Дзіянаў: Людзі пішуць, што іх не задавальняе адсутнасць салідарнасці

Еўрарадыё: Па нашых звестках на сённяшнюю акцыю выйшлі ў Мінску і Магілёве. Ці ёсць у вас іншыя звесткі?


Вячаслаў Дзіянаў: “Насамрэч у некаторых гарадах проста не магчыма было падлічыць колькасць удзельнікаў, бо яны знаходзіліся ў натоўпе і не вылучаліся. Фармат акцыі быў такім, пры якім нельга назваць колькасць удзельнікаў. Ды мы і ацэньваем нашы акцыі не па колькасці ўдзельнікаў. І не толькі акцыі мы ацэньваем, а ўсю рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі як працэс, які працягваецца, яго дасягненні за ўвесь гэты час. І тое, да чаго ён рухаецца”.

Еўрарадыё: Сённяшняя акцыя была якаснай?


Вячаслаў Дзіянаў: “Усе акцыі, што былі за гэтыя паўтара месяцы, можна ацэньваць толькі комплексна, і яны былі якаснымі. Яны прывялі да таго, што Аляксандр Лукашэнка больш не можа апраўдваць рэпрэсіі законам, як ён рабіў раней, і яму хтосьці верыў...”.

Еўрарадыё: Колькі маўклівых чэргаў у адпаведнасці з канцэпцыяй акцыі можна было пабачыць сёння ў Беларусі? Бо, напрыклад, берасцейцы сказалі, што ім не спадабаўся фармат сённяшняй акцыі і яны вырашылі не выходзіць на яе.

Вячаслаў Дзіянаў: “Яшчэ тыдзень таму мы размаўлялі на гэтую тэму прынамсі з адміністратарамі. На людзей аказваецца ціск зараз. І таму мы заяўлялі і зараз паўтараем, што такім чынам акцыя пераходзіць у лакальны супраціў, які будзе ажыццяўляцца ў раёнах — у кожным горадзе, на кожнай вуліцы. Супраціў, не прывязаны да пэўнага дня. Тое што мы назіраем — змена фармату, хутчэй за ўсё. Ацэньваць акцыі трэба не па тым, больш ці менш людзей выйшла. Бо мы заўважылі, што колькасць пачала ісці на спад не сёння, а раней. Акцыя трансфармуецца. Людзі пішуць, што іх не задавальняе, што удзельнікі акцый не аб’яднаныя, не заступаюцца адзін за аднаго, што няма салідарнасці, няма зладжанасці ў дзеяннях. Таму мы пачынаем працаваць над тым, каб натоўп людзей рабіўся пратэстнай масай. Працуем над структураваннем. Заклікаем людзей у першую чаргу да аўтаномнай працы, да стварэння у сваіх рэгіёнах аўтаномных груп, якія будуць дзейнічаць як міні-арганізацыі. І гэтыя групы ўжо пачалі з’яўляцца”.

Еўрарадыё: Можа быць, зараз проста не той час для акцый, і трэба дачакацца восені?

Вячаслаў Дзіянаў: “Нам сапраўды кажуць: давайце пачакаем восені, людзі раз’ехаліся. Але пытанне ж не толькі ў гэтым. За гэтыя паўтара месяцы на людзей аказваўся вельмі сур’ёзны ціск. Было затрымана больш за дзве тысячы чалавек. Сотні былі арыштаваныя, сотні былі аштрафаваныя. Такіх татальных рэпрэсій не было ў Беларусі ніколі”.

Еўрарадыё: Ці не вынікае праблема кансалідацыі з таго, што ў людзей няма агульнай ідэі?

Вячаслаў Дзіянаў: “На ўсіх нашых улётках быў лозунг: “Хопіць цярпець!”. У кожнага чалавека ёсць свая праблема, якую ён не зносіць. Хтосьці не зносіць проста Лукашэнку, хтосьці не зносіць эканамічную сітуацыю. Мы павінны бачыць прычыну ўсіх нашых праблемаў. А ўсё астатняе — гэта наступствы: эканамічныя праблемы, палітычныя, маральныя”.

Еўрарадыё: Як на вашую думку будуць разгортвацца падзеі далей?

Вячаслаў Дзіянаў: “Я бачу гэта так, што будуць з’яўляцца лакальныя групы. Лакальныя акцыі будуць адбывацца па ўсёй Беларусі. Я маю на ўвазе масавасць не ў пэўнай кропцы, а масавасць дзеянняў і актыўнасці па ўсёй Беларусі”.

Фота: Ale.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі