Хто такі Ігар Логвінаў і за што судзяць яго кнігарню

Хто такі Ігар Логвінаў.

Беларускі выдавец. Да 2000 года працаваў ў выдавецтве Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. У 2000 заснаваў у Мінску выдавецтва “Логвінаў”. Спецыялізуецца на выданні "альтэрнатыўнай" літаратуры. У 2010 годзе пры выдавецтве адкрыў аднайменную кнігарню.

Са сваім выдавецтвам Ігар Логвінаў рэгулярна удзельнічае ў сусветных кніжных выставах у Лейпцыгу, Франкфурце і Варшаве.

Што такое “Кнігарня Логвінаў”.

Працуе з 2010 года, адкрылася ў былым пункце прыёму шклатары ў дварах ля плошчы Перамогі ў Мінску. У “Кнігарні Логвінаў” можна набыць не толькі кнігі выдавецтва “Логвінаў”, але таксама іншых праектаў. У тым ліку, выданні на замежных мовах — тут ёсць аддзелы, прысвечаныя польскай і чэшскай літаратурам.

“Наша кнігарня стала не толькі месцам продажу кніг, але таксама месцам сустрэч чытачоў з аўтарамі, мы сталі важным культурным цэнтрам”, — кажа арт-дырэктар выдавецтва Павел Касцюкевіч.

За што судзяць.

3 снежня падатковая інспекцыя апячатала кнігарню для правядзення праверкі. Працу “Кнігарня Логвінаў” аднавіла праз некалькі дзён. Праз два тыдні Ігар Логвінаў атрымаў пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, падпісаны кіраўніком аддзела аператыўных кантрольных мерапрыемстваў Паўлам Брылеўскім. “Падчас праверкі… устаноўлена, што… з 07.01 2014 па 02.12.2014 у гандлёвым аб’екце… ажыццяўлялася прадпрымальніцкая дзейнасць, калі ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі такая дзейнасць з’яўляецца незаконнай”, — гаворыцца ў пастанове. Фактычна выдавецтва “Логвінаў” абвінавацілі ў гандлі кнігамі без рэгістрацыі ў Мінінфармацыі. І налічылі штраф памерам больш за 961 мільён рублёў.

Чаму Ігар Логвінаў не атрымаў рэгістрацыю для афіцыйнага продажу кніг.

“Новыя правілы ўвялі з пачатку 2014 года. Мы адразу ж падалі дакументы на рэгістрацыю, аднак нам адмовілі, указаўшы на памылкі ў заяве. Наступны раз можна было падаваць праз месяц, мы усё зрабілі. Нам адмовілі зноў”, — расказваюць у выдавецтве.

Мінінфармацыі адмаўляла выдавецтву “Логвінаў” у рэгістрацыі на продаж кніг 8 разоў. Сярод прычын называліся “няправільна указаны індэкс”, “няправільна пазначаны адрас” і іншыя.

“Мы выпраўлялі памылкі, давалі вычытваць ўсе дакументы юрысту, аднак нам кожны раз адмаўлялі”, — распавядаюць у выдавецтве.

Што будзе на судзе.

Суд павінен надаць юрыдычную моц пастанове падатковай інспекцыі. Калі ён прызнае яе абгрунтаванай і правільнай, выдавецтва абавяжуць сплаціць штраф памерам 961 мільён рублёў. Яго супрацоўнікі гавораць, што гэта будзе азначаць банкруцтва і спыненне працы.

Калі справай зацікавіцца Дэпартамент фінансавых расследаванняў, пакаранне пагражае асабіста Ігару Логвінаву — яго могуць абвінаваціць у фінансавых махінацыях у асабліва буйным памеры і узбудзіць крымінальную справу. Ігар Логвінаў пакуль не змог даведацца, ці праводзіць ДФР сваю праверку — гэта высветліцца толькі пасля выкліку для дачы паказанняў.

Суд пачнецца 5 студзеня ў 15 гадзін. Справу разглядае Гаспадарчы суд Мінска на вуліцы Акадэмічная 15.

Фота lohvinau.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі