Запатэнтаваць назву любімага гурта ці брэнда можа кожны жадаючы

Музыкі Litvintroll на чале з лідарам Андрэем Апановічам развіталіся са сваім дударом і дырэктарам Васілём Верабейчыкавым. А ў дырэктара, што натуральна, апынуліся правы на назву Litvintroll. Цяпер кампанія фолк-металістаў мае два выйсці: ці памірыцца з Верабечыкавым і лічыцца з яго прапановамі, ці прыдумаць новую назву.

Увогуле зарэгістраваць таварны знак, калі ён вольны, можа кожны ахвотны. Алгарытм дзеянняў просты: запаўняеш заяву на сайце Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і плаціш пошліну. А потым чакаеш рашэння экспертызы, якая цягнецца каля паўтара года.

То бок, бярэш назву гурта, сайта, крамы ці чаго-небудзь яшчэ, калі яны не зарэгістраваныя, і афармляеш на сябе. Пры гэтым, можна ўвогуле не мець ніякага дачынення да брэнда.

"У вас будзе выключнае права на выкарыстанне таварнага знаку: вы можаце яго прадаць, некаму дазволіць ім карыстацца за ўзнагароджанне і г.д.", — кажуць у НЦІУ.



Невядома, колькі будзе каштаваць гурту Litvintroll уласная назва, калі, зразумела, Васіль Верабейчыкаў вырашыць яе прадаць таму ж Апановічу. Верагодна, калі мае месца прынцып, то аднойчы можна з'явіцца і новы гурт Litvintroll, прычым, з тым жа рэпертуарам. І калі нешта некаму не спадабаецца, сітуацыю зможа разруліць суд, распавядае юрыст Людміла Чэкіна:

"Рэпертуар застаецца за музыкамі, якія з'яўляюцца аўтарамі ці сааўтарамі. Выкарыстанне твораў, якія былі створаныя ў сааўтарстве, адбываецца па згодзе паміж сааўтарамі. Калі гэтая згода не дасягнута, яны могуць звярнуцца ў суд, каб ён вызначыў парадак іх выкарыстання".

Увогуле прэцэдэнты з назвамі і іх праваўладальнікамі не раз траплялі ў медыйную прастору. Так, летась музыку і мастаку Алесю Таболічу давялося тэрмінова рэгістраваць таварны знак "Tattoo Fest": фэст татуіроўкі з такой жа назвай і падобнай канцэпцыяй пачалі рэкламаваць арганізатары, якія не мелі ніякага дачынення да Таболіча.

"Мне напісалі: "Пакажы пасведчанне. І ўвогуле, Tattoo Fest — сусветная назва, — прыгадвае Алесь. — Я кажу, што прычым тут сусветная? Я не прэтэндую на сусветную назву. А кажу пра Беларусь. Tatoo Fest ёсць і ў Расіі, і ў Кіеве, у Львове і г.д. А я першы, хто зрабіў гэты фэст для беларусаў".


У выніку за паскораную рэгістрацыю назвы Таболіч заплаціў каля 1000 долараў. Затое канкурэнты адразу адмовіліся ад прэтэнзій і пераназвалі свой фэст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі