Гуркоў вызначыўся, куды пойдуць 45 мільёнаў, сабраных на чэмпіянат свету

Гуркоў вызначыўся, куды пойдуць 45 мільёнаў, сабраных на чэмпіянат свету

Віталь Гуркоў нарэшце абвясціў, куды пойдуць грошы з праекту “Народны чэмпіён”. Сума збіралася на ўдзел знакамітага тайбаксёра ў чэмпіянаце свету. Але спартыўныя чыноўнікі, калі падняўся шум, ўсё ж апомніліся і знайшлі фінансаванне на паездку Гуркова. Паўстала дылема, на якую ж карысную справу накіраваць грошы, сабраныя звычайнымі беларусамі.

“Хачу шчыра падзякаваць усім людзям, якія мяне падтрымалі. Сабраныя грошы я перадаю у свой родны клуб “Патрыёт”. Цяпер зала знаходзіцца ў жудасным стане. Аднак тут трэніруюцца не толькі дзейныя спартоўцы, але і шмат дзетак. Трэба рыхтавацца да верасня і стварыць у зале нармальныя ўмовы для трэніровак”, — тлумачыць чэмпіён свету.

 

Спартовы клуб “Патрыёт” месціцца ў падвале хрушчоўкі па вуліцы Валгаградскай у Мінску, гэта грамадскае аб’яднанне. Тут былі падрыхтаваныя байцы сусветнай значнасці, але тайбаксёры не атрымліваюць нейкіх значных субсідый ад дзяржавы. Муай-тай з’яўляецца адным з самых масавых адзінаборстваў на планеце, але не ўваходзіць у алімпійскую праграму.

“Таму мы робім рамонт сваімі намаганнямі, сваімі рукамі. Сабраныя грошы дапамогуць нам стварыць належныя ўмовы для падрыхтоўкі новых чэмпіёнаў”, — спадзяецца Гуркоў.

Нагадаем, што праект “Народны чэмпіён” запусцілі на сайце talaka.by, у сярэдзіне красавіка. Тады СМІ даведаліся, што паездка Гуркова на чэмпіянат планеты аказалася пад пытаннем. Байцу, які актыўна падтрымлівае беларускую культуру і выступае ў складзе гурта Brutto, дзяржава перастала плаціць зарплату. Як распавёў сам Гуркоў, кіраўніцтва Беларускай федэрацыі муай-тай і кікбоксінгу змусіла яго адмовіцца ад стаўкі ў Мінспорта. Таму адпраўляць чэмпіёна на планетарны форум у шведскі Енчопінг чыноўнікі не спяшаліся. Больш за тое, гучалі заявы, што з-за ўдзелу ў Brutto гэта ўжо зусім не той легендарны Гуркоў.

 

 

Гуркоў вызначыўся, куды пойдуць 45 мільёнаў, сабраных на чэмпіянат свету

Як толькі інфармацыя пра скандал трапіла ў СМІ, на сайце talaka.by быў адкрыты збор сродкаў на паездку Гуркова ў Швецыю. Неабходная сума (каля 62 мільёнаў) была сабраная цягам некалькіх гадзін.

Пасля гэтага чыноўнікі далі заднюю перадачу і знайшлі грошы на паездку ў дзяржбюджэце. Гуркоў выступіў на чэмпіянаце свету трыумфальна. У фінале ён "пабіў" аднаго з топавых тайскіх прафесіяналаў Экапхана Самбунсааба, які не прайграваў цягам чатырох гадоў.

Некаторыя ахвяравальнікі адклікалі грошы з праекта “Народны чэмпіён”, але ўсё адно на рахунку засталося больш за 45 мільёнаў рублёў.

Сустрэча Гуркова з заўзятарамі, якія прынялі ўдзел у праекце “Народны чэмпіён”, прайшла 5 ліпеня ў Мінску. 

Фота з залы "Патрыёт": Еўрарадыё

Фота з сустрэчы Гуркова з заўзятарамі: Даніэль Анохін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі