Dzieciuki: Мы не тое, каб місіянеры, але нясем адукацыю і асвету

Dzieciuki: Мы не тое, каб місіянеры, але нясем адукацыю і асвету

З гуртом Dzieciuki Еўрарадыё сустракаецца ў мінскай студыі Everest, дзе гарадзенскія музыкі запісваюць другі альбом. Інструменты ўжо амаль цалкам прапісаныя, цяпер працуюць над упрыгожваннем ды харавымі спевамі ў песні “Давыдзя Гарадзенскі”. Вакалісты гурта Алесь Дзянісаў і Павел Трублін адрываюцца ад працэсу літаральна на дваццаць хвілін і параўноўваюць дэбютны дыск з будучым, распавядаюць пра сваю асветніцкую місію ды рознагалоссі з некалі роднымі субкультурамі.

Еўрарадыё: На ваш уласны погляд, ці будуць сур’ёзныя адрозненні ў дэбютнага “гарадзенскі гармідар” ды будучага “Рэха”?

Павел Трублін: Ён будзе вельмі адрознівацца не толькі па гуку, канцэптуальна, але і па самому падыходу да працы над ім. Першы дыск мы ж запісвалі такім наскокам. Проста заселі ў студыі на некалькі дзён пакуль не запісалі. А тут зусім па-іншаму. Мы шмат праслухоўваем тое, што запісалі, перапісваем, калі штосьці не падабаецца… Натуральна, часу гэта больш займае, але… Напрыклад, калі я яго цяпер слухаю, першы альбом, мне не падабаецца, як мы яго запісалі. З новым, спадзяюся, такога не будзе.

Еўрарадыё: Але гэта больш тэхнічныя моманты, а калі ўзяць самі песні?

Павел Трублін: Ну, ён будзе больш баявым, трошкі больш агрэсіўным… дарэчы, у музычным сэнсе ён мне таксама больш падабаецца.

Еўрарадыё: Алесь, а ты маеш, што дадаць?

Алесь Дзянісаў: Ды шмат чаго! Проста неяк пытанні ўсе да яго накіроўваюцца, дык я і чакаю (смяюцца). Па-першае, магчыма, я большы перфекцыяніст, але я пагаджуся, што першы альбом пісаўся трошку па-раздзяўбайску. Тут нельга казаць, што першы блін комам, бо альбом прынялі. Нягледзячы нават на ўсе хібы, якія там ёсць, і запіс, і ў ноты мы там не трапляем у пэўных момантах, і гэтак далей. Але пры гэтым адмаўляцца ад гэтага альбома мы не будзем. Больш за тое! Я ўпэўнены, што і ў новым альбоме будуць свае хібы, бо немагчыма запісаць на ўсе 200%, як ты хацеў бы ці мог. Адзінае, што іх будзе менш, менавіта праз больш адказны падыход.

Ну, а агулам па альбоме… Мінулы быў з пункту гледжання пасылу, тэкстаў ці ідэалогіі, як тут лепей сказаць, сапраўды быў гармідар. І п’янтосныя песні, і сур’ёзныя песні… карацей, усё было намяшана. А ў новым альбоме падышлі больш канцэптуальна. У ім будуць гістарычныя песні. Але будуць сярод іх і вясёлыя, з сатырай ды гумарам. Але сёр’ёзных будзе больш.

З музычнага пункту гледжання, я наадварот бы сказаў, што дэбютны альбом быў больш роўным. У новым музычны кантэнт будзе больш разнастайным. Не ведаю, мінус гэта ці плюс, але мне падаецца, што плюс. Бо мы паспрабавалі нават нейкія кантрыйныя моманты, ірландскія матывы, ёсць хардкоравыя матывы, і ўсе гэтыя накірункі аб’яднаныя, так бы мовіць, пад крыламі панк-рока.

Еўрарадыё: Вы кажаце пра тое, што дыск будзе гістарычным, але гэта даволі шырокае паняцце…

Алесь Дзянісаў: Мы не падаліся ў гісторыю ірландцаў ці зулусаў. Натуральна, гэта тычыцца гісторыі Беларусі. Дакладней, тэрыторыі, на якой знаходзіліся плямёны, якія пазней сталі беларусамі. Бо, калі мы спяваем пра таго ж Давыдзю Гарадзенскага, Беларусі яшчэ не было. Троху шырэй мы ўзялі, бо закранулі і сярэднявечча, узялі таго ж Давыда Гарадзенскага, Вітаўта, Касцюшку, амаль што сучаснасць — 1937 год…Але, каб мы выбіралі песні пад нейкую канкрэтную падзею, ці стагоддзе, то гэтага няма.

Павел Трублін: Прычым, у нас жа гэта не спецыяльна атрымалася! Тое, што ў нас усе песні на гістарычную тэматыку, мы зразумелі, калі паглядзелі трэк-ліст.

Алесь Дзянісаў: Нават больш. Мы, калі скончылі працу над “Гарадзенскім гармідарам”, ужо мелі некалькі песень, якія мы цяпер не выконваем. Яны ўжо былі зробленыя. Проста, у пэўны момант мы вырашылі выкінуць тыя песні, якія, нам падалося, не падыходзяць. Але я думаю, што мы да іх вернемся, давядзецца, праўда, Усё наноў узгадваць, але, можа, трэці альбом будзе гармідарным, хто ж ведае, як яно будзе.

Вось Скарына нёс асвету і мы таксама нясем асвету

Еўрарадыё: Пагадзіцеся, што гістарычная тэма не самая папулярная сярод беларусаў. Ды і ўвогуле для нашых афіцыйных асобаў гісторыя Беларусі пачынаецца з Кастрычніцкай рэвалюцыі, што таксама не дадае масавай прывабнасці вашым песням…

Алесь Дзянісаў: Любы музыка, як мне падаецца, павінен рабіць у першую чаргу для сябе. Не тое, што мы такія харошыя робім вось так, а калі вам не падабаецца, то ідзіце лесам. Не! Проста мы павінны рабіць тое, што нам самім падабаецца, і тое, што нам самім хочацца рабіць. Мне падаецца, што гэта вельмі важны момант для ўсіх камандаў і музыкаў, якія пачынаюць. Яны павінны самі сабе падабацца, павінна перці саміх ад сябе. А вось трапіце вы ў хвалю іншых людзей, ці не — ужо пытанне таго, наколькі вы былі энэргічныя, актуальныя і гэтак далей.

Мы разумеем, што мы не пойдзем у шырокае кола насельніцтва, каб, раз, і ўсе заспявалі нашы песні. Але ў Беларусі ёсць ужо нямала людзей, і асабліва сярод моладзі іх становіцца больш і больш, якія цікавяцца гісторыяй і заглядваюць за гэтую Кастрычніцкую рэвалюцыю, якія цікавяцца, а што там было. Вось гэтыя людзі, думаю, будуць нас слухаць. Менавіта за іх кошт, я спадзяюся, і будзе пашырацца наша аўдыторыя.

А мы ў сваю чаргу… ну не тое, каб нейкія місіянеры, але мы спяваем, і не толькі пра тое, як бы патанчыць, выпіць і з’ездзіць на Канары. Мы сябе ўсё ж атаясамліваем з нейкімі людзьмі, якія нясуць адукацыю. Скажам так, асвету ў нейкім сэнсе. А чаму б і не? Вось Скарына нёс асвету і мы таксама нясем асвету. Мы хочам распавесці, мы кажам пра тое, што гісторыя — гэта не ідэалогія. Мы кажам, што гісторыя мае некалькі поглядаў (два, тры, чатыры...). Дык давайце разбірацца, што правільна, а што замоўчваецца, а што называць чорным ды белым.

Еўрарадыё: Разам з новай праграмай рыхтуюцца якія-небудзь элементы шоў, касцюмы, відэашэраг?

Алесь Дзянісаў: Мы даволі сур’ёзна падышлі да гэтага пытання. Мы планавалі задзейнічаць дрэсіраваных сабачак, але ў іх не атрымлівалася трымаць бел-чырвона-белыя сцяжкі і махаць імі. Магчыма, проста ідэалагічна не тыя сабачкі нам трапіліся (смяюцца).

Павел Трублін: А калі сур’ёзна, то я не разумею, што гэта такое, шоў. Пасля канцэртаў да нас падыходзяць людзі і кажуць, што мы класнае шоў зрабілі. А пра што яны? Бо ў нас жа няма такога, што заўтра ў нас канцэрт і трэба апрануць чыстыя порткі ці пер’е. Загадзя мы не плануем. Мы проста выходзім на сцэну і выліваем з яе тое, што адчуваем. Як там пайшла энэргія, як там яно атрымалася, залежыць не толькі ад нас. Калі людзі ў зале будуць стаяць, то і мы таксама не будзем скакаць самі сабе. А калі яны пачынаюць скакаць, то і нас гэта таксама падштурхоўвае і ўсё, пайшло-паехала. Калі гэта шоў, то так, плануем!

Але нейкіх адмысловых фаер-шоў ці чаго іншага — не! Мы ж гурт, які пачынаў, ды і цяпер не далёка адышоў ад гаражоў ды канцэртаў, дзе проста не ведаюць такога слова, як шоў.

Алесь Дзянісаў: Ну, а відэашэраг нейкі мы зробім, я думаю. На прэзентацыі, мне падаецца, было б цікава, каб нейкія дакументальныя кадры з’яўляліся, ці тыя ж відэа з нашых кліпаў. Вось гэта можна зрабіць, бо мне падаецца, гэта не так ужо складана. Ну, а наконт астатняга я пагаджуся з Пашам. Мы ж да гэтага часу так і не вызначыліся са сваім знешнім выглядам на сцэне. Ну і з тым, як паводзіць сябе на сцэне. Я, напрыклад, не ўмею сябе паводзіць на сцэне, скажу шчыра!

Павел Трублін: І гэта бачна (смяюцца)!

Алесь Дзянісаў: Я сябе вельмі ўтульна адчуваю, калі ў маіх руках гітара, ці банджа, ці губны гармонік. А ў тых песнях, у якіх мы з Пашам проста спяваем, я адчуваю сябе… як мядзведзь на лёдзе! Ну не ўмею я модна скокнуць ці што падобнае. Я, шчыра кажучы, і танцы не разумею, як від мастацтва.

Павел Трублін: Бо ты не ўмееш танцаваць (смяюцца)!

Алесь Дзянісаў: Таму гэта будзе заўсёды мой мінус.

Павел Трублін: Мы абяцаем, што дадзім Алесю ў рукі гітару, каб ён увесь час з ёй стаяў, нават, калі не іграе.

Алесь Дзянісаў: Ну, буду хаця б галавой махаць (усміхаюцца).

Павел Трублін: Карацей, мне падаецца, што шоў — гэта калі ў слухача, гледача і музыкаў ёсць кантакт. Калі ён ёсць, то будзе феерычнае шоў, калі няма, то…

Мы прадалі правы на выданне дэбютнага альбома, але новы запісвалі ўжо за свае грошы

Еўрарадыё: Я тут падглядзеў творчы працэс, пакуль вы запісвалі бэкі для "Давыдзі Гарадзенскага" і ў мяне ўнікла пытанне. Падчас падрыхтоўкі да запісу, уласна падчас запісу ці былі моманты, калі апускаліся рукі ды хацелася закінуць гэтую няўдзячную справу?

Алесь Дзянісаў: Скажу так: па-першае, я, напэўна, самы дрэнны банджыст у Беларусі. Хоць іх усяго, можа, тры на краіну, але... Да таго ж, у мяне вельмі танны інструмент. Ён каштуе ўсяго 300 долараў. Не, ну яно такое, каб граць на рэпетыцыі, хапае. А так, каб запісваць… Тым больш, я паглядзеў на такія добрыя банджа, якія каштуюць 5000 долараў, 3000. Ды хоць бы за 1500 набыць, і тое было б добра. Бо гэтае банджа ўвесь час разладжвалася, гук ляцеў і для мяне самыя страшныя нервы былі, натуральна, падчас запісу банджа.

А астатняе ўсё ў парадку. Бываюць працоўныя моманты. Натуральна, бывае, што мы сварымся, адзін на аднаго наязджаем, але потым абдымаемся, жартуем, кажам, што ўсё супер і гэтак далей. Дзякуй Богу, мы ўсе разумеем адзін аднаго.

Еўрарадыё: Калі выйдзе альбом і ці будзе ён на фізічных носьбітах?

Павел Трублін: Натуральна, мы выкладзем яго ў сеціва, але будуць і дыскі ў якасці сувеніраў. Так жа, як мы рабілі і ў першы раз. Тым больш, што будзе даволі цікавае афармленне дыска, і мне падаецца, што людзям будзе прыемна мець такую якасную пласцінку ў калекцыі.

Алесь Дзянісаў: Па-першае, афармляе дыск тая ж мастачка Вера Стома. І ідэі яе, і яна ж малюе. Мы вырашылі, што не будзем адыходзіць ад супрацоўніцтва з ёй. Зразумела, што ў кожнага мастака ёсць свой стыль, ясна, што аздабленне новага альбома будзе адрознівацца ад папярэдняга, але стылістыка ў пэўным сэнсе будзе захоўвацца. А так, гэта будзе тая ж кніжка з тэкстамі і малюнкамі.

Дарэчы, да адрозненняў дадам яшчэ, што дэбютны альбом мы выдавалі не за свае грошы, мы прадалі права да выданне і выдаваць цяпер яго не маем права. Цяпер жа мы самі ўсё робім за ўласныя грошы. І цяпер мы маем правы на яго.

Што тычыцца выдання, то 4-га лютага мы плануем прэзентаваць ў якасці такога сінгла песню “Тадэвуш Касцюшка”. Як мінімум, палова песень новага альбома ўжо вядомая людзям, якія ходзяць на нашы канцэрты, бо мы іх выконваем. Песня пра Касцюшку сярод гэтых песень. А выданне мы вырашылі прысвяціць Дню нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, які акурат прыпадае на 4 лютага.

Сам альбом, я думаю, з’явіцца ў сеціве напрыканцы лютага. Прэзентуем мы яго на пачатку сакавіка ў Мінску, потым 12 сакавіка разам з Brutto зладзім двайную прэзентацыю ў Беластоку, ужо вядомая дата — 26 сакавіка ў Віцебску, будзе прэзентацыя і ў Гомелі, але пакуль дакладных дамоваў на дату няма. Берасце, Гародня, Магілёў — пакуль невядома. А потым плануем зладзіць невялічкі двухтыднёвы тур па Польшчы і Украіне, будзе гэта ў першай палове красавіка.

27 лютага ў Re:Public Dzieciuki выступяць на чацвёртай прэміі “Даём рады”

Еўрарадыё: 27 лютага адбудзецца чарговая цырымонія ўручэння музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады”, дзе вы будзеце выступаць. Што будзеце выконваць, можа, новы альбом?

Павел Трублін: Натуральна будуць песні і з новага альбома, але цалкам выконваць яго не будзем. Гэта будзе проста няшчыра перад наведвальнікамі ўласна канцэртных прэзентацый. Я лічу, што мы не так часта граем у Беларусі, каб кожны раз выконваць новую праграму. Ды і песень у нас не так шмат. Так што, усё будзе, як заўсёды (усміхаецца).

 

Dzieciuki: Мы не тое, каб місіянеры, але нясем адукацыю і асвету

Падчас уручэння прэміі "Даём рады", якое адбудзецца 27 лютага ў мінскім клубе Re:Public, сыграюць Neuro Dubel, "Дай дарогу!", Dzieciuki і :B:N:. Такім чынам Еўрарадыё ўжо ў чацвёрты раз падвядзе музычныя вынікі года. КУПІЦЬ КВІТКІ

Еўрарадыё: Пасля “Даём рады”, дзе Dzieciuki выступяць разам з іншымі яскравымі прадстаўнікамі беларускага панк-рока, Neuro Dubel і “Дай Дарогу!”, вы сыграеце ў Беластоку разам з Brutto. Што для нас значыць выступіць разам з Міхалком?

Алесь Дзянісаў: Што для нас значыць выступіць разам? Я крану толькі адзін аспект. Цяпер у радыкальна лявацкай тусоўцы, разам з рознымі нацыкамі і праварадыкаламі плююць у наш бок, маўляў, вы тыя і тыя, не такія і не такія, няправільныя… Атрымліваецца, што абодва нашы гурты знаходзяцца ў адной лодцы, якая адчаліла ад нейкага карабля, які ішоў сваім курсам і потым раптам яго прыпыніў. Мы адышлі ад шоў-бізнэсу, ад левых тусовак, выйшлі з залежнасці ад субкультур.

Любога панка з вуліцы спытай, што такое левы, што такое правы. Ён скажа, што правы — нацыст, левы — антыфашыст. Насамрэч, усё значна больш складана. Свет, які малююць яны ў сваіх субкультурах, чорна-белы. Нават нягледзячы на тое, што яны змагаюцца за рознакаляровы свет. Яны вельмі моцна заціснутыя ў пэўныя рамкі, правілы, яны вельмі цэнзураваныя ўнутры, апранаюць сабе на вочы шоры… Я гэта кажу, бо я доўгі час быў сярод іх. І ў выніку мы маем адны і тыя ж праблемы, адных і тых жа крытыканаў. Зыходзячы з рамак сваіх маленечкіх тусовачак, яны нас колюць: “няправільна, няправільна, у нас прынята так казаць і так спяваць! Нацыянальзмам гуляецеся, ага!”. Ну а з правага боку, зразумела, што мы ванючыя левакі, бо ў іх нацыя, Бог, кроў, а мы не такія, якім мусіць быць сапраўдны чыстакроўны арыйскі беларус (смяюцца).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі