Прэзентацыя на Еўрарадыё: дэбютны альбом Harotnica “Gvalt”

Дэструктыўны пажарны аркестр Harotnica прэзентуе дэбютны альбом “Gvalt”. Праца над дыскам пачалася яшчэ летам 2013 года, пасля таго, як на цырымоніі ўручэння музычнай прэміі Еўрарадыё Даём рады” музыкі атрымалі прыз — бясплатны запіс трох песень на мінскай студыі “Осмас”. Першапачаткова планавалася выдаць ЕР. Але так супала, што ў гэты ж час Harotnica нарэшце вызначылася з уласным стылем, гучаннем ды скончыліся ператасоўкі ў складзе гурта, таму было прынятае рашэнне, дапісаць яшчэ песень на альбом.

“Хацелі зрабіць хутка, але атрымалася як заўсёды марудна, — распавядае вакалістка гурта Валерыя Валадзько. — Спадзяюся, што не дарэмна калупаліся ў кожнай ноце кожнага інструмента”.

У выніку восем чалавек пісалі альбом і восем абсалютна розных песень на яго трапіла. Самі музыкі вызначаюць стылістыку, як сумесь альтэрнатыўнага рока, панк-рока, джаза, рэгі, ска, ф’южн, а недзе, можа, нават і world music. Апошні трэк на дыску — адна з самых першых песень гурта, “Вецер”. Музыкі перарабілі яе да непазнавальнасці, а тэкст пераклалі на англійскую мову.

“Няхай хоць адна песня будзе на англійскай, каб замежнікі таксама разумелі, што мы спяваем”, — з усмешкай тлумачыць такі крок Валерыя.

Вокладка

Афармленне дыску

“Мы не хацелі называць дыск па якой-небудзь песні, але і безназоўным яго пакідаць не хацелі, — працягвае вакалістка. — Таму назву альбома “Gvalt” можна трактаваць па-рознаму. Нашы песні пра нялёгкую жаночую долю, пра жанчын, якія пакутуюць, гаруюць, то бок жыццёвыя тэмы, якія лёгка можна суаднесці з гвалтам. Ну, і гвалт, як гук, шум, бо ў нашых песнях шмат інструментаў, розных прымочак… карацей, атрымліваецца што назва падыходзіць з любога боку”.

Канцэртная прэзентацыя дэбютнага альбома Harotnica Gvalt” адбудзецца 24 студзеня ў клубе “ДК”. Там жа можна будзе атрымаць і дыск, над афармленнем якога працавалі адразу 12 чалавек. Вокладку альбома рабілі Раман Сухоцкі, Андрусь Такінданг, Максім Юданаў і Ігар Царукоў. А ўнутраным афармленнем займаліся мастакі Руслан Вашкевіч, Жана Капуснікава, Міхаіл Гулін, Міця Післяк, Мілаш Яўгенавіч, Ларыса Баўге, Аксана Лакоза і Валянцін Благадаў.

“Да кожнай песні ёсць свая ілюстрацыя, і да дыска будуць прыкладзеныя даволі вялікія налепкі з імі, — распавядае Валерыя. — Адмыслова пад песню малявалі Міця Післяк, Аксана Лакоза ды Мілаш Яўгенавіч. З астатнімі проста супала, прычым, крута супала… Напрыклад, Руслан Вашкевіч прыслаў мне карціну, якая… ну дакладная “Finka”. Штосьці неверагоднае! Не ведаю, як так супала!”

Падчас канцэртнай прэзентацыі адбудзецца выстава арыгіналаў гэтых карцін. А пасля выступу Harotnica пачнецца afterparty з сябрамі-дыджэямі гурта: Стасам Мурашкам, Някрасавым і Shumaboyz.

Фота: Ігар Царукоў

Новости других медиа

Галоўнае

Выбар рэдакцыі