Лукашэнка: Нармальны чалавек — праходзь, не — камп'ютар пакажа: тэрарыст!

Лукашэнка: Нармальны чалавек — праходзь, не — камп'ютар пакажа: тэрарыст!

У пятніцу, 20 студзеня, Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра ўвядзенне ў Беларусі ў лютым 2017-га пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін (яны мусяць прыбываць у нашу краіну выключна праз Нацыянальны аэрапорт Мінск). Ён заявіў, што і для нашай краіны, і для яе суседзяў новаўвядзенне не прынясе нейкіх рызыкаў. Паводле слоў Лукашэнкі, дакумент распрацоўваўся паўтара года, у гэтым удзельнічалі ўсе зацікаўленыя дзяржорганы.

Аляксандр Лукашэнка згадаў інфармацыйную кампанію, якая з'явілася ў СМІ. Верагодна, ён мае на ўвазе шэраг расійскіх інфармацыйных рэсурсаў.

"Часам знаёмішся з заўвагамі гэтых аўтараў і дзіву даешся. Гэта людзі, якія не разумеюць сутнасці ці ж спецыяльна нагнятаюць сітуацыю, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Хутчэй за ўсё, адмыслова. Адмена віз не азначае адмены памежнага кантролю. Як ён быў, так і ёсць. Цябе абавязкова правераць, хто ты такі, дакладна так, як у Расіі — пашпарт прад'явіў, камп'ютар адзначыў. Нармальны чалавек — праходзь, пяць дзён жыві ў Беларусі. Не — кампутар адразу пакажа: тэрарыст! Не дай Бог, такога ў нас яшчэ не было".

Таму "выццё і крыкі з боку некаторых сумежных дзяржаў" — гэта проста спроба выказаць незадавальненне з боку пэўных сілаў, сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, увядзенне 5-дзённага бязвізавага рэжыму — суверэннае права Беларусі. Наша краіна не парушыла дамоўленасцяў з іншымі дзяржавамі, у тым ліку і з Расіяй.

20 студзеня Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў рашэнне на ахову дзяржаўнай мяжы Беларусі органамі памежнай службы ў 2017 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі