Лідара “Перспектывы” Шумчанку аштрафавалі на 6,3 мільёна за Дзень Волі

Лідара “Перспектывы” Шумчанку аштрафавалі на 6,3 мільёна за Дзень Волі

Старшыню прадпрымальніцкага аб’яднання “Перспектыва” Анатоля Шумчанку аштрафавалі на 30 базавых велічынь (6,3 мільёна рублёў) за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на Дзень Волі 25 сакавіка. Пра гэта лідара прадпрымальнікаў уведамілі, даслаўшы адпаведную пастанову суда Савецкага раёна Мінска.

Шумчанка паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ўлады не пакінулі яму шансаў паўдзельнічаць у гэтым судзе: позва з запрашэннем у суд на 24 траўня прыйшла яму поштай толькі 25 траўня. Пры гэтым рашэнне суда яму даставілі паштовым кур’ерам, пад роспіс.

Рашэнне пра штраф вынесла суддзя Вольга Дубаневіч. Шумчанка мае намер абскардзіць гэтую пастанову.

25 сакавіка ў Мінску прайшла акцыя на Дзень Волі. Мінгарвыканкам дазволіў у той дзень зладзіць шэсце ад кінатэатра “Кастрычнік” да плошчы Бангалор, а потым правесці мітынг у парку Дружбы народаў. Аднак апазіцыя пачала акцыю з масавага ўскладання кветак да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы і правяла там мітынг, а затым прайшла калонай да станцыі метро “Акадэмія навук”. За ўдзел у гэтай акцыяй па-за дазволеным фарматам ужо два месяцы працягваюць судзіць палітыкаў і грамадскіх актывістаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі