Каб адмяніць Вайцюшкевіча, дырэктар клуба гатовы на экспертызу почырку

Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra, які мусіць адбыцца 6 лютага ў клубе “Піраты”, апынуўся пад пагрозай зрыву. Цікава, што ўсе неабходныя дамовы і дазволы ад выканкама арганізатары маюць. Прычынай адмены можа стаць клубная запазычанасць па аплаце электраэнергіі і апячатаны лічыльнік.

“Я папрасіў супрацоўнікаў клуба, якія сустрэлі мяне з ліхтарыкамі ў руках, паказаць лічыльнік, — распавядае арганізатар канцэрта Сяргей Будкін. — Лічыльнік апячатаны не быў, але была паперка, што ён апячатаны. Я сустрэўся са структурай, якая адключае электрычнасць і якой яны плацяць за арэнду, там мне сказалі, што сапраўды ў клуба ёсць запазычанасць і электрычнасць адключылі. Гэта ўсё можна зразумець. Але дырэктар сказаў, што распусціў персанал, прыпыніў дзейнасць на нявызначаны тэрмін і адмовіўся ад правядзення ўсіх бліжэйшых мерапрыемстваў. Але потым апынулася, што наступныя канцэрты ў “Піратах” не адмененыя”.

7 лютага, на наступны дзень пасля запланаванага выступу Змітра Вайцюшкевіча, у клубе мае адбыцца Minsk Reggae Festival II. Квіткі на яго дагэтуль прадаюцца і ніякіх пагроз адмены не чуваць. 15 лютага там чакаецца канцэрт расійскага гурта “Кукрыниксы” і, мяркуючы па ўсім, ён таксама пройдзе. Адсюль вынікаюць два варыянты, перакананы Сяргей Будкін: ці дырэкцыя клуба падстаўляе іншых арганізатараў, ці папросту не жадае рабіць канцэрт Вайцюшкевіча!

“У мяне шмат чаго, — на спробу разабрацца ў недарэчнасці дырэктар “Піратаў Анатоль Данільчанка адразу пераходзіць на крык. — У мяне ўвесь студзень быў адменены, дык што я буду вам даказваць, распавядаць і… пускаць вас у свой дом, свой бізнес?”

Што меў на ўвазе спадар Анатоль, гаворачы пра ўвесь студзень, незразумела. Проста наўскідку згадваецца гісторыя з АМАПам на панк-канцэрце, які праходзіў менавіта ў “Піратах” 10 чысла. Старонка клуба ў сацыяльных сетках паведамляе толькі пра адмену мерапрыемстваў 31 студзеня, але раней нібыта ўсё было ціха.

Гастрольнае пасведчанне, якое звычайна не выдаюць "праблемным артыстам" без дамовы з канцэртным памяшканнем

Анатоль Данільчанка ў настойлівай і гучнай форме пераконвае Еўрарадыё, што не мае ніякіх абавязальніцтваў па канцэрце WZ-orkiestra. Маўляў, дамоваў не падпісваў, перадаплаты не браў і ўвогуле арганізатара ні разу не бачыў і не ведае.

“Мне тэлефануе нейкі Будкін і кажа мне пра дамову, — пераказвае сваё бачанне сітуацыі дырэктар “Піратаў”. — Паўтары гадзіны ён мне даказваў, што я ў нечым вінаваты! Я яму сказаў, што, калі ён лічыць, што я не маю рацыі, то ёсць кампетэнтныя органы і вы можаце звярнуцца ў суд і адстойваць свае правы ў судзе! Але я ўвогуле з ім ніякіх спраў не маю і не меў, якія да мяне могуць быць прэтэнзіі? Калі трэба, прызначце почырказнаўчую экспертызу, і я дакажу, што ніякіх дамоваў з ім я не падпісваў!”

У сваю чаргу, Сяргей здзіўляецца такой заяве, бо пасля аднаго са сваіх папярэдніх канцэртаў у клубе “Піраты” спадар Анатоль асабіста выказваў задавальненне ад супрацоўніцтва з ім.

Падпісаная дамова

“Дзіўна тое.. ну як дзіўна!? Тут усё зразумела, але я ўпершыню ў сітуацыі, калі маю ўсе паперы на руках і тут няма да чаго дачапіцца! — працягвае Сяргей Будкін. — Экспертызы почырку — гэта ўжо ноў-хаў! Але зразумела, што калі на іх нехта націснуў, то яны яго здаваць не будуць. Парадаксальна, што яны не баяцца ні суда, ні агалоскі, ні іміджавых стратаў, ні часткова фінансавых, бо будзе вечар прастою… Яны баяцца канкрэтна Вайцюшкевіча чамусьці, наколькі я гэта зразумеў”.

Пакуль дырэкцыя клуба не дашле афіцыйную паперу з прычынамі адмены канцэрта, Сяргей працягвае займацца яго арганізацыяй. Ён перакананы, што адміністрацыя “Піратаў” спрабуе прымусіць яго самастойна адмовіцца ад выступу WZ-orkiestra. Але такога ён сабе дазволіць не можа, бо “амаль усе квіткі раскупленыя, і людзям жа нешта трэба будзе тлумачыць”. А прыкрываць клуб у Сяргея, натуральна, няма ніякага жадання.

Нагадаем, Зміцер Вайцюшкевіч знаходзіцца пад негалоснай забаронай каля чатырох гадоў. Для выканаўцы падобныя праблемы з дамовамі, арганізатарскімі непаразуменнямі ды рамонтам электрычнасці — не новыя. Менавіта яны станавіліся прычынай адменаў у 2011 годзе (гл. табліцу ніжэй).

Першы канцэрт за больш, чым тры з паловай гады атрымалася зрабіць Еўрарадыё сумесна з кампаніяй “Рок-Саідарнасць” 29 кастрычніка 2014 года. Нягледзячы на тое, што імпрэза прайшла без эксцэсаў, ужо праз месяц стала зразумела, што ніякая адліга не наступіла і “чорныя спісы” працягваюць дзейнічаць.

Як адмяняліся канцэрты ў 2011 годзе, калі ў інтэрнэце з’явіліся “чорныя спісы”:

Дата канцэрта і месца

Гурт/Выканаўца

Афіцыйная прычына адмены

3 сакавіка 2011, лёгкаатлетычны комплекс “Дынама” (Гомель)

Гурт

“Ляпіс Трубяцкі”

Адміністрацыя Гомельскага гарадскога цэнтра культуры (ГЦК): “Канцэрт адменены па тэхнічных прычынах. У Палацы лёгкай атлетыкі, дзе павінен быў адбыцца канцэрт, была праверка дзяржаўна-пажарнага нагляду, які забараніў праводзіць на іх тэрыторыі культурна-масавыя відовішчныя мерапрыемствы”

17 сакавіка 2011, паб “Госцi” (Мінск)

Гурт “Крамбамбуля”

Адміністрацыя паба: “Канцэрт адменены з-за хваробы вакаліста Лявона Вольскага. Cаліст захварэў, і продаж квіткоў прыпынены”.

Лявон Вольскі: “На здароўе не скарджуся і, наадварот, застаюся ў добрай вакальнай форме”.

18 сакавіка 2011, Брэсцкі тэатр лялек

Зміцер Вайцюшкевіч

Міхаіл Шавель, дырэктар тэатра: "Не быў заключаны дагавор на правядзенне канцэрту. Была дамоўленасць на словах, але дакументы падпісаныя так і не былі”.

20 сакавіка 2011, клуб “Ліга” (Магілёў)

Гурт. “Ляпіс Трубяцкі”

Барыс Сіпакоў, дырэктар клуба: “У нас працякае дах, можа і праводку замкнуць, і ўсё што заўгодна”.

24 сакавіка 2011, клуб “Рэактар” (Мінск)

Канцэрт-трыб'ют Neuro Dubel з удзелам Neuro Dubel, “Палац”

Андрэй Старцаў, дырэктар клуба: “Прычыны тэхнічныя”.

1 і 2 красавіка 2011, клуб “Рэактар” (Мінск)

Гурт “Ляпіс Трубяцкі”

Андрэй Старцаў, дырэктар клуба: “Прычыны тэхнічныя”.

2 ліпеня 2011, клуб Plaza (Гомель)

Гурт N.R.M.

Арганізатары канцэрта: “Па тэхнічнай прычыне”

20 ліпеня 2011, ПК Ветэранаў (Мінск)

Зміцер Вайцюшкевіч

Рамонт

19 жніўня 2011, The Loft Cafе (Мінск)

Гурт Neuro Dubel

Не названая

21 жніўня 2011, паб “Графіці” (Мінск)

Зміцер Вайцюшкевіч

Рамонт электрычнага шчытка

26 жніўня 2011, паб “Графіці” (Мінск)

Гурт N.R.M.

Прафілактычныя працы па пошуку няспраўнасці электрасеткі

29 жніўня 2011, паб “Графіці” (Мінск)

Гурт Neuro Dubel

Па тэхнічных прычынах

22 лістапада 2011, кафэ “Містраль” (Мінск)

Зміцер Вайцюшкевіч

Адміністрацыя кафэ: “Узніклі непаладкі ў арганізацыі”..

25 лістапада 2011, ліцэй N1 (Гродна)

Анастасія Шпакоўская (Naka)

Слабы продаж квіткоў

7 студзеня 2012, “Калядны турнір у рыцарскім замку”, гісторыка-культурны цэнтр Ritterburg (Мінскі раён)

Гурт Neuro Dubel

Па тэхнічных прычынах.

11 лютага 2012, Клуб Re:Public (Мінск)

Гурт “Крамбамбуля”

Надзвычайныя абставіны ўнутранага характару

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі