Ці прыбяруць з беларускіх кавярняў і рэстаранаў залы для курэння?

Ці прыбяруць з беларускіх кавярняў і рэстаранаў залы для курэння?

У месцах грамадскага харчавання плануюць забараніць курэнне. Намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч паведаміла БЕЛТА, што новаўвядзенні прапісаныя ў адпаведным праекце дэкрэта. Пры гэтым чыноўніца расказала, што курэнне будзе забароненае, за выключэннем месцаў, наўмысна створаных пад гэтыя мэты.

Што гэта за месцы — курылкі на свежым паветры пры кавярнях ці столікі ўнутры іх, пакуль незразумела. Вядома толькі, што месцы павінныя адпавядаць патрабаванням МНС і Мінздароўя.

“На дадзены момант ва ўстановах грамадскага харчавання дастаткова проста рабіць залы для тых, хто курыць, — тлумачыць Віталь Навіцкі, афіцыйны прадстаўнік МНС Беларусі. — Але калі зменяцца законы і вырашаць, што павінныя быць спецыяльна адведзеныя месцы, то тут сапраўды пачне дзейнічаць сумесная пастанова МНС і Мінздароўя. У частцы пажарнай бяспекі патрэбна, каб не было мяккай гаручай мэблі, каб побач быў сродак пажаратушэння. Таксама там досыць вялікі набор, звязаны з санітарна-гігіенічнымі нормамі”.

Пакуль папулярныя мінскія ўстановы не спяшаюцца пераабсталёўваць залы для курэння.

“Калі закон выйдзе, зразумела, у нас адбудуцца змены, — каментуюць сітуацыю ў мінскім рэстаране “Грунвальд”. — Пытанне ўздымаецца ўжо некалькі год. Дарэчы, у адной з нашых кавярняў у цэнтры Мінска зусім не кураць. Для нас новы закон не будзе праблемай”.

Пад курэннем маецца на ўвазе не толькі спажыванне класічных тытунёвых вырабаў, але і электронныя цыгарэты ды кальяны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі