Эксперт: У інспектараў ДАІ такая практыка — хапаць матацыклістаў за руль

Эксперт: У інспектараў ДАІ такая практыка — хапаць матацыклістаў за руль

18 красавіка ў Мінску на перакрыжаванні праспектаў Машэрава і Незалежнасці адбылося чарговае ДТЗ, у выніку якога пацярпелі інспектар ДАІ і матацыкліст.

Па версіі Дзяржаўтаінспекцыі, размешчанай на сайце УДАІ МУС Мінгарвыканкама, экіпаж дарожна-патрульнай службы звярнуў увагу на матацыкліста, які парушаў правілы і быў без нумароў. Байкера дагналі на перакрыжаванні, калі ўсе спыніліся перад святлафорам. У гэты момант да матацыкліста і падышоў супрацоўнік ДАІ для праверкі дакументаў і разбіральніцтва. Але той паспрабаваў уцячы, пры гэтым наехаўшы на інспектара, а сам трапіў пад колы іншай машыны.

Па версіі самога байкера, інспектар схапіўся за руль і правярнуў ручку газа, а ён ад нечаканасці адпусціў счапленне, і матацыкл выехаў на скрыжаванне, дзе і адбылося сутыкненне з машынай інкасатараў.

Аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі сцвярджае, што супрацоўнік ДАІ не мае права браць матацыкл за руль.

“У іх ёсць інструкцыя, але больш за тое: як па Правілах дарожнага руху праводзіцца спыненне транспартнага сродку інспектарам ДАІ? Згодна з Правіламі: “жэстам рукі, жэзлам, гукаўзмацняльнай устаноўкай, калі ён едзе на машыне, альбо ўключэннем чырвонага маячка і сірэнай”. Усё. Кіроўца мусіць спыніцца. Больш за тое, у міліцэйскіх машынах цяпер стаяць відэарэгістратары, і ў іх заўжды будзе запіс таго, што нехта не спыніўся. Вось калі не спыніўся, то ў іх ёсць усе падставы прымяняць “сродкі прымусовага спынення”. Ёсць “вожыкі”, можна перакрыць нейкую вуліцу, што заўгодна можна зрабіць. Але такой меры спынення, як хапанне за руль, не прадугледжана. Па такой схеме ён машыну як будзе спыняць — заскокваць у кабіну і хапацца за руль альбо трымаць за колы ці бампер?” — задае рытарычнае пытанне эксперт.

Як ужо паведамляла Еўрарадыё, ні ў паведамленні ДАІ, ні ў складзеным на байкера пратаколе не ўказаны факт такой спробы спынення матацыкліста інспектарам ДАІ, як “хапанне за руль”. Але суразмоўца Еўрарадыё сцвярджае, што менавіта так найчасцей інспектары і дзейнічаюць у дачыненні да матацыклістаў.

Эксперт: У інспектараў ДАІ такая практыка — хапаць матацыклістаў за руль

Яны (інспектары ДАІ — Еўрарадыё) хапаюцца, і такое было ўжо не раз, за руль, каб рукі матацыкліста ад яго адарваць. А ўявіце сабе сітуацыю: калі руль крыху нахіліць, матацыкл паваліцца, асабліва калі вага ў яго добрая. Вось інспектар матацыкліста так за руку таргануў, той паваліўся, і яго машына пераехала — труп, не дай Бог. Хто будзе адказваць? А інспектар будзе даказваць: “Ды я не торгаў, я проста так!” А тут можа быць іншае: матацыкліста хапаюць за руку, рука саслізгвае з руля, але калі тваю руку зрываць, яна ненаўмысна можа адначасова “газануць”. Праверце, правядзіце эксперымент — менавіта такі вынік зрывання рукі з руля матацыкла і атрымаеце. 

Аляксандр Канапліцкі

Што да інфармацыі пра спробу байкера ўцячы з месца сустрэчы з “даішнікамі”, то тут, кажа суразмоўца Еўрарадыё, узнікае адно пытанне: калі ўсе дакументы ў матацыкліста ў парадку, а сам ён цвярозы, то які сэнс уцякаць? Не было нумароў? Тут няма дакладнасці: магчыма, нумарны знак адваліўся падчас руху, і матацыкліст яго падабраў і меў з сабой, да прыкладу, у заплечніку. Тады, кажа Канапліцкі, парушэння магло і не быць: чалавек мог ехаць “да месца рамонту”, маючы знакі пры сабе. Заехаў на трамвайныя рэйкі? Правілы і гэта дазваляюць у пэўных выпадках.

Але ёсць яшчэ адно, на што асабліва звяртаюць увагу ў ДАІ і ў паведамленнях дзяржаўных СМІ: байкер, што мае “ў актыве” 52 парушэнні правілаў дарожнага руху. У прэс-службе ДАІ Мінгарвыканкама Еўрарадыё ўдакладняюць: гэта і перавышэнне хуткасці, і дарожна-транспартныя здарэнні, і кіраванне ў нецвярозым стане. Але…

Аляксандр Канапліцкі: “А за колькі гадоў такая колькасць парушэнняў? Калі прайшоў год, то парушэння не існуе. Усё, я не прыцягваўся — толькі дзейныя парушэнні за апошні год!”

Падаючы інфармацыю пра 52 парушэнні правілаў, сайт УДАІ Мінгарвыканкама не ўдакладняе гэты момант. І толькі ў адказ на пытанне карэспандэнта Еўрарадыё ў прэс-службе адказваюць: за перыяд з 2007 года. Такім чынам, 52 парушэнні за больш як 8 гадоў. Парушальнік са стажам — так, але ці такі злосны і цынічны, як нам гэта спрабуюць падаць? Пытаннечка…

Але на гэтым гісторыя не заканчваецца. Вечарам таго ж 18 красавіка мінскія байкеры заяўляюць, што іх матацыклы масава адпраўляюць на штрафстаянкі на падставе неабходнасці праверыць нумары рамы на сапраўднасць. Яны лічаць, што пасля здарэння, у якім пацярпеў інспектар ДАІ, ім "аб'явілі вайну". Праўда, у ДАІ гэтыя абвінавачванні катэгарычна адмаўляюць. Кажуць, што з 15 па 29 красавіка “праходзіць Рэспубліканская прафілактычная акцыя “Мотарух без парушэнняў”. Што да “асобных” праверак на праўдзівасць дакументаў, то “такая праца праводзілася заўжды, праводзіцца і будзе праводзіцца — любы дакумент можа выклікаць падазрэнне ў сапраўднасці і па ім можа праводзіцца праверка”.

Тым не менш, у сацсетках з’явілася шмат гісторый ад людзей, якія менавіта пасля ДТЗ з удзелам матацыкліста і даішніка пазбавіліся сваіх матацыклаў. Ведае такія гісторыі ад сваіх сяброў-байкераў і Аляксандр Канапліцкі. Прычым ведае і падрабязнасці, як матацыклы забіралі “для праверкі на праўдзівасць нумароў на раме”. І яны не вельмі прыемныя.

Аляксандр Канапліцкі: “Ёсць Кодэкс, у якім дакладна вызначаны парадак правядзення экспертызы. Інспектар ДАІ — не тэхнічны эксперт, ён не можа вызначыць, сапраўдны нумар ці не. Выкліча эксперта, і эксперт паглядзіць. Калі эксперт не можа вызначыць на месцы, тады складаецца адміністрацыйны пратакол і выносіцца пастанова аб прызначэнні экспертызы. А не проста выманне! Але ніякай Пастановы няма ўвогуле ніводнай. Дык што гэта такое? Больш за тое, я ведаю, што прыязджаюць і са стаянкі забіраюць — матацыкл увогуле проста стаяў! Гэта абсалютна незаконна: парушэнне і Канстытуцыі, і ўсяго астатняга”.

У выпадках, калі ўладальніку матацыкла не далі на рукі пастанову аб правядзенні экспертызы, а толькі паперку аб “выняцці”, Аляксандр Канапліцкі раіць пісаць скаргі ў ДАІ і пракуратуру. 

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі