Гурт Trollwald (былы Litvintroll) сыграе новую праграму на "Калядным фэсце"

Гурт Trollwald (былы Litvintroll) сыграе новую праграму на "Калядным фэсце"

Гурт Trollwald, які ўтварыўся пасля таго, як вядомая беларуская каманда Litvintroll спачатку згубіла сваю назву, а пасля і зусім распалася, упершыню з'явіцца перад публікай з новым матэрыялам падчас сёлетняга "Каляднага фэсту", які пройдзе 25 снежня ў мінскім клубе Re:Public. Як распавялі музыкі ў інтэрв'ю сайту Вelmetal, са сцэны будуць гучаць у асноўным кампазіцыі новага праекта, аднак ад літвінтролеўскай спадчыны яны пакуль не плануюць зусім адмовіцца (за выключэннем песень “Чорная Панна”, “Каралеўская”, “Да Сябра”, “Лясун”, “Rock’n’Troll”, якія Trollwald граць больш не збіраецца).

Склад гурта таксама змяніўся, але, па словах лідара каманды Андрэя Апановіча, яго ўдзельнікі ўжо даўно знаёмыя.

Андрэй Апановіч: "Паўлік (Павел Аленчык), гітарыст, ужо граў у Litvintroll у 2009-2011 гадах. Ён удзельнік гурта, якога ўжо не існуе, Lost Regrets. Лёха (Аляксей Панкратовіч) таксама граў у Lost Regrets. Калісьці, яшчэ падчас існавання Litvintroll, я, Паўлік і Лёха зрабілі праект па стоўнэры, гралі ўтрох. Ну а калі ўсё здарылася, мы сабраліся, падумалі, што патрэбны ж басіст, і з гітарыстам Лёхам Жабуронкам адразу ўзгадалі Лёху Панкратовіча. Заадно і Пашу ўзялі. Падчас "Каляднага фэсту" сесійна з намі выступіць Алесь Чумакоў у якасці дудара".

Як раней распавядаў Апановіч, новы стыль гурта можна ахарактарызаваць, як "стоўнэр- дум-трэш з дудамі".

У бліжэйшых планах Trollwald — выступы на фестывалях і выпуск ЕР.

 

Фота: belmetal.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі