболу. І рознаму.

З футбалістамі ў мяне вельмі цёплыя адносіны. Шмат з кім. Але вось я асабіста добра знаёмы і мы сустракаемся часам з Віталем Радзівонавым. З ім вельмі цесныя добрыя адносіны. Але і з іншымі таксама — не хачу тут некага пакрыўдзіць.

Зборная, далібог, каб гуляла далей так, як стартавала з новым трэнерам. Да канца гэтага адборачнага цыкла і ў наступным. За зборную трэба заўсёды душой і сэрцам балець".

Былы трэнер брэсцкага “Дынама” Яўген Трацюк, старшыня Брэсцкай абласной футбольнай асацыяцыі, дэлегат УЕФА.

"Самае важнае — гэта тое, што нарэшце прынятае кардынальнае рашэнне пра арыентацыю на дзіцяча-юнацкі футбол… Пачынаць трэба менавіта з будаўніцтва фундамента. Хаця вось гэты момант, што арыентацыю зрабілі толькі на галандскі футбол, ён мяне крыху насцярожвае. Таму што трэба ад усіх браць лепшае. І ад немцаў, і ад іспанцаў, і ад англічан. Трэба не слепа капіяваць адно, а здымаць вяршкі адусюль. А яшчэ мне падаецца, што трэба браць вопыт краін былой Югаславіі. Там хоць краіна развалілася, але праца з маладымі футбалістамі вядзецца вельмі грунтоўная, і яна дае свае вынікі.

У беларускім футболе мне адназначна падабаецца праца БАТЭ і “Дынама Мінск”. Мне вельмі падабаецца, што ў гэтых камандах рознае разуменне футбола. Сёлета, праўда, я яшчэ не бачыў ніводнай гульні. Але там заяўлены акцэнт на атаку — гэта вельмі добра. Будзе цікава.

У сусветным футболе мне адназначна падабаецца “Барселона”. Цяпер там большы акцэнт на індывідуальную гульню, і гэта падабаецца і спецыялістам, і гледачам. Калі адзін нападаючы ў стане абыграць некалькіх сапернікаў. Гэта той футбол, які патрэбны… Вядома, мне падабаецца назіраць за “Баварыяй”. Яны спалучаюць іспанскі варыянт валодання мячом і нямецкі сілавы ціск. Яшчэ “Барусія”. Гэта першая каманда, якая пачала ў сусветным футболе выкарыстоўваць вельмі высокі актыўны прэсінг. Яна дала штуршок да развіцця футбола. Цяпер шмат хто стаў браць гэтыя напрацоўкі ў пераходзе ад абароны да атакі. Гэта заслуга “Барусіі” і яе трэнера Юргена Клопа.

З футбалістаў я люблю паглядзець на тройку нападаючых “Барселоны”, пачынаючы з Месі. У “Баварыі”, вядома, Гёсэ. Хоць ён гулец “Барусіі” хутчэй. Але я б яго выдзеліў — ён малайчына. Ну, і Мюлер. Хоць і не валодае нейкімі хуткаснымі якасцямі, але гэта ўнікальны нападаючы. Чалавек-гол. Вось гэтых футбалістаў я б вылучыў.

З беларускіх, шчыра кажучы, такіх, якія б маглі на пэўным участку поля вырашыць нешта, абыграць 2-3 апанентаў, то такіх футбалістаў у беларускім футболе не бачу. Магчыма, дрэнна гляджу. З усіх я б выдзеліў ўсё ж Антона Пуцілу. Гэта ўнікальны гулец. Але ён не раскрыў свой патэнцыял і наўрад ці некалі ўжо раскрые.

Зборная пачала мяняцца і мы бачым, што ў лепшы бок. Маральны клімат у камандзе рэзка змяніўся. Футбалісты выходзяць на максімуме сваіх якасцяў. Гэта шмат каштуе. Хацкевіч здолеў вакол сябе сабраць гульцоў, зарадзіць іх агульнай ідэяй. Першы вынік добры, пазітыўны. Тут можна толькі вітаць. Як далей будзе — паглядзім. Там складаныя гульні. Калі будзе тое самае — зборная будзе развівацца. Іншая справа, што трэба вырашаць дзве задачы. Займаць трэцяе месца ў групе, а гэта цалкам рэальна, і заняцца амаладжэннем каманды. Бо на сёння яна добрая, а праз два гады будзе ужо не зусім".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі