Кліп Ланской папулярнейшы за “Чароўнага труска” і Ксюшу Дзягельку

Пасля публікацыі на “Еўрарадыё” матэрыялу “Хто з беларускіх удзельнікаў “Еўрабачання” самы папулярны на Youtube, дзе мы сумняваемся, што кліп Алёны Ланской на сервісе Youtube прагледзелі больш за 2 мільёны карыстальнікаў, Белдзяржтэлерадыё вырашыла даказаць нам гэты факт, даслаўшы ліст са спасылкай на кліп.


Сапраўды, лічыльнік пад кліпам на песню "Solayoh" паказвае больш за два мільёны чатырнаццаць тысяч праглядаў. Але 2 траўня, калі рыхтаваўся рэпартаж Еўрарадыё, пошукавік youtube не знаходзіў гэтага відэа, на якой мове і ў якой паслядоўнасці не ўводзіліся б імя спявачкі і назва песні. Нават увядзенне словаў “Alyona Lanskaya” ў пошукавы радок Google не дае спасылак на гэтае відэа.


“Спасылка на гэты ролік размешчаная на ўсіх афіцыйных і неафіцыйных інтэрнэт-парталах, якія асвячаюць Міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2013", ― тлумачаць у лісце небывалую папулярнасць кліпа прадстаўнікі Белдзяржтэлерадыёкампаніі.


Дзіўна, але на сайце таго ж “Еўрабачання” спасылкі выключна на відэа з уласных youtube-каналаў, на якія і падпісаныя менавіта аматары конкурсу. На канал жа беларускай спявачкі падпісаныя толькі... 369 чалавек! Нават, калі да іх дадаць каля 5 тысяч сумарных падпісчыкаў ды сяброў на старонках Алёны ва ўсіх сацыяльных сетках, 2 мільёны праглядаў здзіўляюць.


Бо на 2 мільёны праглядаў у кліпа "Solayoh" толькі 150 каментарыяў, столькі ж "дызлайкаў" і 2 тысяч лайкаў.


Іншыя відэа, размешчаныя на канале Алёны Ланской, у рэдкіх выпадках праглядала больш за тысячу чалавек.


Для прыкладу, кліпы “Ляписа Трубецкого” таксама маюць на youtube каля 2 мільёнаў праглядаў, але спасылкі на іх сапраўды з’яўляюцца на сайтах шматлікіх СМІ постсавецкай прасторы. Відэа выступа Юрыя Дземідовіча з песняй “Чароўны трусок”, якое ў 2009 годзе выбухнула ў інтэрнэце, назбірала крыху больш за мільён. Але гэта ўсё адбывалася не за тыдзень, бо “чэмпіён па праглядах” заліты на канал Ланской 24 красавіка ― 10 дзён таму!


Пра 2 мільёны праглядаў сказалі ў вечаровым выпуску навінаў на “БТ-1” 30 красавіка, то бок у сярэднім за гадзіну яго праглядала больш за 11 тысяч чалавек.


“На момант публікацыі матэрыялу кліп на youtube праглядзела 2 014 435 чалавек, ― пішуць нам у лісце за 03.05.2013 ад Белдзяржтэлерадыёкампаніі. То бок за 3 дні гэты ж кліп набраў толькі 14 тысяч праглядаў?


Можна лічыць інакш.


За ўвесь час (10 дзён) на 14.50 3 траўня кліп назбіраў 2 014 435. Гэта крыху больш за 200 тысяч у дзень і амаль 8,5 тысяч на гадзіну! Але чамусьці на 17.50 3 траўня праглядаў становіцца 2 014 448 — за тры гадзіны ўсяго 15 праглядаў, а не лагічныя 25 тысяч. Лагічна, што такі папулярны кліп, працягне хутка набіраць абароты. Таму за небывалым поспехам мы будзем сачыць і далей.

У інтэрнэце ёсць шмат магчымасцяў для разнастайных накрутак у галасаваннях. Існуюць цэлыя фірмы, якія займаюцца тым, што ваш лічыльнік зашкальвае адпаведна з укладзенымі грошамі. Спецыялісты кампаніі Google распавялі Еўрарадыё, што адсачыць боты вельмі складана, таму нешта даказаць праблематычна.


З фактамі не паспрачаешся! Еўрарадыё прызнае сваю памылку, віншуе Алёну з неверагодным поспехам і жадае не спыняцца на 2 мільёнах праглядаў на youtube.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі