Лідара брэсцкага "марша недармаедаў" асудзілі на пяць сутак

Лідара брэсцкага "марша недармаедаў" асудзілі на пяць сутак

У судзе Бярозаўскага раёна 9 сакавіка судзілі фермера Аляксандра Кабанава — лідара брэсцкага "марша недармаедаў". Як піша nn.by, на яго былі пачатыя адразу тры адміністратыўныя справы. 

Дзве справы былі звязаныя з акцыямі пратэсту: Кабанава быццам ён парушыў закон аб масавых мерапрыемствах і лаяўся матам. Выпадак з лаянкай Кабанаў лічыць правакацыяй: раніцай каля яго дома нейкі мужчына запатрабаваў у яго цыгарэту, пасля грошы, а потым сам аблаяў. Потым гэты самы мужчына — жыхар Паўночнага гарадка Бярозы Сычык — напісаў на Кабанава заяву ў міліцыю. Сведкамі на судзе былі міліцыянты, што сядзелі зранку ў машыне каля дома фермера. 

На судзе 9 сакавіка выявілася, што судзіць Кабанава будуць і па трэцяй справе: ён раней не з'явіўся ў суд па позве. Сам актывіст кажа, што папярэджваў, што не зможа з'явіцца ў суд і паказваў квіткі на цягнік. Міліцыянты, якія сведчылі супраць яго, заяўлялі, што Кабанаў і лаяўся мацюкамі, і на суд не з’явіўся невядома чаму.

Суддзя Наталля Вакульчык прызнала за фермерам віну толькі ў парушэнні закону аб масавых мерапрыемствах і прысудзіла яму пяць сутак арышту. Кабанава ўзялі пад варту ў зале суда.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі