Harotnica “Гвалт”

Дэбютны альбом дэструктыўнага пажарнага аркестра Harotnica можна смела назваць эксклюзіўным для беларускай музыкі. Стылістычная мешаніна з агульнавар’яцкім танцавальным настроем і самотнымі, часам суіцыдальнымі тэкстамі — кароткая характарыстыка ўсіх васьмі трэкаў альбома. Восем гадоў пошукаў уласнага гучання, вызначэння стылістыкі, страчанай і знойдзенай публікі, кардынальных зменаў складу і нарэшце цэлыя два гады ў студыі зрабілі сваю справу. Дыск “Гвалт” атрымаўся вельмі жывым, шчырым і, што немалаважна, лаканічным.

Hetym Razam”, з якой пачынаецца альбом, — выдатная замануха з боку музыкаў. Трэк стоадсоткава раскрывае агульны настрой ды падыход да творчасці гурта Harotnica. Цытаванне мелодыі “Titoli Ennio Morricone толькі ўмацоўвае гэтыя ўражанні. Але галоўнае, што далейшае праслухоўванне альбома не расчароўвае. Музыкі здолелі ўтрымаць планку на ўсім гучанні “Гвалту”. А тое, што на дыску толькі 8 невялікіх па хронаметражы трэкаў, таксама грае выключна на карысць. Застаецца адчуванне нейкай ненасычанасці, хочацца працягнуць праслухоўванне, і адзіны варыянт у такім выпадку — рэпіт!

Harotnica сапраўды стварыла ўласнае пазнавальнае, не падобнае да іншых беларусаў гучанне. Але пакуль, відаць, не вельмі вызначылася са спосабамі яго дасягнення. Нягледзячы на тое, што самі музыкі вельмі задаволеныя атрыманай працай, аранжыроўкі песень часам падаюцца перанасычанымі. На жывых выступах такога адчування чамусьці не ўзнікае. Хутчэй за ўсё гэтае “перанасычэнне” адбылося ўжо падчас запісу праз перфекцыянізм музыкаў. Як кажуць, “лепшае — вораг добрага”.

Як ні спрабуе Harotnica, ва ўсялякім выпадку на словах, пазбегнуць якога б там ні было дачынення да фальклору, гэта не атрымліваецца. Насамрэч і не трэба. Бо менавіта фальклорныя інструменты, раптоўная балканшчына з пераходамі на баладнасць ды “жыццёвыя” тэксты “пра нялёгкую жаночую долю” і ёсць асноўнай разынкай гурта. Без аднаго з гэтых элементаў Harotnica хутчэй за ўсё ператварылася б у шараговы беларускі поп-рок-бэнд.

Апошні трэк “Wind” крыху выбіваецца з альбома. Прычым не столькі сваёй англамоўнасцю, колькі агульным гучаннем. Ён зусім іншы стылістычна, нават голас Валерыі Валадзько гучыць неяк больш па-даросламу і па-заходняму. Таксама вельмі цікавы эксперымент, які варта было б працягнуць і паспрабаваць выдаць, але ўжо асобна.

Музыкі плануюць пачаць працу над наступным рэлізам — матэрыялу, кажуць, хапае. Будзем з задавальненнем чакаць. Галоўнае трымацца абранага кірунку, а пакуль няхай не самыя моцныя, але 9 балаў з 10-ці.

Прэзентацыя на Еўрарадыё: дэбютны альбом Harotnica “Gvalt” (Слухаць)

Трэк-ліст “Гвалт”:

  • 01 – Hetym Razam
  • 02 – Kucomka
  • 03 – Matyliok
  • 04 – Syn
  • 05 – Na Krai
  • 06 – Nievyliecny
  • 07 – Finka
  • 08 – Wind

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі