Хізб ут-Тахрыр пад Мінскам: ці неслі салафіты небяспеку Беларусі?

На фоне расстрэлу рэдакцыі французскага часопісу Charlie Hebdo нашы спецслужбы паведамілі пра паспяховую барацьбу з патэнцыйнымі мусульманамі-экстрэмістамі ў Беларусі.

Нагадаем, што гэты выпадак здарыўся больш за паўтара месяцы таму ў Мінскім раёне. Групу “накрылі” падчас пятнічнай малітвы. 15 беларусаў папярэдзілі, а пецярых замежнікаў дэпартавалі з краіны.

“Гэта група сфармавалася пад уплывам рэлігійна-экстрэмісцкай арганізацыі Хізб ут-Тахрыр. У ёй было 5 замежных грамадзян і 15 грамадзян Рэспублікі Беларусь, — удакладняе для Еўрарадыё Артур Стрэх, прэс-сакратар КДБ. — У тым ліку, вось гэтыя 15 грамадзян Беларусі павінны былі праводзіць у якасці місіянераў незаконную дзейнасць сярод мусульман на тэрыторыі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай абласцей. У Беларусі на сёння пражывае больш за 30 тысяч мусульман. Ім было сярод каго праводзіць работу”.

Што такое Хізб ут-Тахрыр і салафіты

Гэтая партыя налічвае каля мільёна актыўных удзельнікаў. Пашыраецца Хізб ут-Тахрыр метадам “сецявога маркетынгу”, як і “Аль-Каіда”. Партыя складаецца з так званых салафітаў, якія выступаюць за фундаменталізм у ісламе. Паводле іх ідэалогіі, мусульманін мусіць жыць гэтак жа строга, як першыя мусульмане. Любое наватарства і лібералізацыю салафіты крытыкуюць і адмаўляюць. Таму некаторыя эксперты ставяць паміж салафітамі і вахабітамі знак роўнасці, называюць іх ультракансерватыўнай небяспечнай плынню, прадстаўнікі якой здольныя на экстрэмізм. У той жа час, існуе нямала мірных салафітаў. Як сказана на расійскім сайце арганізацыі, “гвалтоўныя дзеянні у мэтах пабудовы ісламскай дзяржавы Хізб ут-Тахрыр адмаўляе”.

З-за шматграннасці плыні стаўленне да салафітаў у розных краінах рознае. Напрыклад, у Расіі і Таджыкістане Хізб ут-Тахрыр забароненая. Бывалі выпадкі, калі за дэманстрацыю сцягаў арганізацыі людзі траплялі ў калонію. У Германіі прадстаўнікам Хізб ут-Тахрыр нельга праводзіць публічную дзейнасць з-за антысемітызму. У суседняй Украіне партыя дзейнічае легальна, праводзіць свае з’езды. Цікава, што ЗША прадстаўнікі партыі называюць “галоўным сатаной”, але ў Паўночнай Амерыцы форумы Хізб ут-Тахрыр праводзяцца легальна.

“У такія групы трапляюць беларусы, якія толькі што прынялі іслам”

Аскепкі тэрарыстычных актаў у Францыі закранулі і беларускіх мусульман. Шавіністы ставяць усіх прыхільнікаў ісламу ў адзін негатыўны шэраг. У Беларусі ж зусім іншая гісторыя.

Выйсці на сувязь з нашымі мусульманскімі іерархамі лягчэй, чым дазваніцца ў кол-цэнтр інтэрнэт-аператараў. Цікава, што на сайце islam.by часам ахвотна карыстаюцца беларускай мовай. Пра закрытасць і агрэсію ў колах беларускіх мусульман гутаркі ўвогуле ніколі не вялося.

Ці не таму інфармацыя пра след Хізб ут-Тахрыр у нашай краіне выклікала рэзананс. Але ці было ўсё насамрэч так сур’ёзна?

“Я па нацыянальнасці татарын. Мы тут жывём з часоў князя Вітаўта — ужо 618 гадоў. Разумеем, паважаем адно аднаго, — робіць экскурс у гісторыю прадстаўнік Духоўнага ўпраўлення мусульман у Беларусі імам-хатыб Бекір Мурзіч. — Напрыклад, Іўе было цэнтрам чатырох рэлігій, там ёсць аднайменны помнік. Стагоддзямі мы жылі з усімі па-сяброўску і нічога дрэннага не здаралася. Што тычыцца такіх груп салафітаў, туды трапляюць пераважна тыя беларусы, якія раней былі нерэлігійнымі і толькі што прынялі іслам. З традыцыйным умераным ісламам яны не знаёмыя. Дзе ісціна, зарыентавацца не могуць. Вось такая суполка збіраецца, і людзей настройваюць супраць іншых. Але наш муфціят ні да якой групы сябе не адносіць і ніяк сябе больш не называе апроч як мусульманамі”.

Што тычыцца выпадку з затрыманымі салафітамі, імам-хатыб Бекір Мурзіч валодае наконт гэтага кароткай інфармацыяй. Паводле яго звестак, усё здарылася ў вёсцы Калядзічы Мінскага раёна. Пра тое, што людзі моляцца там па пятніцах, было вядома.

“Гэтую групу папярэджвалі, каб яны афіцыйна зарэгістраваліся. Будынак быў аформлены не як мячэць, а, здаецца, як летняя кухня. Кожную пятніцу там праводзілася малітва. Да таго ж, паступіла нейкая скарга, і туды прыехалі. Імігрант, якога з Беларусі адправілі, быў з Азербайджана”.

Мусульмане з вёскі Калядзічы, якіх на ўсю краіну назвалі салафітамі і патэнцыйнымі экстрэмістамі, пераехалі маліцца ў Смілавічы Мінскага раёна. Тамтэйшая мячэць знаходзіцца пад крылом Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання — яшчэ адной беларускай афіцыйнай арганізацыі.

Мячэць у Смілавічах

“У Калядзічах людзям маліцца забаранілі, і яны едуць да нас. Ніхто дрэннымі справамі тут не займаецца. Памаліліся і з’ехалі, — коратка канстатуе старшыня абшчыны ў Смілавічах Сапар Канапацкі і з жалем выказвае меркаванне пра растыражаваную інфармацыю аб “нейтралізацыі” суполкі ў Калядзічах. — Напэўна, камусьці карціць, каб заваліць усю працу мусульман у Беларусі”.

Дарэчы, аб “нейтралізацыі” суполкі мусульман ў Калядзічах не ведае нават старшыня сельсавета, да якога вёска адносіцца.

Фота pravozashitnik.at.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі