Інга Хрушчова: Не маё гэта — прапаганда, я некамфортна сябе ў ёй адчуваю

Еўрарадыё: Ці здзівіла цябе бурная рэакцыя на навіну пра тваё звальненне з БТ?

Інга Хрушчова: Па шчырасці, здзівіла — я не думала, што столькі ўвагі будзе. Ну, я зрабіла свой выбар і ўсё. Бо ў мяне іншыя мэты, іншыя задачы. Дый чалавек некалі павінен пакідаць месца сваёй працы, правільна? Каб неяк развівацца. Гэты крок быў патрэбны мне перш за ўсё, і я выбрала сваю дарогу.

Еўрарадыё: Ты зразумела, што гэта неабходна табе, каб рухацца далей, і не больш за тое?

Інга Хрушчова: Так. Гэта як у фізіцы — дзесьці ёсць кропка невяртання і ты павінен дайсці да яе сам і прыняць рашэнне. Ты тут ці недзе ў іншым месцы, ты альбо развіваешся, альбо будзеш плыць па плыні, рабіць выгляд, што цябе ўсё задавальняе.

Еўрарадыё: А як жа твае словы пра тое, што ты сышла з БТ з маральных меркаванняў?

Інга Хрушчова: Проста я стамілася маральна. Разумееш, чалавеку ў кожны перыяд жыцця неабходна нешта новае. У 18 гадоў у нас адны думкі, пазней — іншыя, яшчэ пазней — ізноў нешта новае. Калі ты адчуваеш сябе некамфортна і разумееш, што не развіваешся, і няма прычын, якія дакладна давалі б табе зразумець, што будзе нешта добрае, будзе нейкае развіццё, нейкі экшн — табе трэба рабіць выбар. Я сто разоў казала: “Дзейнічай! Калі цябе нешта не задавальняе — мяняй атачэнне”. Гэта самае галоўнае.

Еўрарадыё: Няўжо ў цябе не было перспектыў кар’ернага росту ў межах кампаніі?

Інга Хрушчова: Я сабе дакладна сказала, што кар’еру ў кампаніі я рабіць не буду. Разумееш, мне заўсёды падабаліся людзі, у якіх ёсць свая справа. Якія нешта робяць і не праводзяць час у нейкіх непатрэбных развагах: а трэба ці не трэба? Яны нешта сабе вызначылі і рухаюцца да гэтай мэты. Я, насамрэч, шчыра зайздросціла такім  людзям і думала: “Вось, малайцы: прыдумалі, зрабілі і неяк у іх усё атрымліваецца!” І вырашыла паспрабаваць сама. Аднойчы пісалі бізнес-праграму з нуля, дыскутавалі і ўсё сышліся на думцы, што для бізнесу найперш важная ідэя. Нават не стартавы капітал і не сувязі. А калі ў цябе ёсць ідэя, то неабходна рашыцца ўзяць і зрабіць. Пашкадаваць потым ці не, але — зрабіць. І я вырашыла паспрабаваць.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што пад “маральнымі меркаваннямі” не мелася на ўвазе нежаданне і далей працаваць “на прапаганду рэжыму”?

Інга Хрушчова: Прапагандай я не займаюся даўно — усё больш схілялася да спартовай журналістыкі. Палітыка — гэта не маё. Я паспрабавала — мне не спадабалася. Мяне больш цягнула да рэчаў рэпартажных, дзе трэба было нешта шукаць, разважаць. Ну, не маё гэта — прапаганда! Адназначна! Таму я некамфортна сябе ў ёй адчуваю. І я не хачу дзейнічаць найперш насуперак сабе.

Еўрарадыё: Я не магу зараз назваць прозвішчы тых, хто сёння на БТ займаецца тым, чым раней займалася ты ў АТН. А цябе дагэтуль узгадваюць, хоць прапагандай у чыстым выглядзе ты сапраўды даўно не займаешся — сышла ў спорт. Чаму так адбываецца, не ведаеш?

Інга Хрушчова: Нават не ведаю. Можа, таму што мы былі першымі калісьці? Вось, усе памятаюць Генры Форда, бо ён быў першым. І неяк забыліся, што пасля яго былі і іншыя монстры машынабудаўніцтва. Я сябе з Фордам не параўноўваю, але ж і мы ў пэўнай справе былі першымі — мы калісьці прыйшлі ў АТН, працавалі там. І, нягледзячы на нашы наступныя крокі, у асобных людзей адклалася ў галаве, што мы працавалі на ўладу.

Еўрарадыё: А калі цябе ў свой час называлі галоўным прапагандыстам рэжыму, як ты гэта ўспрымала? Абыякава ці, можа, ганарылася?

Інга Хрушчова: Я да гэтага спакойна стаўлюся. Чалавек мае права на ўласныя думкі. Кажыце пра мяне як заўгодна, але што ад гэтага зменіцца? Я цябе не прымушу думаць інакш — у мяне таксама ёсць уласныя погляды. Мы людзі, і мы можам памыляцца, можам мець рацыю. Проста трэба змірыцца ды ісці далей, нешта рабіць. Гэта вельмі невялікі адсотак — тых, у каго ў галаве засела, што — “рупар рэжыму”. Значна больш людзей успрымае мяне як спартовага журналіста. Усе мы пачыналі з нечага, шукалі свой шлях. У кожнага розная журналістыка была, перыяд станаўлення быў — “ліхія 90-я”! Што зробіш, людзі думаюць так, як лічаць патрэбным!

Еўрарадыё: Здараліся прыступы ўнутранага дыскамфорту: ты бачыш, што адбываецца адно, а табе неабходна казаць зусім іншае?

Інга Хрушчова: Я ўжо так даўно не займаюся ідэалогіяй! Калі я займалася нейкімі рэпартажамі з мерапрыемстваў, то там усё дакладна, як інфармацыйны бюлетэнь  БЕЛТА — сёння адбылося, падкрэсліў, сказаў… Там не патрэбныя былі ніякія высновы — гэтым я не займаюся даўно. Гэтым — іншыя людзі з іншымі поглядамі. У мяне была інфармацыйная карціна дня, не больш за тое. Тым больш я не магу сама прыдумаць нейкую навіну — яна альбо ёсць, альбо яе няма. Вось і ўсё!

Еўрарадыё: Цяжка было працаваць у пуле?

Інга Хрушчова: Дастаткова цяжка. У любой дзяржаве пул — гэта свае правілы гульні, доўгае чаканне нейкіх пратакольных мерапрыемстваў, ты не можаш памыліцца і дазволіць сабе нейкія вольнасці, жаргонныя словы — нешта такое, што дапушчальнае ў іншых жанрах. Складана… Я знаёмая з журналістамі, якія працуюць з расійскім прэзідэнтам, з журналістамі, якія працавалі з Бушам — паўсюль жорсткія правілы. Розніца толькі ў аплаце працы і ў тым асяродку, у якім яны працуюць. Адна справа працаваць там, дзе тэлебачанне, скажам так, займае іншую нішу, чым у нас, іншая… Але — складана ўсім.

Еўрарадыё: У такіх паездках журналісты і чыноўнікі — паасобку ці бывалі выпадкі нефармальных зносінаў з кіраўніком краіны, размовы “па душах”?

Інга Хрушчова: Там проста няма на гэта часу. Ты спачатку працуеш на мерапрыемстве, потым пішаш тэкст, потым ты некуды едзеш, каб яго “перагнаць”. Візіты — яны кароткатэрміновыя, дзелавая паездка, дзе ўсе занятыя сваёй справай.

Еўрарадыё: Зайздрасці да калег з пулаў іншых прэзідэнтаў не было? Яны ездзяць па ўсім свеце, у адрозненне ад беларускага пула.

Інга Хрушчова: Не было. Я дзякуючы паездкам на розныя Алімпіяды досыць паездзіла па свеце. Да таго ж, я люблю вандраваць самастойна, і мне гэта прыносіць значна больш задавальнення. Я выдатна ведаю дзве мовы, люблю жыць не ў гатэлях, а сярод людзей, мець з імі зносіны і ад гэтага атрымліваць задавальненне. А пул — гэта афіцыёз, дзе ты ў межах візіту і ўсё!

Еўрарадыё: Старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька сказаў мне, што не ведае прычын твайго звальнення: “Проста напісала заяву і ўсё!” Але прыгадаў, што нібыта ты скардзілася на малы заробак. Няўжо сапраўды нізкія заробкі вымушаюць правераныя кадры звальняцца з БТ?

Інга Хрушчова: Паўтару тое, што ўжо казала: я выбрала іншую дарогу — вырашыла паспрабаваць сябе ў іншым сектары эканомікі. Грошы — другасная рэч. Асабліва, калі ты распачынаеш нейкую сваю справу. У перыяд старт-апа ніхто не думае пра грошы. І я не вымяраю пэўныя рэчы грашыма. Тыя людзі, з кім я падтрымліваю адносіны, і тыя, з кім я зараз распачынаю сваю справу, выдатна ведаюць, што я не зацыкленая на грошах. Для таго, каб нешта ўзяць, нешта неабходна аддаць — гэта закон, і яго не перапішаш.

Еўрарадыё: Тое, што тваё прозвішча актыўна абмяркоўвалася ў СМІ, дапаможа ці нашкодзіць твайму бізнес-праекту? 

Інга Хрушчова: Хацелася б, каб дапамагло! Калі ты задумаў праект, то табе трэба проста яго рабіць. Будзе складана, але я хацела б, каб ён атрымаўся. Гэта адукацыйны праект, які мусіць дапамагаць людзям, якія хочуць пачаць вандраваць, хочуць убачыць жыццё, а не толькі гатэль і пляж каля гатэля. Каб усё атрымалася, я буду вельмі старацца.

Еўрарадыё: “Што ў той Еўропе глядзець, чарапіцу? Дык на яе і ў нас у Траецкім паглядзець можна”, — вядомыя словы вядомага чалавека. Ты са сваім праектам ідзеш насуперак вызначанага гэтымі словамі і гэтым чалавекам ідэалагічнага фарватару.

Інга Хрушчова: Я шмат вандравала па Беларусі, тут вельмі шмат выдатных мясцін, але мне хочацца паглядзець, што ёсць у той жа Еўропе, параўнаць, як у іх з цікавосткамі. Для развіцця чалавека шмат дае нешта новае: новая архітэктура, іншая культура, іншы менталітэт людзей. А ў нас… Ну, няма ў нас інфраструктуры! Едуць людзі, а банальна няма дзе паесці, у тым жа Нясвіжскім замку няма дзе спыніцца. Адкуль гэта ўсё з’явіцца? Калі людзі пачнуць ездзіць і глядзець: у Чэхіі, да прыкладу, больш за 2 тысячы замкаў, маленькія гарадкі і паўсюль кавярні, гатэльчыкі. Можа, паглядзеўшы, мы зразумеем, што турызм трэба найперш развіваць не на “продаж”, а для сябе. Я ўпэўнена, што мільёны беларусаў паедуць па роднай краіне. Толькі — куды? Хочацца ж не толькі паглядзець на нейкі замак, але і недзе нармальна пасядзець, выпіць кавы, адпачыць, змяніць абстаноўку. Нашы людзі хочуць вандраваць па сваёй краіне, але няма ўмоў. І Беларуссю ж усё не заканчваецца — хочацца ўсё паглядзець, атрымаць пазітыў.

Еўрарадыё: З журналістыкай ты завязала канчаткова?

Інга Хрушчова: Так, так, так! Хаця што разумець пад журналістыкай, пад гэтым працэсам. У любым выпадку, яна мне шмат дала, шмат чаму навучыла, гэта каштоўны жыццёвы вопыт. Ну, не магло быць інакш: калі з табой гэта адбывалася – значыцца гэта павінна было з табой па-любому адбыцца! Ты праз гэта прайшоў — гэта тваё. Зараз казаць: “Вой, трэба было так ці так!”, марна: як было — гэта ўжо не зменіш. Але для таго, каб расці і атрымліваць нейкія веды, неабходна прымаць нейкія рашэнні. І я хачу, каб у кожнага, хто нешта задумаў, гэта атрымалася. Каб яны рэалізавалі свае самыя смелыя планы. Усім беларусам будзе лепш, калі нехта нешта рэалізуе. Да ўсяго, калі ёсць свая справа, ты па-іншаму пачынаеш разважаць — гэта нейкі новы этап развіцця, калі ты прыходзіш да нейкіх новых высноў.

Еўрарадыё: І якія першыя высновы: моцна адрозніваецца рэальнае жыццё прадпрымальніка і ўмовы вядзення сваёй справы ад таго, як гэта паказваецца па БТ?

Інга Хрушчова: Я ведаю шмат італьянцаў-бізнесменаў, якія скардзяцца на сваю бюракратыю — ім у сябе на радзіме таксама шмат чаго не падабаецца. У нас, у той сферы індывідуальнага прадпрымальніцтва, дзе лягчэй за ўсё распачаць справу (агратурызм. — заўв. Еўрарадыё), умовы нармальныя насамрэч. Нават расіяне кажуць, што ў нас падатковая палітыка, у адсоткавых адносінах, крыху лягчэйшая, чым у Расіі. Ведаеш, лепш у краіне будзе тады, калі ў нас будзе больш бізнесменаў. І так яно з часам і будзе. Што да ўмоў… Магчыма, недзе і ёсць абсалютна льготныя ўмовы існавання, але ў былых савецкіх рэспубліках пакуль так, як ёсць. Хацелася б, каб было лягчэй. Мы жывём у век камп’ютарных тэхналогій і шмат якія пытанні можна было б вырашаць нашмат хутчэй. Рана ці позна мы і да гэтага прыйдзем. Хацелася б, каб як мага хутчэй!

Еўрарадыё: Што са свайго жыцця ты хацела б выкрасліць ці змяніць?

Інга Хрушчова: Які сэнс ад гэтых разваг? Адзінае, я б больш часу сямейнаму жыццю аддала. Гэта сапраўды таго вартае. Калі ты аддаеш дзіцяці, гэта вяртаецца. Калі ты патрэбны сям’і — гэта значна лепш, чым думаць, што ты сябе рэалізуеш у нейкіх грамадскіх праектах. Лепш прыгатаваць смачную лазанью і пачаставаць усіх, чым распавядаць пра тое, як ты намагаўся змяніць свет. Які свет? Сябе трэба мяняць.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі