Коратка. Самае галоўнае ў працэсе "Матолька супраць БТ"

Коратка. Самае галоўнае ў працэсе "Матолька супраць БТ"

Супрацьстаянне Антона Матолькі і Белтэлерадыёкампаніі зацягнулася больш чым на 1,5 года. За гэтыя час можна заблытацца ў нюансах. Тлумачым і нагадваем асноўныя моманты.

 

Хто такі Антон Матолька?

Вядомы беларускі фатограф і блогер. Прычым слова "вядомы" ўжытае не проста так. Толькі ў фэйсбуку ў Матолькі больш за 7000 падпісчыкаў. Ёсць яшчэ асабісты сайт, блог на лайвджорнал і твітар з інстаграмам. Відаць, гэта самы папулярны фатограф краіны. Здымае амаль усё — ад рэпартажаў для папулярных СМІ да вяселляў і дзяўчат на вуліцах Мінска. У дадатак Матолька актыўна праяўляе грамадзянскую пазіцыю, выступаючы за паляпшэнне жыцця ў Мінску. Агітуе за выкананне правілаў дарожнага руху і добраўпарадкаванне вуліц і двароў. За гэта Антона Матольку і любяць, і амаль ненавідзяць.

 

У чым сутнасць працэсу?

17 сакавіка 2015 года ў начным небе над Беларуссю можна было бачыць рэдкую прыродную з'яву — паўночнае ззянне. Пра яе стала вядома загадзя — на Сонцы зарэгістравалі магутны магнітны шторм, які праз некалькі дзён і стаў прычынай паўночнага ззяння нават у такіх шыротах, як наша. Сярод шматлікіх фатографаў, якія вырашылі зрабіць здымкі ззяння, быў Матолька. Ён паехаў у Вязынку, дзе паспеў зрабіць некалькі кадраў. Апрацаваў іх і выклаў на свой сайт і блог, адкуль здымкі разышліся па сацсетках.

На наступны дзень, 18 сакавіка, фота Матолькі паказалі ў якасці ілюстрацыі ў навінах на канале "Беларусь 1". Сам фатограф пра гэта даведаўся з каментароў у фэйсбуку і твітары. Па словах Матолькі, ніхто з прадстаўнікоў БТ з ім не звязваўся і дазволу на выкарыстанне здымкаў не прасіў.

Фатограф піша ліст у дырэкцыю Белтэлерадыёкампаніі, атрымлівае адказ ад кіраўніка БТ Генадзя Давыдзькі. У ім гаворыцца, што ўсё ў парадку і дазвол Матолькі на выкарыстанне яго фота быў непатрэбны. Праз год пасля гэтых падзей Антон Матолька падае ў суд.

 

Коратка. Самае галоўнае ў працэсе "Матолька супраць БТ"

"Я дзве начы заснуць не мог". Першы дзень суда Матолькі супраць БТ

"Фізічных пакутаў я не адчуваў, толькі маральныя... Мяне называлі фатографам, які аддае фотаздымкі БТ. Убачыўшы свае фотаздымкі ў сюжэтах, я адчуў сябе падманутым... У мяне быў стрэс. Я не мог нармальна спаць некалькі сутак"

Пазіцыі бакоў

Антон Матолька патрабуе ад БТ кампенсацыі за выкарыстанне здымкаў памерам 20 базавых і кампенсацыі маральнай шкоды (гаворыць, што дзве ночы не мог заснуць) памерам 1 стары недэнамінаваны рубель.

Белтэлерадыёкампанія ў асобе кіраўніка аддзела прававой і юрыдычнай працы Андрэя Жылінскага настойвае, што дазволу на публікацыю здымкаў Антона Матолькі прасіць не трэба было, і фота паўночнага ззяння можна выкарыстоўваць як заўгодна ў сваіх мэтах. Жылінскі на судзе заявіў, што паўночнае ззянне — гэта "сацыяльная з'ява грамадскага жыцця". І спаслаўся на Указ кіраўніка краіны, які дазваляе БТ выкарыстоўваць любыя матэрыялы, што дазваляюць своечасова інфармаваць грамадзян аб важных для іх падзеях.

 

Мастацкая экспертыза выкарыстаных Белтэлерадыёкампаніяй здымкаў Матолькі

Аб ёй хадайнічаў юрыст БТ Жылінскі. У якасці эксперта суд прызначыў Андрэя Чупрынскага — ён кандыдат мастацтвазнаўства і кіруе кафедрай кінааператарства ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Чупрынскі рабіў экспертызу амаль месяц. У выніку на 11 старонках распісаў свой погляд на фотаздымкі паўночнага ззяння, зробленыя Матолькам, не ўбачыўшы ў іх мастацкай вартасці. "Адсутнічае прынцып мастацкай навізны", — напісаў Чупрынскі. Тэкст экспертызы, выкладзены Матолькам у інтэрнэце, выклікаў хвалю абурэння як у звычайных людзей, так і ў прафесійных фатографаў. "Гэта нейкая, прабачце, лухта", — сказаў ў каментары Еўрарадыё фатограф Андрэй Лянкевіч.

На другі дзень суда Матолька разам са сваім адвакатам падалі хадайніцтва аб прызначэнні новай экспертызы, аднак яно не было прынятае.

 

Коратка. Самае галоўнае ў працэсе "Матолька супраць БТ"

Юрыст БТ лічыць паўночнае ззянне сацыяльнай з'явай. Другі дзень працэса

― Вы сцвярджаеце, што паўночнае ззянне — гэта з'ява сацыяльнага характару? ― здзіўляецца адвакат Матолькі. ― Так. ― Пад пратакол паўторыце? ― Так. Сацыяльная з'ява грамадскага жыцця.

Навошта экспертыза ўвогуле была патрэбная?

Рэч у нюансах. Калі простымі словамі, то згодна з беларускім Законам аб аўтарскім і сумежным праве, ён абараняе толькі творы, якія маюць мастацкую вартасць. Іначай кажучы, раз фотаздымкі Матолькі не маюць ніякай вартасці, то іх можа выкарыстоўваць хто заўгодна і як заўгодна.

Адвакат фатографа і ён сам з такім падыходам катэгарычна не згодныя. Яны сцвярджаюць, што раз Беларусь з'яўляецца сябрам Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, то павінная кіравацца яе нарматыўнымі актамі — міжнародныя прававыя нормы вышэйшыя за ўнутраныя. А дакументы гэтай арганізацыі абараняюць аўтарскія правы на любыя творы, маюць яны мастацкую вартасць альбо не.

 

Чаму працэс мае розгалас?

Па-першае, праз тое, што ў ім удзельнічаюць вядомы фатограф і Белтэлерадыёкампанія. Па-другое, важны прадмет. Калі суд стане на бок БТ, гэта можа азначаць, што здымкі фотарэпарцёраў можна выкарыстоўваць ва ўласных мэтах без іх дазволу. Прэцэдэнтнае права ў Беларусі не дзейнічае, аднак сам факт можа падліць алею ў полымя пастаянных спрэчак і сварак паміж фатографамі і рэдактарамі СМІ.

 

Ці мае Матолька шанцы на перамогу?

Тэарэтычна, вядома, мае. Апошняе слова за судом. Але калі меркаваць па самім працэсе, то яны ўсё ж, відаць, невялікія. Пракурор Скарабагатая, якая прысутнічала на паседжаннях, падтрымала пазіцыю юрыста Белтэлерадыёкампаніі, беларускія суды не маюць практыкі прытрымлівацца міжнароднага заканадаўства, а суд адмовіўся задавальняць хадайніцтвы Матолькі аб сведках і яшчэ адной экспертызе.

Ва ўсякім выпадку, пра ўсё даведаемся ў панядзелак, 5 верасня. Рашэнне Вярхоўнага суда (гэтая інстанцыя разглядае спрэчкі ў галіне аўтарскага права) пачнуць агучваць а 17-й гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі