Кампанія "Гавары праўду" заклікае адмяніць "дэкрэт аб дармаедах"

Кампанія "Гавары праўду" заклікае адмяніць "дэкрэт аб дармаедах"

Грамадзянская кампанія "Гавары праўду" выступіла з заявай пад назвай "Не — Дэкрэту, так — працы!". Зварот адрасаваны ўладам і скіраваны супраць дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", вядомага як "дэкрэт аб дармаедстве".

"Гавары праўду" звяртае ўвагу на тое, што беларускія ўлады праігнаравалі вулічныя пратэсты грамадзян супраць дэкрэту. Ад уплаты дзяржаўнага збору вызваленыя толькі 17% тых, хто звярнуўся з такой просьбай. "Усё гэта пераканаўча паказвае: улада не гатовая чуць людзей і лічыцца з іх воляй", — гаворыцца ў звароце.

За адмену дэкрэта актывісты прафсаюзаў РЭП, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кампаніі "Гавары праўду" разам сабралі больш за 80 000 подпісаў. Гэта амаль удвая за тую колькасць, якая ўжо заплаціла "падатак на дармаедства".
 
Кампанія "Гавары праўду" заяўляе, што будзе змагацца за адмену дэкрэта №3 усімі даступнымі законнымі і мірнымі спосабамі, уключаючы мірны пратэст. 21 лютага яна правядзе грамадскія слуханні па гэтай тэме ў Гродне, 24 лютага — у Наваполацку, 25-га — у Гомелі. Акрамя таго, у Адміністрацыю прэзідэнта будуць дасылацца асабісты лісты грамадзян з патрабаваннем адмяніць "дэкрэт аб дармаедах".

Кампанія заклікае адмяніць дэкрэт №3, уключыць 180 дзён за 2015 год у працоўны і страхавы стаж тых грамадзян, якія ўжо заплацілі дзяржаўны збор. Таксама "Гавары праўду" прапаноўвае пачаць нацыянальны дыялог па эканамічных рэформах з удзелам улады, апазіцыі ды экспертаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі